…Дык чаму ж Ленін і бальшавікі пачалі ствараць ССРБ пазней за іншыя савецкія рэспублікі на захадзе былой імперыі? У артыкуле «Першая спроба стварэння Беларускай Савецкай Рэспублікі» Р. Лазько адзначае, што ў бальшавіцкай партыі ў Беларусі «кадры карэннага паходжання амаль цалкам адсутнічалі». І яшчэ раз: ствараць савецкую рэспубліку ў Беларусі не было з кім, бо не было «надзейных, цалкам «сваіх», да таго ж уплывовых і вопытных людзей, здольных не толькі успрыняць ідэю нацыянальнай савецкай рэспублікі, але і пагадзіцца з яе падпарадкаваным, тактычным характарам».
І цікавае назіранне Р. Лазько: калі латышскія, літоўскія і некаторыя ўкраінскія камуністы з асцярогай ставіліся да ідэі нацыянальных рэспублік, бо гэта, маўляў, запаволіць рух іх краін да камунізму, то дзеячы левага крыла БСГ на чале з Жылуновічам, Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, узначаленай А. Чарвяковым, і нават левыя эсэры, якія паходзілі з Беларусі, «прынцыпова ставіліся да ідэі Беларускай савецкай рэспублікі», бо разглядалі яе «як сродак агульнага цывілізацыйнага ўздыму беларускага народа».
Нагадаю, што менавіта з былых сябраў названых палітычных арганізацый паўсталі беларускія секцыі РКП(б). Свежаспечаныя камуністы, стаўшы у канцы снежня 1918 г. сузаснавальнікамі КП(б)Б, складуць у ёй аснову нацыянал-камуністычнай плыні, якая нямала зробіць дзеля таго, каб Беларусь была беларускай.
[1] Пішучы, што бальшавікі, забраўшы 16 студзеня 1919 г. у склад Расіі тры ўсходнія беларускія губерніі, рэшту Беларусі былі не супраць аддаць Польшчы ў абмен на мір, Р. Лазько цытуе словы Леніна пра тое, што «польскім памешчыкам і капіталістам чужых земляў не ўтрымаць». І Ленін як у ваду глядзеў, скажам мы.