Выбрать главу

3 выглядам пераможцы Ігар паглядзеў на аператара. Ці зразумеў той яго думку, якую яму нарэшце ўдалося ясна аформіць?

— Ну-у-у! — з захапленнем працягнуў аператар. — Ды ты ў нас другі Феербах! Толькі да мяне твая філасофія, ты ўжо даруй, усё роўна не даходзіць.

— Ведаеш, якая самая сумніцельная прыкмета вялікага розуму? Вялікая галава, — нарэшце адыграўся Ігар, намякаючы на непрапарцыянальна вялікую галаву ў аператара. — Дык вось, — гаварыў ён далей, ужо звяртаючыся да Яршова, — няхай ён яшчэ жыве старымі ідэямі, няхай яшчэ ад іх не адмаўляецца, але безупынная барацьба ўжо адбілася на яго абліччы. Гэта ўжо не той раскіслы ад сямейных непаладак чалавек, які прыехаў у вёску. Так, ён страціў на нейкі час адчуванне радасці, але твар яго суровы, рукі моцныя, паходка цвёрдая. Нягледзячы ні на што, яго не назавеш банкрутам. I таму жыццесцвярджальны матыў будзе цяпер сугучны яго абліччу.

— Слава разумнай галаве нашага рэжысёра! — ускочыўшы з зямлі, зароў аператар.

— Усё зразумеў, — па-сяброўску паляпаў Ігара па плячы Яршоў, і яны, не спяшаючыся, пайшлі да здымачнай пляцоўкі, на хаду ўдакладняючы некаторыя дэталі.

— Ігар Сяргеевіч! — падбегла да рэжысёра задыханая Наташа і ўмольна заглянула яму ў твар. — Калі хутка скончым, махнём на рэчку? Усе так змарыліся...

— Паглядзім. — Ігар не ведаў, што адказаць. Вячэрнее купанне не ўваходзіла ў яго планы. Аднак, зірнуўшы на сваіх людзей, якія сонна сноўдаліся па пляцоўцы і рабілі выгляд, быццам не слухаюць, што ён адкажа Наташы, Ігар зразумеў: без вячэрняга купання не абысціся. — До­бра, паедзем, — згадзіўся ён.

— Паедзем! — гучна пераказала згоду рэжысёра ўзрадаваная На­таша.

I адразу ўсе, нібы на другім дыханні, кінуліся па сваіх месцах. I зноў звыкла застракатала камера, разлілося па траве ліловае святло «юпітэраў».

Вось галоўны герой ідзе па густой сакавітай траве, гаспадар, пераможца, бо ён здолеў перамагчы самога сябе, сваю слабасць, не замкнуўся на сваіх нягодах. У яго душы няма болей крыўды ні на былую жонку, ні на людзей. Так, ён стаміўся, бо ўвесь год абараняў справядлівасць, спрабаваў разварушыць людзей, каб не спажыўцамі адчувалі сябе на сваёй зямлі, а стваральнікамі, гаспадарамі. I гэта прыемная стома. I ён разумев, што толькі такое жыццё, жыццё не для ўласнай карысці дазваляе ў любых абставінах высока трымаць галаву і смела рушыць наперад. Бо ўсё яшчэ будзе, усё наперадзе.

Нарэшце ўсе з палёгкай уздыхаюць: здымкі скончаны, цяжкі рабочы дзень — таксама. Irap, задаволены, спускаецца да адхону, на якім толькі што сядзеў яго галоўны герой.

Пакуль ідуць зборы да ад’езду, можна, нарэшце, і адпачыць. Цікава, што зараз робіць Галіна? Нервуецца, відаць, страшэнна. А ён яшчэ згадзіўся паехаць на рэчку, але і адмовіцца было нельга. Наперадзе месяц, работы. Сілу ў людзей трэба берагчы. А Галіне ён потым усё растлумачыць. Яна зразумее. Зразумее і паверыць, што інакш ён не мог зрабіць. Навошта было забараняць ёй выходзіць з нумара? Але ніхто ж не меркаваў, што так атрымаецца. Проста не хацеў, каб яна трапляла на вочы адміністрацыі. Потым тлумач, што да чаго. Хоць, вядома, да іх, кіношнікаў, ставяцца паблажліва. Але ўсё роўна прыкра. За Галіну. I што за парадкі? Абавязкова ўсім быць жанатымі? 3 яго, даруйце, хапіла і адна­го разу.

Ігар успомніў, як перад ад’ездам у экспедыцыю выпадкова сустрэў сваю першую жонку. Ля кінатэатра «Кастрычнік».

Яны не бачыліся амаль два гады. Ён з цікавасцю агледзеў яе. Апранута ва ўсё «фірмовае». Зграбная, яркая, прыкметная. Каб не гэтая пячатка самазадаволенасці на яе твары.

— Вось дык сустрэча! — Вочы яе акругліліся. — Не чакала.

Яна сказала гэта такім тонам, быццам ён знарок сцярог яе.

— Я таксама. — Ён гаварыў стрымана.

— Як маешся?

«Бяздарнае пытанне, — падумаў ён,— хоць інтарэс яе яўна не пусты».

— Як бачыш, нармальна.

— Ажаніўся?

— Пасля цябе?

Яна задаволена ўсміхнулася, прыняўшы яго рэпліку за камплімент.

— Пойдзем пасядзім?

«Гэтага яшчэ не хапала!» Яго ўразіла яе самаўпэўненасць, і ўсё ж такі ён спытаў:

— Куды?

Яна паказала рукой на бар.

«Яе прыроджанай здольнасці і нахабству перахопліваць усюды і ва ўсім ініцыятыву можна толькі пазайздросціць, — зазначыў ён, назіраючы, як натуральна яна трымаецца. — Сябры, якія і не сварыліся».

Яны i пажаніліся па яе ініцыятыве. Іх пазнаёміў яго прыяцель. Яна працавала прадаўшчыцай у абутковым магазіне, а Ігару тэрмінова спатрэбіліся чаравікі. Так, Ігар горка ўсміхнуўся, у тых чаравіках яму давялося прайсці доўгі шлях.