Выбрать главу

Ігар падняў яшчэ адзін лісток і адразу наткнуўся на свой партрэт:

«Ён мала смяецца, але вочы ў яго добрыя. Позірк пранізлівы і засяроджаны, як у чалавека, які спасціг самую сутнасць і імкнецца данесці яе ў цэласці да сваёй свядомасці».

Ігар усміхнуўся: вось якім убачыла яго гэтая дзяўчына.

Ён пакінуў лісты на падлозе, патушыў святло і толькі хацеў быў пайсці на балкон пакурыць, як яна прачнулася. Нават зараз, успамінаючы тую ноч, ён не мог растлумачыць, што з ім тады адбылося. Узбуджэнне, у якім ён жыў некалькі дзён перад прэм’ерай, змянілася апатыяй, стомленасцю, і ў той жа час, убачыўшы Галіну, якая так мірна і даверліва спала ў яго кватэ­ры, упершыню пасля смерці маці ён зведаў пачуццё спакою, нібы пасля доўгага бадзяння вярнуўся ў дом, дзе нехта чакаў яго. Упершыню ў гэтай ква­тэры, куды ён пераехаў пасля разводу і да якой ніяк не мог прывыкнуць, яго пакінула пачуццё адзіноты, цяжкага смутку, уласнай непатрэбнасці. Як гэта магло атрымацца вось так проста? Toe, ад чаго ён шукаў уратавання ў віне, у мімалётных раманах, у працы, схлынула ў адзін момант, нібы змытае марскім адлівам, і застаўся голы бераг — чысты, некрануты. Штосьці новае абудзілася ў ім. Не, гэта не было каханне. Гэта была боязь страціць яе, гэтую дзяўчыну. I гэтая боязь заглушыла ў ім у тую ноч усе іншыя пачуцці.

А ўранку яму прысніліся белыя матылі, і ён прачнуўся нібы нанова народжаны. Ляжаў і думаў, што Галіна прынясе яму шчасце. Ён меўся пайсці ў адпачынак, паехаць у горы, але пабаяўся, што, калі вернецца, яна пра яго ўжо забудзе.

9

Галіна паглядзела на гадзіннік. Як марудна цягнецца час! Вось так заўсёды: на рабоце марыш пра тое, каб адпачыць, а як знойдзецца вольная гадзіна, не ведаеш, чым і заняцца. Нават у горад не хочацца выходзіць. Ды што цікавага яна тут убачыць? Такія ж, як паўсюль, стандартный дамы, заклапочаныя людзі, пустыя магазіны, доўгія чэргі ў кафэ, дзе, дарэчы, няма нічога смачнага, некалькі кінатэатраў, Дом культуры побач з аддзяленнем міліцыі, каб апошняй было зручней «перавыхоўваць» наведвальнікаў такіх культурна-масавых мерапрыемстваў, як танцы. I хто наогул прыдумаў гэтыя дамы культуры, гурткі мастацкай самадзейнасці для дарослых?! Чаму прафесарам не прапаноўваюць паспяваць пасля работы ў народным хоры, а рабочых і калгаснікаў усіх трэба ахапіць, арганізаваць?! I як абрыдла пісаць пра гэтыя мерапрыемствы! А што рабіць? Над ёй начальства, якое патрабуе асвятляць, як шырыцца ў рэспубліцы сетка дамоў культуры, як ве­села і як цікава там бавіць вольны час насельніцтва. I вось прыязджаеш у раённы цэнтр, дзе няма ніводнага сквера, ніводнай прыгожай лавачкі, ніводнага прыгожага будынка, але ёсць Дом культуры, селішся ў завэдзганай гасцініцы, у пакоі з рыпучай драўлянай падлогай, са сценамі, пафарбаванымі ў брудны зялёны колер, і абабітай тынкоўкай, глядзіш на павуцінне, што звісае са столі, на акно, якое калі і мыюць, дык адзін раз у год — на суботніку, і думаеш: «Вось дзе яна, культура!» А потым сустракаешся з дырэктарам ці галоўным метадыстам, для якіх прыезд сталічнага карэспандэнта раўназначны стыхійнаму бедству, глядзіш разам з імі планы, слухаеш, колькі мерапрыемстваў праведзена, колькі людзей ахопллена, як сучасная моладзь любіць народныя песні, а на танцах танцуе вальс і крыжачок, і адчуваеш сябе ўдзельнікам гуртка «Хто каго перахлусіць». I, з аднаго боку, шкада гэтых людзей, якія нічога не бачаць у сваім жыцці, жывуць у агідных умовах, а з другога боку, злосць бярэ — чаму ж да сябе вы такія неахайныя?! Чаму ў суседняй Прыбалтыцы кожны дворык, кожны гарадок мае сваё аблічча, захоўвае нацыянальныя рысы, уражвае самабытнасцю?! Чаму ў іх дарогі як дарогі, а ў нас — успаміны пра вайну?! Чаму ў іх паўсюль чыста, утульна, прыгожа?! Чаму яны шануюць свой родны край, а мы жывём так, што пасля нас і сапраўды трава расці не будзе?! I хіба гэта жыццё? Не, не пра мерапрыемствы трэба пісаць, а пра нацыянальную годнасць! Бо хто і за што нас паважаць будзе, калі мы самі сябе не паважаем! Яна неяк напісала артыкул «3 чаго пачынаецца Радзіма і нацыянальная годнасць?», потым доўгую размову з рэдактарам мела, які амаль з гадзіну тлумачыў, што беларусаў ва ўсіх рэспубліках любяць за сціпласць, за добразычлівасць, за тое, што не высоўваюцца, а яна ў сваім артыкуле прапаведуе нацыяналізм. Потым уздыхнуў, выцер узмакрэлы лоб, сказаў:

— Ну што табе параіць? Артыкул не выкідай. Хай паляжыць. Некаторыя рэчы з гадамі цану набываюць.