— Кіно не тэатр,— казаў Ігар.— У кіно ўсё іграе: і зямля, і неба, і спіна героя. Навошта мне гэты набор слоў, калі тую ж думку я магу давесці да гледача іншым спосабам? — I ён тут жа пачынаў расказваць, як яму бачыцца тая ці іншая сцэна.
Яго апісанні былі такія вобразныя і так захаплялі, што Галіна толькі здзіўлялася, чаму гэты сцэнарыст упарціцца, калі і так усё ясна. Нарэшце, выматаўшы ўсім нервы, сцэнарыст здаўся і, праклінаючы той дзень, калі звязаўся з кінастудыяй, паехаў у санаторый загойваць душэўныя раны, а Ігар прыступіў да «латання ран» у сцэнарыі.
Апошнія дні званіў, праўда, не ён, а Сярожа, які сказаў, што Ігар Сяргеевіч на натуры, а на натуры няма тэлефона, і таму звоніць ён, Сярожа, каб Галіна не хвалявалася. А чаму яна павінна хвалявацца? Дык жа ўсе пахварэлі. Ад чаго? Ад кансерваў і мясцовай ежы... Ігар Сяргеевіч? О, ён адчувае сябе вельмі добра, бо галадае. Чаму галадае? Грошы скончыліся. Дажджы ж ішлі, а дажджлівага надвор’я ў сцэнарыі не было, вось два тыдні і чакалі, калі дажджы скончацца. А калі сядзіш без працы, сама ведаеш...
3 гэтай блытанай размовы Галіна зразумела, што грошы прапілі, пакуль ішлі дажджы, а цяпер, вядома, галадаюць.
Прыйшоўшы ў чацвер з работы дамоў, Галіна дастала вялікую сумку, паклала туды дзве палкі сухой каўбасы, тры банкі тушонкі, якую прывезла Алена Русаковіч, каб беларускі кінематограф не аслабеў, запякла дзве курыцы і падалася на вакзал.
Начны вакзал быў як у ліхаманцы. Усе кудысьці спяшаліся, мітусіліся, сутыкаліся і толькі каля білетных стоек аддыхваліся, становячыся ў доўгую чаргу.
Галіна выбралася з натоўпу, моцна трымаючы ў руках білет. «Усю ноч трэсціся ў агульным вагоне, — з жахам думала яна. — Можа, вярнуцца, паехаць заўтра?» Яна нерашуча апусцілася на лаўку. Ад цяжкай сумкі шчымелі далоні. Галіна асцярожна падзьмула на іх. Якая ж яна бездапаможная! А ён чакае...
Галіна ляжала на багажнай лаўцы, паклаўшы пад галаву вятроўку. А за акном плыла цемра. I ў гэтай цемрадзі было нешта змоўніцкае, сяброўскае. I Галіне здавалася, што ў цемры таксама ёсць свая радасць, ёсць свой світанак. Яшчэ колькі гадзін — і яны сустрэнуцца, зліюцца на імгненне, зажывуць адным жыццём, а потым разбягуцца, каб сустрэцца зноў.
«Ён, пэўна, прышле па мяне машыну, з кветкамі», — марыла яна ў паўдрымоце і амаль не адчувала рэзкіх штуршкоў цягніка.
...7 гадзін раніцы. Вецер даўно развеяў ранішні паўзмрок і цяпер забаўляўся тым, што ганяў па пероне брудныя паперкі і недакуркі. На сметніцах радаваліся жыццю тлустыя мухі. Каля цыстэрны з півам сабралася невялікая чарга. Яе ніхто не сустракаў. Галіна стаяла каля масіўных вакзальных дзвярэй, азіраючыся па баках. Першае жаданне — вярнуцца. Назаўсёды. Але цягнікоў у той бок не было. Яна пакорпалася ў кашальку, дастала дзве капейкі і зачынілася ў тэлефоннай будцы.
— Раз, два, тры, чатыры, — лічыла яна гудкі. На пятым — сонны голас. Любімы чалавек прачнуўся. Ён быў узрушаны і шчаслівы. Ён так чакаў яе, ён так чакаў яе... Галіна, не даслухаўшы, бразнула трубкай.
7
Ігар Сяргеевіч Раданевіч, рэжысёр, на якога ўскладалі вялікія надзеі, быў шчаслівы і разам няшчасны. Любімая тут, побач з ім. Яна яго талісман. У ёй чэрпаў ён сваю сілу.
Ігар Сяргеевіч не мог жыць адзін. У адзіноце ён задыхаўся. Яму трэба было гаварыць, гаварыць, разважаць, думаць уголас, аддаваць камусьці свае эмоцыі. А такі напал магла вытрымаць толькі жанчына. Дужая і закаханая. У яго, вядома.
Няшчасце ўсё было ў тым, што з-за мінулых дажджоў зрываўся выхадны, які быў запланаваны па графіку. Зрывалася лазня, рыбалка і шмат усяго, чым хацеў уразіць Галіну Ігар Сяргеевіч. Вядома, яна магла пайсці куды-небудзь у горад, але ён сказаў, каб яна засталася ў гасцініцы, бо ўсё роўна ён хутка вернецца.
Ігар пайшоў, і Галіна засталася адна. Яна выйшла на балкон. Раніца была сонечная-сонечная і свежая. Хацелася жыць і радавацца. Яна паглядзела ўніз. Ля клумбаў, на якіх раслі чырвоныя ружы, стаялі два студыйныя аўтобусы. Кіношнікі павольна выходзілі з гасцініцы і, чакаючы астатніх, садзіліся на лаўкі альбо проста на тратуар.
Цікава, падумала Галіна, як яны ўсе мяняюцца ў час здымак: пацёртыя джынсы, кепачкі з доўгімі казыркамі, стракатыя майкі, на нагах — шлёпанцы ці красоўкі. Нейкі паўвячэрні, паўпляжны стыль. Арыстакраты ў лагеры хіпі.
Галіна пашукала вачыма Ігара. Ён стаяў з аператарам ля ўваходу ў гасцініцу і ўзбуджана жэстыкуляваў. Потым, нібы адчуўшы на сабе яе позірк, задраў галаву і паглядзеў угору. Галіна памахала яму рукой. Некалькі кабет сінхронна павярнулі галовы ўслед за рэжысёрам. Хоць Ігар і не хацеў афішыраваць яе прыезд, Галіна была задаволена, што яе заўважылі. Як ні кажы, а тое, што ён, рэжысёр, вылучыў яе з вялікай колькасці прыгожых жанчын, з якімі штодзённа сутыкаўся на кінастудыі, узвышала яе ва ўласных вачах.