I зараз, калі стаяла на балконе і махала яму рукой, Галіна была ўпэўнена, што варта перажываць, пакутаваць, чакаць дзеля таго, каб хоць на імгненне адчуць вось гэткае шчасце.
Аўтобусы павольна, адзін за другім рушылі з месца. «Вось і ўсё, — падумала Галіна. — Ігар пачаў працаваць і пра яе забыўся, Ён ніколі не мог раздвойвацца. Гэта не азначала, што ён быў чэрствы альбо эгаіст. Проста ён быў такі. Чалавек, у якога каханне і работа існавалі паралельна і ніколі не скрыжоўваліся».
Сонейка пачало прыпякаць, і Галіна вярнулася ў нумар. Ігар займаў двухпакаёвы люкс з ваннай, тэлефонам і вялікай пярэдняй. Нядрэнна жывуць у экспедыцыях рэжысёры, бадай, лепш, чым дома. Фінская мэбля, мяккія фатэлі, дываны. За шклом серванта — кубкі, талеркі, фужэры, чаркі.
Разлічана на велікасвецкі прыём, падумала Галіна. У такіх абставінах жыць хочацца вольна, а раніцу пачынаць з шампанскага. I ўсё ж адчуваецца, што мужчына жыве тут адзін. На крэслах — раскіданыя рэчы, пад канапай — газеты, на стале — завялыя кветкі. Яна наліла свежай вады ў вазу, падрэзала сцяблінкі, павесіла ў шафу вопратку, зварыла моцную каву, паставіла яе астываць, а сама села ў спальні за пісьмовы стол. Паперы, паперы, нататкі на каляндарных лістках. Зусім як у яе ў рэдакцыі. Узяла са стала адкрытую кнігу. Хемінгуэй. Любімы пісьменнік, які заўсёды пры ім. Калісьці, яшчэ на пачатку іхняга знаёмства, ён сказаў: «Я хачу навучыцца здымаць так, як пісаў Хемінгуэй. Няўлоўнае рабіць не толькі ўлоўным, але і будзённым. Толькі тады я маю права сказаць: «Так, я прафесіянал». А пакуль усё, што ты бачыш, — гэта рамесніцтва».
У ацэнках сябе і іншых Ігар быў бязлітасны, і Галіна ведала, што працаваць з ім цяжка. Аднак жа яго любілі і ахвотна ішлі ў яго групу.
— Чаму? — задумаўся ён, калі Галіна спыталася пра гэта. — Таму што ў мяне ўсе занятыя. Мне патрэбны адданыя людзі, зацікаўленыя ў сумеснай справе. А для гэтага важна, каб кожны — і цясляр, і грузчык, — адчуваў сябе патрэбным. Хай не мне, а карціне. Мне ўсё адно. Галоўнае, каб нiхто не сноўдаўся без справы. Няма работы — прыдумаю. Прымушу пераставіць святло, змайстраваць стол, а потым скажу, каб разабралі яго. Хай яны бачаць у гэтым творчы пошук, хай мой капрыз. Мая мэта — захаваць ва ўсіх рабочы настрой. А як? Гэта ўжо іншая рэч.
Галіна ўзяла кнігу і пайшла ў гасціную. На пісьмовым стале яна ні да чога не дакранулася. У гэтым яны былі салідарныя. Hi ён, ні яна не любілі, каб адзін корпаўся ў паперах другога. Села ў фатэль, прысунула да сябе газетны столік, маленькімі глыткамі пачала піць каву.
Аднойчы ён прызнаўся, што марыць зрабіць фільм паводле апавядання Хемінгуэя «Белыя сланы».
— Уяўляеш, як было б здорава! Фільм пра каханне, якому суджана пагібель, якому ніколі не рэалізавацца. Крык душы, а вакол вакуум, абсалютнае неразуменне, нямая, выпаленая спякотай прырода і ўзгоркі, падобныя на белых сланоў. — Ён уздыхнуў, — На жаль, гэта толькі мара. Як і белыя сланы.
— Чаму? — спыталася Галіна.
— Ёсць рэчы, якія не паддаюцца кінематографу, апроч таго не нарадзіўся пакуль другі Хемінгуэй, які здолеў бы напісаць адпаведны сцэнарый... I яшчэ па многіх прычынах.
— Але чаму ты хочаш зняць фільм пра каханне, якому суджана пагібель? — дапытвалася Галіна.
— Каханне — як раса на траве: высахла і пагасла, — замест адказу працытаваў ён.
— Ты не верыш у каханне, — ціха сказала яна.
— Я не веру ў вечныя ісціны, — сур’ёзна запярэчыў ён і прыхінуў яе да сябе.
— Але ж я кахаю цябе.
— Ці надоўга? — Ён з усмешкай зірнуў ёй у вочы.
Калі яна пакахала яго? Успамінала Галіна. Спярша была зацікаўленасць. Ён мала расказваў пра сябе, больш задаваў пытанні і слухаў. Пра першую жонку сказаў, як адрэзаў: «Развяліся, і ўсё». Пра маці з бацькам: «Памерлі адно за другім». Але аднойчы...
Яна вярнулася з пахавання. Хавалі супрацоўніцу Алены Русаковіч Наташу Глушчанка, маладую дзяўчыну трыццаці гадоў, якая памерла ад белакроўя. Але людзі лічылі, што гэтую смерць паскорылі яе родныя: бацька і мачаха. Гэта было дзіўнае пахаванне, на якім людзі не падыходзілі ні да сястры, ні да бацькі, не выказвалі ім свайго спачування. Гэта было пахаванне, на якім наспявала сварка, і толькі бязмежная павага да нябожчыцы ды прысутнасць карэспандэнта — бо Галіна прыйшла знарок, каб напісаць артыкул, — папярэдзілі яе.