Праз хвіліну ўсю моладзь з узгорка нібы ветрам здзьмула. Засталося толькі некалькі немаладых жанчын і дзядоў.
А старшыня, які ўжо супакоіўся, паглядзеў у бок сваёй машыны і здзіўлена працягнуў:
— А што ж гэта нашы прыгажуні на свет божы ніяк не вылезуць? Мо зусім ад сонца расталі? Гэй, дзяўчаты, выходзьце! — закамандаваў ён.
I тут адна за другой з машыны паказаліся тры рослыя, паўнагрудыя дзяўчыны ў яркіх шаўковых сукенках, з аднолькавымі пышнымі прычоскамі і нафарбаванымі цёмна-бардовай памадай вуснамі.
Убачыўшы іх, Ігар сеў на траву, схапіўся за галаву рукамі і пакаціўся ад рогату. Дзяўчаты, якія менш за ўсё спадзяваліся на такі прыём, пачырванелі і, разгублена пераступаючы з нагі на нагу, камячылі свае сукенкі. Старшыня, нічога не разумеючы, здзіўлена паглядаў то на іх, то на Ігара. Заўважыўшы, што ля машыны адбываецца нешта незвычайнае, падышлі некалькі акцёраў і аператар-пастаноўшчык. Аператар, які адразу зразумеў, у чым справа, махнуў рукой, вылаяўся і пайшоў прэч. Акцёры, добразычліва ўсміхаючыся, разглядалі дзяўчат. Нарэшце адна з іх не вытрымала і, ледзь стрымліваючы слёзы, закрычала:
— Як вам не сорамна! Самі запрасілі здымацца, а цяпер здзекуюцца!
Ігар падняўся з травы і, усё яшчэ пасмейваючыся, сказаў:
— Даруйце, дзяўчаты! Непаразуменне атрымалася. — Ён падышоў да старшыні. — Цімафей Піліпыч, я вас каго прасіў прывезці? Даярак, проста з фермы. А вы мне іх з цырульні даставілі ды яшчэ ў святочных сукенках.
— Ды хто ж ведаў?.. — развёў рукамі старшыня. — Я ж хацеў як лепш.
— Ну добра, — рашуча сказаў Ігар, — Ганна Гаўрылаўна, зараз жа дзяўчат да грымёраў, хай прывядуць іх у парадак. А вы застанецеся? — спытаў ён старшыню.
— Дзе там! — замахаў той рукамі. — I так вунь колькі часу з вамі бавіўся. — Ён сеў у машыну. — Усяго добрага! Да сустрэчы! Калі што трэба — звяртайцеся!
Ігар задумліва абвёў позіркам здымачную пляцоўку, паглядзеў на сонца, што высока вісела над лугам.
— Ганна Гаўрылаўна, аб’явіце перапынак, — стомлена сказаў ён і рушыў да аўтобуса, ля якога сядзеў другі аператар Вадзім і раскладаў на траве бляшанкі са стужкай.
— Таварыш рэжысёр! — Ігар раптам пачуў за спіной тонкі голас. Ён павярнуўся і ўбачыў дзвюх хударлявых дзяўчынак гадоў дзевяці-адзінаццаці. Яны цягнулі вялікі жоўты бітон. — Гэта вам мама казала перадаць. Кіслае малако. Халоднае-халоднае!
— Ах вы, мае мілыя! Ах, прыгажунечкі! — Ігар абняў дзяўчынак за плечы і расцалаваў, ад чаго тыя адразу зачырванеліся. — Ну дзякуй! Ну дагадзілі! А як жа зваць вашу маму?
—· Мама Каця, — у адзін голас адказалі дзяўчынкі.
— Ну дык вялікае-вялікае дзякуй вашай маме!
Дзяўчынкі згодна кіўнулі і пабеглі ў вёску, а Ігар узняў бітон над галавой і закрычаў:
— Гэй, грачы! Налятай, частуйся!
— Да нас нясі! — махнуў рукой аператар-пастаноўшчык.— Я выдаваць буду. Рубель за шклянку. За другую — два рублі.
— А чаму за другую — два рублі? — спыталася грымёр Наташа.
— Як чаму? — здзівіўся аператар, — Дэфіцыт!
Ігар сеў на траву, паставіў бітон між ног, зняў накрыўку і з асалодай удыхнуў свежы пах кіслага малака.
— Эх, смаката! Нажом рэзаць можна, — сказаў ён.
Пілі па чарзе, бо шклянак не хапала.
— Добра, што свет не без добрых людзей, — сказала Ганна Гаўрылаўна.
— Трэба з гэтай мамай бліжэй пазнаёміцца, — сказаў аператар-пастаноўшчык. — Увечары заедзем, падзякуем.
— Глядзі, каб цябе там тата дручком не сустрэў, — усміхнулася Ганна Гаўрылаўна.
— Тату бяру на сябе, — сказаў Вадзім, распростваючы плечы і напружваючы мускулы.
Ігар з шклянкай у руках адышоўся ўбок, сеў на траву, нетаропка пачаў піць кіслае малако. Ён паспрабаваў засяродзіцца на наступным эпізодзе, але думкі ці ад спякоты, ці ад стомы былі блытаныя, вялыя. Тады ён адставіў шклянку, лёг на траву і паспрабаваў расслабіцца.
Ляжаў, прыжмурыўшы вочы, слухаў. Яму здавалася, што паветра дрыжыць ад стракатання конікаў, якія хаваліся ў высокай траве, і дзумкання пчол. Сіняя прыгожая стракозка, даўжынёй з запалку, праплыла над ягоным тварам, рэзка хіснулася ўбок і замерла, выставіўшы ўгору свае бліскучыя празрыстыя крылцы. Ігар з цікавасцю назіраў, як яна, нібы падвешаная на нітачцы, лунае ў паветры.
«Як добра адключыцца ад усяго, — нечакана падумаў ён. — Пасяліцца ў якой-небудзь глухмені, ляжаць на траве, глядзець на далёкае бясхмарнае неба і ні пра што не думаць!» Раптам здалося, што ён пачынае разумець імкненне свайго героя збегчы ад гарадской мітусні, і думкамі зноў вярнуўся да работы...