Выбрать главу

Дзверы адчыніў Сярожа. У свае дваццаць шэсць гадоў ён ужо адслужыў у арміі, змяніў тры інстытуты і нарэшце асталяваўся на кінастудыі. Ігару Сярожа чымсьці спадабаўся, і той пачаў браць яго з карціны ў карціну. На студыі Сярожу так і звалі: «3 трыма вышэйшымі». На свае гады ён выглядаў занадта інфантыльным, часта бянтэжыўся і ўсім імкнуўся дагадзіць. Ці не за гэтае яго і цярпелі? Сярожавы бацькі сынавых бадзянняў не разу­мелі, а ягонае імкненне да мастацтва наогул лічылі блазенствам, і дома ў іх ішла бясконцая вайна.

Убачыўшы Галіну, Сярожа радасна заўсміхаўся, замітусіўся вакол яе, дапамог зняць паліто.

— Ігар Сяргеевіч казаў, што ты прыйдзеш.

— А што, ён не ў камандзіроўцы?

— Не, зараз жа агучванне. — Сярожа не разбіраўся ў тонкасцях іх адносін і пра ўсё гаварыў шчыра, як на споведзі.

— А ты, як заўсёды, на падсяленні?

— Ды не, — трохі збянтэжыўся Сярожа, — Ігар Сяргеевіч сам прапанаваў у яго пажыць.

Потым яны пілі чай, і ёй зноў прыйшлося выслухаць падрабязны расказ пра здымкі ва Уладзівастоку.

— Сёлета буду паступаць, — сказаў Сярожа.

— На рэжысёрскі? — пацікавілася Галіна, стараючыся схаваць іронію ў голасе. Ігар аднойчы сказаў, што рэжысёр з Сярожы наўрад ці атрымаецда — мала дапытлівасці.

— Не, на аператарскі. Ігар Сяргеевіч лічыць, што ў мяне атрымаецца.

— Ігар Сяргеевіч лічыць... — перадражніла Галіна. — А свая думка ў цябе ёсць?

— Вядома, — апусціў вочы Сярожа. — Цікавая работа.

— Цікавая, цяжкая, няўдзячная. Колькі эпітэтаў адразу, цябе гэта не здзіўляе?

Сярожа паціснуў плячыма:

— Чаму няўдзячная?

— Таму што ў выніку ўсе лаўры пажынаюць рэжысёры.

— Ну ты і скажаш, — не згадзіўся Сярожа. — Добры аператар на вагу золата.

— Так, на вагу золата, пакуль здымаецца фільм. А як скончылі, дык пра яго і забыліся. Ніколі не забуду, як Паша Смірніцкі выцягнуў карціну Асмаловіча і як Асмаловіч тут во, за гэтым сталом, у вечнай любові да Пашы кляўся. А на прэм’еры? Асмаловіча ўсе віншуюць, рукі ціснуць, лезуць з пацалункамі, а Паша ў нейкім закуточку сядзіць, курыць, попел гэтак культурненька ў сметніцу страсае і сам сабе ўсміхаецца. Глядзець моташна! Быццам ніхто не ведае, што без Пашы ў Асмаловіча ўсе акцёры са здымачнай пляцоўкі паўцякалі б!

— Паша не прападзе,— сказаў Сярожа.

— Я не пра Пашу, я пра аператараў наогул і пра чалавечую падзяку ў прыватнасці.

Сярожа раптам рашуча выпрастаўся.

— Мне трэба ісці.

— Куды? — здзівілася Галіна. — Ты, мусіць, мяне спужаўся?

— Ды не, мне трэба. Праўда, трэба, — паўтарыў ён. — А ты б заставалася. — Сярожа ўпершыню адкрыта паглядзеў ёй у вочы, і Галіна зразумела, што ён усё ведае.

Калі дзверы за Сярожам зачыніліся, Галіна прайшлася па кватэры, зазірнула ва ўсе шуфлядкі. Як бы Ігар ні казырыўся, а ў халадзільніку пуста, пад ваннай — нямытая бялізна, у шафе — пакамечаныя кашулі. Галіна ўключыла прайгравальнік, паставіла пласцінку Джо Дасэна і падышла да акна.

Мокрыя шэрыя сняжынкі нячутна біліся аб шыбы і, павольна асядаючы на ліштвы, ператвараліся ў бясформенныя шэрыя камячкі. Да чаго ўсё шэра, маркотна, тужліва, падумала Галіна. Адны шэрыя будні. Прыйдзеш з работы, уключыш тэлевізар, адшчыкнеш кавалачак ад чужых радасцей ці гора і — спаць, не пакінуўшы ні кроплі эмоцый для сваіх блізкіх. I гэтак з дня ў дзень, год за годам, не агледзішся, як жыццё і праміне. Хоць бы ўспомніць што-небудзь прыемнае, але што?

Галіна падышла да пісьмовага стала, выцягнула верхнюю шуфлядку. Дзе ж пасведчанне? Раней яно заўсёды было тут. Дастала з-пад старой га­зеты, што закрывала дно шуфлядкі, вялікі белы канверт. Фотакарткі... Нешта напаўзабытае варухнулася ў памяці. Ігар каля гасцініцы, у якой яны жылі тым летам, калі яна ўпершыню прыехала да яго на здымкі. Калі ж тое было? Амаль чатыры гады таму. Галіна села ў фатэль, пачала разглядаць фотакарткі, успамінаючы сваё падарожжа.

6

...Дажджы, што няспынна лілі два тыдні, раптам аціхлі і змяніліся апракметнай спякотай. Супрацоўнікі рэдакцыі падзяліліся на два лагеры.

Тыя, што ішлі ў адпачынак, радаваліся жыццю. Тыя, што заставаліся, з нецярплівасцю чакалі выхадных, каб хутчэй вырвацца са змучанага сонцам горада. Хацелі браць па чарзе адгулы — за зіму іх назбіралася нямала,— але рэдактар адгулаў не даваў. I калі ён абвясціў, што ідзе ў адпачынак, Галіна падумала, што лёс злітаваўся над ёй.

Ігар быў у экспедыцыі і ўжо месяц зваў яе ў госці. Ён званіў з гасцініцы (за кошт карціны) кожны дзень у шэсць гадзін раніцы і роўна ў поўнач. Ігар здымаў тым летам сваю трэцюю карціну. Карціна была складаная, сцэ­нарый недароблены, і Ігар увесь час нерваваўся, лаяўся са сцэнарыстам, прымушаючы таго перапісваць сцэнарый.