Вось такую параду даў. Значыць, усё ж такі яна мае рацыю. I за гэта дзякуй. Не, не такой уяўляла сабе журналістыку, калі вучылася ў школе. Думала, што журналіст усё можа. Наіўная! Гэта толькі ў кіно журналіст — змагар за справядлівасць. А ў жыцці —паднявольны чалавек, як і ўсе. Праўда, зараз, пасля смерці Чарненкі, усе на перамены спадзяюцца, кажуць, не будзе «закрытых тэм». Ужо з’явіліся ў друку цікавыя публікацыі. Але многія з іх толькі здзекуюцца. Стась, напрыклад, самаўпэўнена заявіў: «Вось пабачыш, гэта як музыкальная шкатулка: паіграе, паіграе і зачыніцца з трэскам разам з тымі, хто першым павысоўваўся». А Ігар лічыць, што ў нашай краіне ўсё можа быць, нават галоснасць. Будзе, не будзе, а ўсё ж ці не з занядбання роднай зямлі пачынаюць ірвацца карані з радзімай, страчваецца пачуццё нацыянальнай свядомасці, прыходзіць у заняпад культура? Шукаюць недзе ў нетрах прычыны чалавечай бяздушнасці, бязлітаснасці, раўнадушша, а яны ж тут, на паверхні. Бо якую мараль прынёс у горад той, хто пакінуў родныя мясціны? Пра што дбаюць гэтыя людзі, акрамя ўласнай карысці? Пачытаеш біяграфію кіраўнікоў — амаль усе з вёсак. Вывучыліся, атрымалі кватэры, машыны, мэблю купілі, за мяжу ездзяць, чужой культурай захапляюцца, па вечарах паказваюць сябрам слайды: палацы, цэрквы, касцёлы, сучасныя будынкі, якія захоўваюць нацыянальныя асаблівасці, а ў сябе на радзіме будуюць аднолькава безаблічныя каменныя дамы. Няўжо дваццатае стагоддзе праславіцца ў гісторыі Беларусі тым, што народ па добрай волі забыўся пра свае карані?! Нават жахліва пра гэта думаць. Але пакуль ганарыцца няма чым. Дойлідства ў заняпадзе, кінематограф у заняпадзе. У той жа Прыбалтыцы ва ўсіх фільмах здымаюць сваіх акцёраў, а «Беларусьфільм» даўно ператварыўся ў масфільмаўскі філіял. I ніхто бяды ў тым не бачыць. Во, зараз Ігар набіраў акцёраў: трое з Масквы, адзін з Ленінграда, а беларускія толькі для эпізодаў. Яна спытала:
— Паслухай, няўжо ў нас няма акцёраў?
— Такіх, як мне трэба, няма.
— А якія табе патрэбны?
— Такія, якіх я бачу ў гэтых ролях.
— А беларускіх ты не бачыш?
— Не бачу.
— Не хочаш бачыць.
Ён здзіўлена зірнуў на яе.
— Чаго ты да мяне прычапілася? Ці гэта не мая справа адбіраць акцёраў?
— Вядома, твая. Але няўжо ў тваім фільме такія звышскладаныя ролі, з такой звышзадачай, што нават вясковую кухарку павінна іграць акцёрка з Масквы? — здзекліва спытала яна.
— А што? — паціснуў плячыма Ігар. — Цудоўная жанчына, твар — просты, добры, у вачах — жыццёвая мудрасць, і потым у яе імя.
— Во-во, імя! — запляскала ў далоні Галіна. — Калі не маеш свайго, як можна вылучыцца? 3 дапамогай чужога. А інакш хто на твой фільм пойдзе? Рэжысёр невядомы, акцёры таксама. А ці не занадта спрашчаеш ты сабе жыццё?
— У нашых акцёраў няма школы, — лектарскім тонам сказаў Ігар.
— Няма школы! — раззлавалася Галіна. — А адкуль ёй узяцца? Школа ёсць там, дзе ёсць настаўнікі! А хто ў нас настаўнік? Ты ці твае прыяцелі? Хто з вас дбае пра беларускую школу? Прыбалтаў усе студыі запрашаюць, а беларусаў на роднай у вочы не ведаюць! Калі ты быў апошні раз у тэатры? Каго з акцёраў на сцэне бачыў? Яшчэ інтэлігентам сябе лічыш! Толькі і ведаеце, ты і твае сябры, што сядзець з чаркай перад тэлевізарам і ганьбіць усіх запар! Бо вы адны геніі!
Яна думала, што ён пачне спрачацца ці хоць пакрыўдзіцца, нічога падобнага! Паблажліва ўсміхнуўся:
— Вось не падазраваў, што маю справу з нацыяналісткай.
Яна — нацыяналістка! Звар’яцець можна! Нічога не зразумеў. I нібы на злосць ёй дамовіўся, што музыку да фільма напіша ленінградскі кампазітар.
Галіна зноў паглядзела на гадзіннік. Але дзе ж Ігар? Сказаў, што доўга не затрымаецца. Гаротнік! Працаваць у такую спякоту — не пазайздросціш. Ды яшчэ без выхадных, па дванаццаць гадзін у суткі. У кіно таксама свой план. Дзіва, што ён такі нервовы зрабіўся. Кажуць, самая высокая смяротнасць сярод авіятараў і кіношнікаў. I самыя няўстойлівыя шлюбы таксама сярод іх. Паша Смірніцкі з адной жонкай два разы ажаніўся. I ўсё роўна жывуць, як кошка з сабакам. То ён ад яе пойдзе, то яна ад яго. Галіну Пашава жонка не выносіць. Як жа, адукаваная, журналістка, а хто ў Мінску самая модная касметычка — не ведае. і Ігару піць не дазваляе. Усе п’юць, Пашава жонка нароўні з мужчынамі, а Ігар не п’е! Не піў, удакладніла Галіна. Спачатку, як пазнаёміліся, ён і сапраўды не піў. Галіна таксама думала, што ў гэтым яе заслуга, а потым зразумела, што не, Ігарам не пакіруеш. Не можа мужчына не піць, калі ўсе вакол п’юць. Два месяцы ні кроплі ў рот не бярэ, толькі пачынаеш думаць, што на зямлі рай настаў, а тут нехта грошы атрымаў ці сябар прыехаў, і ўсё... Адлічвай кругі пекла.