Выбрать главу

Я глядзеў на грошы зачаравана і не даваў веры яе словам. Для мяне грошы пахлі свабодай і цытрынавым парфумам. Гэта адбылося восенню, дваццаць пяць гадоў таму.

Жывёлы

У пад’ездзе завяліся ціхамірныя бамжы. Парачка — Яна і Ён. Пазбіраюць ноччу дыванкі па паверхах, пасцелюць пад кветкамі, паміж апошнім і перадапошнім паверхамі, і спяць... Пад кветкамі, пры вялікім акне. А па шкле дождж цячэ...

Я не супраць гэтых людзей, каб не цяжкі смурод. Амаль невыносны. Чатыры сабакі італьянскага дыпламата брэшуць і скуголяць, калі гаспадар выводзіць іх раніцай у двор, ірвуцца са шворак наверх. Яны б падралі і пагрызлі ціхамірных бамжоў, каб толькі гаспадар дазволіў. Чаму сабакі такія ненавісныя да бедных і няшчасных? Я гэта даўно заўважыў.

Кнігі

Мой сябар перад самай смерцю адпісаў выпадковым людзям сваю чатырохпакаёвую кватэру ў цэнтры Мінска, гараж у двары і вялізную бібліятэку... Кніг было больш за тры тысячы тамоў. З усёй маёмасці мяне цікавіла пяць кніжак — дарэвалюцыйныя і першых паслярэвалюцыйных гадоў. Сябар ведаў, што я — адзіны з яго блізкіх, каму тыя пяць кніг цікавыя і прынясуць радасць. Ведаў, але кнігі трапілі выпадковым людзям, яго суседзям, якія іх і не раскрыюць, магчыма...

Цяпер, калі згадваю кнігі, то з крыўдай згадваю і яго.

Свет

У Мінску дождж... Пры ўваходзе ў краму, у пад’ездзе, схаваўся смярдзючы бомж ды яшчэ з сабакам. Што такога зрабіў чорны цуцык гаспадару — не ведаю. Але бомж пачаў яго біць нагой. Сабака ўцячы не можа, бо на шворцы. Вішчыць, скуголіць, па мокрай падлозе качаецца. Я схапіў бамжару за плячо і добра шкуматнуў, адкінуў да сцяны. Бомж адразу зніякавеў, бо зразумеў, што яшчэ слова і я заеду яму ў азызлае рыла. А чорны цуцык раптам загырчэў і кінуўся на мяне. Хацеў за нагу схапіць. Каб не караткаватая шворка, то і цапнуў бы. Не сумняваюся. Бомж са сваім цуцыкам сышлі. А я раззлавана выпаліў цыгарэту... А што заставалася рабіць?

Свет несправядлівы.

Сябар

Мужчына ў гадах, з якім я сябраваў, аднойчы скрушна пачаў наракаць на жыццё, якое прымусіла яго займацца зусім не тым, чым яму хацелася. Ён і мяне засцерагаў не паўтарыць яго памылак. Гэта было гадоў пятнаццаць таму. Я нарабіў памылак горшых, чым мой сябар. І зразумеў, што адрозніваюся ад яго адно безвыніковым імкненнем тыя памылкі выправіць.

Хоць і ведаю, што памылкі можна толькі дараваць, а выправіць немагчыма. Сумна.

Калізей

Гэта, як у тэатры, калі акцёры далёка ўнізе, а ты на балконе. Спачатку яны спрачаліся, потым сварыліся. Потым яна заехала яму па твары, выбіла цыгарэту. Потым ён ёй. Потым зноў яна хацела ляснуць, але хлопец перахапіў яе руку, закруціў і ўдарыў па твары. У дзяўчыны пацякла з носу кроў, а ён пайшоў ад прыпынку. Яна пабегла следам. Ён спыніўся. Яна замахнулася, але ён яе апярэдзіў і ўдарыў хлёстка, наводмаш. Нешта сказаў. Спрытна пераскочыў праз чыгунную агароджу Купалаўскага сквера і падаўся да помніка. Яна крычала ўслед. Выцірала пабіты твар. Пачала пералазіць праз агароджу і ўпала. Яна бегла за ім. Ён стаяў пад дрэвам і чакаў. Ён выціраў насоўкай сваю запэцканую крывёй руку. Потым ёй твар. Потым яны сядзелі на лаве і палілі. Яна гладзіла яго руку.

Мне стала нецікава і я пайшоў дапісваць сцэнарый. Але не працавалася, і я вырашыў дарабіць рэпартаж з месца падзей. З прыпынку аўтобуса № 57, які пад вокнамі. На прыпынку было сем чалавек. Чацвёра мужчын і тры жанчыны. Каб хто скрануўся, усе сачылі за падзеямі са сваіх месцаў.

Лічбы

Чаму ў памяці застаюцца нумар аўтамата і вайсковай часці?

Нумар тэлефона дзяўчыны, якая даўно памерла?

Нумар старонкі, на якой пяць год таму спыніў чытанне «Уліса» (сотні непатрэбных нумароў захоўвае памяць). Ну, не для гэтага ж тэксту?

Пра мастацтва

Як хутка ператвараецца ў нішто большасць модных рэчаў — камп’ютары, відакі, бытавая тэхніка, аўтамабілі... А маленькая кніжка, якая каштавала капейкі, не старэе, перавыдаецца... І карціны Ван Гога, якія амаль нічога не каштавалі пры жыцці аўтара, сёння прадаюцца за дзясяткі мільёнаў...

Тэхніка — нішто, а мастацтва — усё.

Я набраў на камп’ютары і падзівіўся ў маніторы, якія роўныя атрымаліся радкі. Імгненне — і пяцьсот фрэндаў чытаюць...