Праз некалькі месяцаў пасля вяселля яна звольнілася з магазіна і ўладкавалася адміністратарам у гасцініцу. Ігар жа хацеў, каб яна наступала ў інстытут, але яна катэгарычна адмовілася. Пакрыўджана сказала:
— Табе патрэбна жонка ці энцыклапедыя?
Ён не знайшоўся, што адказаць. Урэшце, вырашыў ён, ці так ужо трэба, каб у жанчыны была адукацыя.
Гэта быў цяжкі час у ягоным жыцці. На студыі да яго ўсё прыглядаліся, самастойна здымаць карціну не даручалі, і ён то працаваў другім рэжысёрам, то здымаў хроніку. Жылі на адну зарплату. Грошай не хапала, а жонка ўсё нешта купляла і купляла. 3 жахам ён даведаўся, што яны доўгі час жывуць у доўг.
— Але ж ты калі-небудзь атрымаеш карціну, — супакоіла яна мужа.— А жонка рэжысёра павінна добра апранацца.
«Жонка рэжысёра...» Ён быў абураны. Ці не занадта хутка яна забылася, адкуль родам?
Пра тое, што яна здраджвае, ён, як гэта звычайна бывае, даведаўся апошні. Вырваўся на некалькі дзён дамоў, але яе не застаў і зайшоў да сябра. Сядзелі, гутарылі, як раптам сябрава жонка сказала:
— Ігар, мы не хацелі б умешвацца, але твая жонка... яе паводзіны не месцяцца ні ў якія рамкі. Яна, відаць, думае, што жыве ў Галівудзе.
Ён усё зразумеў. I калі вярнуўся дамоў, пакідаў усе яе рэчы ў чамадан і сказаў: «Усё! Выбірайся!» Потым развод, размен кватэры, які цягнуўся так доўга, што калі яна сказала, што, каб добра размяняцца, патрабуецца даплата, ён адразу даў ёй грошы. I ўжо калі пераехаў, даведаўся, што палова даплаты дасталася ёй.
I вось ён сядзіць з ёю ў бары. Афіцыянт прынёс меню. Яна разгарнула яго на апошняй старонцы, пачала чытаць назвы він.
«Прафесійна», — міжвольна ўсміхнуўся ён.
— Што будзем піць? — спыталася яна.
«Ну не, галубачка, піць я з табою не буду»,— падумаў ён, а ўголас сказаў:
— Чай ці каву.
— Ты што, наогул не п’еш?
— Наогул, — адрэзаў ён.
— Дзіўна.— Яна ўважліва паглядзела на яго. — Мне здавалася...
Ён перапыніў:
— Табе толькі здавалася.
— Ты змяніўся. Але павінна табе сказаць, не ў лепшы бок. Стаў нейкі грубы.
«Цікава, — ён ледзь стрымліваў сябе,— я перад ёю павінен на дыбачках выдыгаць?»
Падышоў афіцыянт.
— Два жульены і каву, — сказала яна.
«Ага, пачынае да мяне прыстасоўвацца». Ён, як урач за хворым, назіраў за ёю, аналізаваў кожнае яе слова і кожны рух.
Яна паклала на стол рукі — на пальцы брыльянтавы пярсцёнак.
«Відаць, нядрэнна мець багатага мужа», — падумаў ён.
Яна заўважыла яго позірк.
— Прыгожы, праўда? Муж на вяселле падарыў... — Яна ўзняла руку і паварушыла пальцам, — Ведаеш, аб чым я часам шкадую? — памаўчаўшы, спытала яна. — Я шкадую, што ў нас не засталося дзіцяці.
— Не засталося дзіцяці?! — перапытаў ён. — Па-твойму, дзіця — гэта сувенір, што пакідаюць на ўспамін пра сябе?
— Які ж ты злапомны! — Яна пакрыўджана надзьмула губы.— Але я сапраўды аб гэтым шкадую.
«Шкадуеш аб страчаных аліментах», — удакладніў ён.
— Бачыла твой фільм. Увогуле не спадабаўся. Надуманы, прэтэнцыёзны. Ты быццам задаўся мэтай расчуліць да слёз гледача. I аператар у цябе нейкі затарможаны.
Ігар зморшчыўся. Усё, што яна казала, было настолькі бязглузда, наіўна, што ён не мог уцяміць, як здолеў пражыць з гэтай жанчынай амаль тры гады.
Афіцыянт прынёс на падносе невялікія гаршчочкі з жульенам.
— I ведаеш, пра што я падумала? Гэтая жанчына ў фільме — твой ідэал.
Ад нечаканасці Ігар папярхнуўся.
— Так-так, менавіта такая жанчына патрэбна табе за жонку. Знешне ты яе адмаўляеш, але калі па Фрэйду прааналізаваць цябе, то выявіцца, што ў тваёй падсвядомасці жыве менавіта такі ідэал.
«О божа! Яна ўжо гаворыць пра Фрэйда!»
— Прызнайся, — не тоячы іроніі, спытаўся ён, — твой апошні палюбоўнік — псіхааналітык?
Яна перастала есці.
— Як ты можаш! Ты заўжды ставіўся да мяне з пагардай!
Ну ўсё. Ён і так занадта доўга стрымліваўся. Ігар выняў кашалёк, паклаў на стол пяць рублёў.
— Табе хопіць, каб разлічыцца?
На нейкае імгненне яна застыла, трымаючы відэлец у руцэ.
— Ігар, я не разумею...
— Пачытай Фрэйда, ён табе ўсё растлумачыць.
Ён устаў і хутка рушыў да выхаду.
...Ігар міжволі перасмыкнуў плячыма. Што і казаць, успамінаць пра першую жонку было не вельмі прыемна. Ён намацаў у кішэні цыгарэты, узяў адну, закурыў.
Пасля таго, як развёўся, вырашыў, што ніколі больш не ажэніцца. I раптам Галіна... Шчырая, упартая, прыгожая. У ёй быў нейкі ўнутраны стрыжань, тое, чаго не хапала яму самому. Але ўсё роўна жаніцца ён баяўся. Баяўся быту, абавязкаў, дробных клопатаў, што былі звязаны са шлюбам. Баяўся, што і яна не вытрывае перападаў у ягоным характары. Ён павінен належаць кіно, а яна — яму. Тады ўсё будзе ў парадку. Але яго вабіць да яе, таму што яна — гэта яна і растварыцца ў ім ніколі не зможа. I што рабіць? Калі ён з ёю не ажэніцца, наўрад ці яна застанецца з ім. Гэта ён добра разумее. Але што дарэмна ламаць галаву, час пакажа. Irap кінуў цыгарэту ў ручай і падаўся да здымачнай групы.