БАЛЬШАВІКІ І ЎСЕБЕЛАРУСКІ З’ЕЗД
Бальшавіцкі пераварот паскорыў уцёкі народаў ускраін ад расійскага цэнтру, – піша Р. Лазько. 30 лістапада 1917 г. рэзалюцыю аб незалежнасці Эстляндыі прыняў Нацыянальны камітэт Эстоніі, 11 снежня Тарыба абвясціла аб аднаўленні незалежнасці Літоўскай дзяржавы, нацыянальныя арганізацыі Латвіі ў тыя дні выступілі з дэкларацыяй аб стварэнні Балтыйскай дзяржавы у складзе Курляндыі, Ліфляндыі і Эстляндыі. А раней, 20 лістапада, была абвешчана Украінская Народная Рэспубліка. (Праўда, украінцы, як потым і беларусы, не адразу заявілі аб разрыве дзяржаўнай еднасці з Расіяй.)
Р. Лазько зацікавілі два пытанні: чаму петраградскія бальшавікі далі згоду і грошы на правядзенне Усебеларускага З’езду і чаму менскія бальшавікі З’езд разагналі? «Цяжка паверыць ,– піша ён, – што Саўнаркам Заходняй вобласці і фронту… быў здольны выступіць супраць цэнтральнага органа ўлады – ленінскага Саўнаркама».
Р. Лазько згодны са сваім калегам Станіславам Рудовічам: дазвол на правядзенне Усебеларускага з'езду бальшавікі далі і таму, што іх улада яшчэ не ўмацавалася, і ў гэтай сітуацыі ім не выпадала рэзка супрацьпастаўляць сябе нацыянальным рухам, у якіх істотную ролю адыгрывалі сацыялісты. Быў і разлік на раскол гэтых рухаў.
Як вядома, ініцыятарамі Усебеларускага З’езду былі Вялікая Беларуская Рада і Беларускі Абласны Камітэт пры Усерасійскім Савеце Сялянскіх дэпутатаў. Народны камісар нацыянальнасцяў Сталін выбраў БАК. Бальшавікі, якім яшчэ не ўдалося манапалізаваць сялянскі рух, глядзелі на Усебеларускі з’езд як на з’езд сялянскіх дэпутатаў і жадалі, каб яго арганізатары супрацоўнічалі з Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў у Мінску. Вынікам з’езду павінна было стаць стварэнне Краёвага Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Гэта было вельмі важна для бальшавікоў, бо адзінага Савета рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў ўсерасійскім маштабе яшчэ не было.
Намер БАКа стварыць аўтаномную Беларусь не палохаў петраградскіх бальшавікоў, бо яны спадзяваліся, што БАК у супрацы з Абласным выканаўчым камітэтам Заходняй вобласці (Аблвыкамзахам) створыць Беларускую савецкую рэспубліку.
Немалаважная дэталь і тое, што «Сталін даў сваю згоду на скліканне Рады (насамрэч З'езду. – А. С.) толькі пры той умове, што гэта рашэнне будзе санкцыянавана Саветам Народных Камісараў Заходняга фронту» (Карл Ландар, якога цытуе Р. Лазько, чамусьці не лічыў патрэбным згадаць і так званую Заходнюю вобласць).
Такім чынам, дазвол на правядзенне Усебеларускага З’езду даваў і СНК Заходняй вобласці і фронту на чале з Ландарам. Адчуваючы сябе гаспадарамі, менскія бальшавікі накіравалі ў левую фракцыю З’езду свае прапановы. Адна з іх: “З’езд прызнае ўладу Абласнога Выканаўчага Камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходніяй вобласці і фронту і вылучаных ім органаў”. І ніякай Беларускай Рэспублікі, нават савецкай. Самае большае, на што маглі пайсці менскія бальшавікі, дык гэта стварыць камісарыят па беларускіх нацыянальных справах пры Аблвыкамзаху. На гэта не згаджаліся нават тыя сацыялісты, якія называлі сябе беларускімі бальшавікамі (Фабіян Шантыр, Усевалад Фальскі ды іншыя).
Р. Лазько нагадвае нам, што на пачатку снежня 1917 г. бальшавікі спрабавалі навязаць сваю волю Усеўкраінскму з'езду Саветаў. Калі гэта ім не ўдалося, яны са сваімі сатэлітамі пераехалі з Кіева ў Харкаў і там правялі альтэрнатыўны з’езд. На Усебеларускім жа З’ездзе у бальшавікоў не было такой колькасці прыхільнікаў, каб стварыць альтэрнатыву яму. Таму яны палічылі за лепшае разагнаць З’езд. Праўда, Р. Лазько піша, што бальшавікі мелі намер правесці ў лютым 1918 г. нейкае падабенства Усебеларускага З’езду, але не здолелі. Справа тут, пэўна, у жалюгодным стане Паўночна-Заходняй бальшавіцкай арганізацыі, які склаўся па стану на той месяц.
БЕЛАРУСЬ ЯК САВЕЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЯ РЭСПУБЛІКА
Большасць удзельнікаў Усебеларускага З’езду яшчэ захоўвала лаяльнасць да Расіі. А з тае прычыны, што гэтая большасць складалася амаль выключна з сацыялістаў, то лаяльная была яна і да бальшавікоў. Было спадзяванне, што Петраград, што самыя высокія інстанцыі не ўхваляць дзеянняў Савета Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту, які распарадзіўся разагнаць З’езд.
Гэтаму сюжэту і прысвечаны нядаўна апублікаваны артыкул Р. Лазько «Беларускае пытанне на ІІІ Усерасійскім з'ездзе Саветаў: канец ілюзій».