— Давай памянём тваіх бацькоў.
Напэўна, у той вечар яна ўпершыню ўсвядоміла, што кахае яго. Нейкае мацярынскае пачуццё нарадзілася ў ёй, хацелася быць з ім лагоднай, пяшчотнай. I яшчэ яна паверыла ў яго, бо лічыла, што мужчына, які так любіў і шанаваў сваю маці, ніколі не пакрыўдзіць жанчыну.
Галіна дапіла каву і доўга глядзела на дно шклянкі, нібы спрабуючы прачытаць сваю будучыню.
8
Луг, з двух бакоў нібы ўзяты ў абдымкі яловым лесам, разразаў пасярод імклівы вузкі ручай. Пад кустамі арэшніку, на высокім узгорку, сядзелі вяскоўцы: загарэлыя дужыя хлопцы ў майках, жанчыны ў стракатых хустках, маладыя дзяўчаты ў паркалёвых выцвілых сукенках, некалькі дзядоў у цёмных кепках, з абветранымі, зарослымі сіваватым шчаціннем тварамі. Нават спякота не змусіла старых зняць прывычныя пінжакі. На траве — некалькі веласіпедаў. Каля ручая, на самым санцапёку, стаялі блакітныя студыйныя аўтобусы. Непадалёк ад іх загаралі акцёры, не занятыя цяпер на здымцы. Зусім блізка ад здымачнай пляцоўкі стаялі басанож хлапчукі і з захапленнем назіралі за аператарам. Кожнаму карцела паглядзець у «вочка» камеры, памацаць яе рукамі, але рэжысёр катэгарычна забараніў ім набліжацца да аператара, і яны з нецярпеннем чакалі, калі ў акцёраў будзе перапынак.
— Адкуль кот?! Адкуль узяўся гэты кот?! — раптам зароў аператар і спыніў камеру.
Усе павярнуліся. I сапраўды: у цэнтры здымачнай пляцоўкі, выгнуўшы спіну і ашчацініўшыся, сядзеў чорны кот і нахабна варушыў вусамі.
— Псік! — закрычаў адзін з асвятляльнікаў і пранізліва свіснуў. Кот стрымгалоў кінуўся прэч.
— Так, — Ігар рушыў да хлапчукоў, якія былі спужаліся і адразу пачалі павольна падавацца назад. — Чый кот? — сурова спытаў ён.
Хлапчукі спадылба пазіралі адзін на аднаго.
— Я пытаю, чый кот? — яшчэ больш сурова сказаў Ігар.
— Мой,— шэптам адказаў ці не самы маленькі хлопчык гадоў шасці і на ўсякі выпадак адышоўся.
— Ты навошта яго прынёс?
— Здымацца, — яшчэ цішэй сказаў хлопчык.
— Паслухай, Іванка, — Ігар прысеў на кукішкі, — учора ты прынёс пеўня, сёння — ката, а заўтра што, карову прывядзеш?
Хлапчукі, адчуўшы, што небяспека мінула, захіхікалі.
— Не, — адмоўна крутнуў галавой Іванка, — карову мамка не дасць.
— Ну, дзякуй богу! — Ігар з палёгкай уздыхнуў, падняўся і, павярнуўшыся да акцёраў, гучна аб’явіў: — Таварышы, можаце не хвалявацца, каровы не будзе!
Навокал засмяяліся.
— Ану марш адсюль, і каб духу вашага не было, а не то... — Аператар, які падышоў ззаду, памахаў у паветры дубцом.
Хлапчукі кінуліся наўцёкі.
— Ігар Сяргеевіч, старшыня едзе! — падбегла адміністратар групы Ганна Гаўрылаўна.
Па дарозе, што вузкай палоскай цягнулася ўздоўж лесу, пыліў, нязграбна падскокваючы на выбоінах, белы «Масквіч». Ігар, не спяшаючыся, пайшоў яму насустрач.
Ля ўзгорка, на якім сядзелі калгаснікі, «Масквіч» рэзка затармазіў, і з машыны паказалася невысокая, круглая, нібы шарык, фігура старшыні. Шырока ўсміхаючыся, ён моцна паціснуў руку Ігару, па-змоўніцку падміргнуў яму і скорагаворкай паведаміў:
— Артыстак прывёз. Як дамаўляліся. Усе актыўныя, у самадзейнасці ўдзельнічаюць, галасістыя: запяюць — на другім канцы вёскі чутно. — I, павярнуўшыся да калгаснікаў, закрычаў: — А гэта што яшчэ за вячоркі? Ці работа скончылася? Савеліч, табе хто грошы плаціць? Я альбо кінастудыя? А ты, Касач, дзе свой трактар пакінуў? Я табе раніцай што загадаў?
— Ну што ты гэтак во адразу? — прымірэнча сказаў, узнімаючыся з травы, высокі, сутулаваты мужчына. — У мяне на ўчастку парадак, усіх шэфаў з інстытута работай ахапіў.
— Ну малайчына! — Ад абурэння ў старшыні пачырванеў твар і шыя. — Шэфы робяць, а ён адпачывае.
— Ты, Цімафей Піліпыч, няправільна сучасны момант разумееш,— уступіў у размову малады хлопец з вузкімі прыжмуранымі вачыма. — Мы тут дзеля чаго? Каб рэжысёра ў галіне сельскай гаспадаркі кансультаваць. Каб праўду жыцця на экране захаваць. А то глядзіш іншы фільм і морду таму, хто яго здымаў, набіць хочацца. Касіць, — хлопец павысіў голас, — не ўмеюць! Правільна я кажу, таварыш рэжысёр? — Ён хітравата падміргнуў Ігару.
Але адбіцца жартам яму не ўдалося. Круглы твар старшыні раптам выцягнуўся, жылы на шыі выразна запульсавалі, і па тым, як калгаснікі заварушыліся, як хлопцы пасунуліся да сваіх веласіпедаў, Ігар падумаў, што зараз старшыня нешта «выдасць». Але той толькі стомлена махнуў рукой.
— Бачылі? — звярнуўся ён да Ігара.— Крытыкі, кансультанты... Зусім расперазаліся. Я вам такую праўду жыцця пакажу, — зноў закрычаў ён,— забудзеце, дзе жыццё, а дзе праўда!