Выбрать главу

З Леніным у Луцкевіча не было патрэбы сустракацца, бо ад Ракоўскага ён ведаў, што РСФСР прызнае БНР толькі тады, калі ў Беларусі будзе савецкая канстытуцыя і будзе абвешчана федэрацыя Беларусі і Расіі. У выніку перамоваў у Кіеве ўкраінцы аказалі беларусам істотную фінансавую дапамогу. У Празе Масарык абяцаў беларусам і Беларусі падтрымку і слова сваё стрымаў. З Сазонавым Луцкевіч не адзін раз сустракаўся ў Парыжы. І вынікам стала тое, што расійскі дыпламат публічна прызнаў права беларусаў на аўтаномію. Гэта быў відавочны прагрэс.

У Парыжы Луцкевіч сустрэўся і з Падарэўскім. Польскі прэм’ер запрасіў беларускага ў Варшаву. І Луцкевіч, які глядзеў на Польшчу як на сілу, варожую беларускай дзяржаўнасці, але прытрымліваўся прынцыпу, што перамовы трэба весці з усімі, паехаў у польскую сталіцу. Трэба было пачуць, што скажа Пілсудскі. Варшава стала для Луцкевіча пасткай. Палякі фактычна інтэрнавалі яго і пазбавілі магчымасці вярнуцца ў Парыж.

Да гэтага сюжэту Р. Лазько звярнуўся ў артыкуле «Спробы заключэння беларуска-польскага саюза ў 1919 г.» (2001). На жаль, новыя яго публікацыі на гэтую тэму я не сустракаў. Мне вельмі цікава, ці памяняў гісторык свой погляд на Пілсудскага як на федэраліста.Нехта ж паверыў і пусціў чутку, што інтэнцыяй начальніка Польскай дзяржавы было «ажыццяўленне ідэі федэрацыі з Польшчай тых дзяржаў, якія нараджаліся на ўсходніх тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай». І гісторыкі паўтараюць гэты тэзіс як мантру. Вялікадзяржаўнік Пілсудскі вёў палітыку манеўраў, хітравання, падману. Гісторык сам піша пра тое, як Пілсудскі хацеў учыніць пераварот у ковенскай Літве. Агульнавядома, як ён абышоўся з украінскімі саюзнікамі. Натуральна, што прызнаць БНР як незалежную дзяржаву Варшава была «абсалютна не гатовай». Напісаўшы гэта, Р. Лазько піша і пра тое, што дзеля міру Расія была гатовая аддаць Польшчы значную частку Беларусі. І Пілсудскі выдатна гэта ведаў. Які мог быць у Пілсудскага федэралізм? А вось у каго федэралізм мог быць, дык гэта ў бальшавікоў, перш-наперш у Леніна.

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ПАЛІТЫКА ЯК СРОДАК

Нацыянальнай палітыцы бальшавікоў, тэме «Ленін і Беларусь» Р. Лазько цягам апошніх гадоў прысвяціў шэраг артыкулаў. Ён адзначае, што нацыянальная палітыка разглядалася Леніным як сродак палітычнай барацьбы, што гэтай палітыцы ўласцівыя «маральны і тактычны рэлятывізм, непераборлівасць у сродках дзеля дасягнення пастаўленай мэты». Гэтая палітыка зведала эвалюцыю. Гісторык звяртае ўвагу на такія этапныя дакументы, як рэзалюцыі Паронінскай нарады 1913 г. і VII (Красавіцкай) канферэнцыі РСДРП(б) 1917 г.

Нагадаю, што на Паронінскай нарадзе бальшавікі прызналі права прыгнечаных народаў на самавызначэнне аж да аддзялення і ўтварэння самастойных дзяржаў. Але гэта была чыстай вады дэмагогія. Ленін у лісце да Сцяпана Шаўмяна так патлумачыў прыроду гэтай рэзалюцыі: мы прызналі права нацый на самавызначэнне таму, што ўсе астатнія агульнарасійскія партыі выказваюцца супраць яго. Партыйнаму таварышу Ленін прызнаваўся, што насамрэч ідэалам з’яўляецца цэнтралізаваная дзяржава.

У падобны спосаб Ленін дзейнічаў і ў 1917-м. У адным з артыкулаў Р. Лазько спасылаецца на ўспаміны беларускага сацыяліста-рэвалюцыянера Яўсея Канчара. Яму Ленін прызнаўся, што ён станоўча ставіцца да лозунгу аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай дэмакратычнай рэспублікі, бо разглядае яго як сродак барацьбы з Часовым урадам.

Калі дзеячы Часовага ўраду ва ўпор не жадалі бачыць беларускі рух і прыслухоўвацца да патрабаванняў беларусаў, то бальшавакі да яго прыглядаліся пільна. У жніўні 1917-га, звяртае нашу ўвагу Р. Лазько, Іосіф Сталін, якога Ленін выбраў экспертам у нацыянальным пытанні, пісаў пра “з’езды украінцаў, фінаў, беларусаў”. А сам Ленін у працы “Ці ўтрымаюць бальшавікі дзяржаўную ўладу?” у кастрычніку 1917 г. пісаў “пра немедленное аднаўленне поўнай свабоды для Фінляндыі, Украіны, Беларусі, для мусульманаў і г. д.”.

Р. Лазько піша: тое, што Ленін паставіў Беларусь у адзін шэраг з Фінляндыяй і Украінай, “дысануе з ацэнкамі беларускага руху, як недастаткова развітага ў параўнанні з рухамі іншых народаў, а такія ацэнкі нярэдкія ў нашай гістарыяграфіі”. Мы ж дадамо: яшчэ да кастрычніцкага перавароту Ленін ведаў, што перайграе ўсе іншыя палітычныя сілы Расіі, а заадно і Польшчу ў нацыянальным пытанні [1]. Іншая справа, што ніякай “поўнай свабоды” народам Расіі ад бальшавікоў чакаць не даводзілася.