Дзед у той дзень прыбег з лесу пасля. Работа была "чыстая": усе пабіты, усе пагарэлі.
А навокал пажарышча ляжалі акрываўленыя вілы. Адзінаццаць штук. Віламі трупы, а каго i жывога яшчэ, падкідалі ў агонь...
Едзем.
Дзе было поле — цяпер вялізная паляна цімафееўкі. Жывому трэба жыць. І клопат адчуваецца: парнасць, зноў будзе непатрэбны дождж.
Вялікія лужыны на сонечнай дарозе. Адна за адной. І вясёлая плісачка. Садзіцца каля вады, зноў уцякае ад машыны, зноў садзіцца... Як дзіцячая гульня.
Зялёны востраў у няспелым жытнім моры. Бярозы.
З дарогі туды, у жыце, дарожка. Густая, нетаптаная трава. Абапал дэкаратыўныя кусты. То васілёк, то маладзенькі колас у траве.
Пад бярозамі помнік. Тут пахаваны адразу дзве невялікія вёскі. Сто сорак чалавек. У ліпені сорак другога.
Навокал — ціхая песня вячэрняга сонца, пяшчотнага калосся, непрыкметных жаўранкаў.
У душы паўтараецца:
Пра ўсё пра гэта можна хіба толькі музыкай сказаць. Што было, i што ёсць, i што будзе...
На невысокім Кургане Бессмяротнасці — скульптура жанчыны з лаўровай галінкай у правай руцэ, з жывымі, нядаўна ўкладзенымі некім кветкамі — у левай.
Былая вясковая вуліца стала шырокай i зялёнай палявой дарогай. У колішніх агародчыках цвітуць даўно адзічэлыя ружы. На траве, якою ўсё парасло, стаяць самотныя вербы. Бярозы маладой, нявіннай легкадумнасцю ўпрыгожваюць, а векавыя, магутныя ліпы вартуюць гэты спакой.
На кожнай былой сядзібе — сваяцкі помнічак у металічнай ці драўлянай агароджы. Нізкі драўляны крыж, ужо касматы ад моху, зусім утапіўся ў лістоце бэзавай падсады.
А што пад ім?
Старшыня сельсавета, які суправаджае нас, у дні вайны быў маладзенькім партызанам. Інтэлігентны, друлсны хлапчына расказвае:
— Трохі касцей недагараных у чыгунок або ў што i — закопвалі. Пасля таго.
Гэта — пад помнічкам. Адным, другім, дзесятым...
А што не пад ім, а за ім — што было не пасля, а тады?
Успамінаюцца пачутыя сёння словы старэнькай жанчыны, якая адна засталася з усёй вёскі, адна ўратавалася цудам i дажывае ў вёсцы суседняй, што згарэла не ўся:
— Добра пра тое расказваць таму, у каго няма жалю... Хто можа, дзеткі, гаварыць...
1973
ВЯЧЭРНІ ЗВОН
У размножаным на ратапрынце пацешна "рускім" апісанні Гамбурга, якое нам, туристам, прыязна раздал i мясцовыя актывісты камітэта абароны міру, пра гэтую частку горада сказана так:
"Реепербан — "Хребет" много воспетого района, увеселения Святога Павла, "пристань радости", "святой распущенный". Развлекательный док для матросов всякого цвета кожи. Сотни ресторанов — с китайского подвала до баварского пивного дворца. Они предлагают разнейшие заманивания, не только для нёба..."
Мы, чатыры мужчыны, зайшлі туды ясным чэрвеньскім адвячоркам.
Калі адкрытая, яркая шчодрасць вулічных рэклам з красунямі ў розных позах, калі таямнічасць зусім неабмежаваных у сваёй "свабодзе" кінатэатрыкаў яшчэ абуджаюць міжвольнае хваляванне, дык у завулках, куды ўваход дазволены толькі мужчынам ад шаснаццаці гадоў,— прыходзяць адчуванні іншыя.
Недаўменне: няўжо гэта ява? I агіда, пануры цяжар на душы.
У першым завулку, крыху багацейшым, не вельмі шмат людным, на нізкіх падаконніках адчыненых вялікіх вокан сядзеў жывы тавар. Пакурваючы, перагаворваючыся, жанчыны гэтыя рэкламавалі сваю галізну неназойліва, з нейкай як быццам упэўненасцю ў сваім значэнні i неабходнасці. Нават нейкае адчуванне ўласнай годнасці, ці што. Гэта пачулася мне ў абражаным выкрыку адной з ix на турыста, на жываце ў якога вісеў фотаапарат у незашпіленым футарале: "Max цу!" — зашпілі.
У другім завулку, вузкім, цёмным, а потым яшчэ i крытым, i значна шырэйшым, падобным на брудны падземны гараж, голыя жанчыны стаялі кожная каля свае кабіны. Густа валэндаўся п'яны збой мужчын, чуўся крык, рогат, лаянка. Яны ж стаялі моўчкі, нерухома. Памалу ираходзячы каля ix, я прыглядаўся, наколькі гэта прыстойна было, да вачэй, да выразу твараў гэтых... усё ж такі не манекенаў.
Абыякавасць, стома, як у салдатаў на варце, адсутнасць хоць бы якой сарамлівасці ці какецтва, у некаторых нават прыкметны цынізм.