Пасля, кал i сусед пайшоў, гаспадар расказаў:
— Які цудоўны быў хлопец! Ыапрадвесні сорак другога, дома яшчэ седзячы, майстраваў міну, а яна ўзяла ды ўзарвалася. Сабе пакалечыў нагу, маці крыху пакалечыў. Як ні страшна было, павезлі ў раён, у бальніцу. Зондэрфюрэр пачуў i так зацікавіўся, што сам прыходзіў хлопца паглядзець. Валодзя быў непрытомны, дык немец маці яго дапытваў, цераз перакладчыцу. Маці прыдумала, што разбівалі па полі гной i нешта, ліха яму, узарвалася. "Больш нічога, паночак, не памятаю..." Медсястра, калі паранены апрытомнеў, сказала яму гаварыць толькі так, як гаварыла маці. Калі ж ён трохі акрыяў, яна параіла лепш уцякаць дахаты. Ён i ўцёк, да лесу, два кіламетры, сяк-так дакульгаў, а там з падводай пашанцавала... У партизанах таварыш здорава міны рабіў. І з самалётных бомбаў толь выплаўляць сам прыдумаў, i такую міну змайстраваў, што ўзрывалася не пад платформай, якая ішла спераду, а пад самім паравозам.. А сталі яны дзве платформы спераду пускаць — ён i на гэта міну прыдумаў!.. Цяпер мы ведаем, што не адзін ён быў такі вынаходнік, што так, рабілі i ў іншых брыгадах, што потым міны нам прысылалі, прыносілі з-за фронту, з Вялікай зямлі. Ведаем. Але ж спачатку былі мы толькі самі па сабе, ад самага глухога нізу, ад самай беднай беднасці пачыналі. І вось такія ўмельцы...
Падпалкоўнік расказвае, захапіўся.
A поўны кошык, асветлены сонцам, стаіць сярод хаты. Натура жывая.
1981
"ПАПОЎШЧЫНА"
У прыхаджан — айцец Мікодым, у партизан — поп Юшка, ён быў нядрэнным сувязным. Былы рускі афіцэр, святар, a прымаўка, як у дзядзькі якога: "Каб вас вяроўка забрала!"
— Заехалі мы да яго,— расказвае колішні партызан,— дык ён паставіў нам такія чарачкі, што пальцам ткні ў яе — усё i выскачыць. Пайшлі мы потым дняваць у гумно,— ён прыхапіў у вядры i бутэльку, i прыкусіць,— i пачал! мы там вучыць яго, як п'юць па-нашаму: лежычы жыватом на таку. А тут прыбягае дзяўчынка:
"Немцы прыехалі!"
Мы пахаваліся на сена, а бацюшка асцепаўся i пайшоў прымаць няпрошаных гасцей. Там яны недзе з тых мелкіх чарачак дзюбалі. А дачушка яго прыбягае, драбіну прыставіла, узлезла, паказалася i шэпча:
"Не бойцеся, тата сказаў: яны зараз паедуць".
І праўда — паехалі. Але ж пачалі яму тут прывозіць з поля снапы. Жыта добрае. Поп на торпе, мужык на возе, падае на торп, а поп распытвае ў яго пра партызан:
"Бяруць?"
"Бяруць, айцец Мікодым, a няўжо ж, адкуль жа ім узяць? I хлеб, i вобуў, i сала, i каня. І ім жа трэба..." — крэхча дзядзька, падаючы.
"А што не трэба — таксама бяруць?"
"І такое бывае. У маёй суседкі, у бабы старое, нямоглае, нейкі смаркач смяртэльнае забраў, што яна, як гэта робіцца, у труну сабе сабрала. І на ліха яно табе, падумаўшы?.."
"А п'юць?"
"Ды міма рота, бацюшка, ніхто, здаецца, не нясе. Яно, калі, скажам, з марозу іхняму брату, або перакусваючы, дык чаму ж са сваім чалавекам не выпіць. А то ж бывае, што возьме каторы ды набярэцца здуру, як жаба гразі..."
І ўсё такое іншае. Не скажаш, што ўсё яно справядліва, але ж i не вораг той дзядзька. Мы яго ведалі.
A паехаў ён, дык поп яшчэ цераз ток, са свайго жытняга торпа, пытаецца, смеючыся:
"Ну, чулі, каб вас вяроўка забрала? Глас народа — глас божы! І мяне ж пабойваецца гэты добры чалавек. Можа, прадоўжым рэпетыцыю?.."
Мы паз'язджалі з сена на ток. А ён сабе па драбіне, у балахоне сваім.
Маладзенькая жонка камандзіра заставы, забітага ў першым баі на граніцы, уцякала на ўсход. Палямі, лесам, далей ад людных дарог, зрэдку заходзячы ў вёску, а то лепш на хутар які. Ішла то з кім-небудзь, то больш сама. Адно дзіця, дзяўчынку, па бацьку светлую беларусачку, несла на руках, другіх дзіцем была на пятым месяцы.
Не дайшоўшы да роднага Мінска сто кіламетраў, прыпынілася ў заходнебеларускай вёсцы. Мноства разоў знясіленая, перапалоханая наскрозь, яна ўжо ведала, што робяць усюды з яе аднапляменнікамі, таму i гаварыла ўсім, i ў дарозе, i тут, што яна — армянка. І далей не пайшла. Засталася ў той людскай сям'і. Самі прапанавалі пабыць, перачакаць.
За ўсіх яна старалася, усіх баялася, i так жа нялёгка было прывыкаць да сялянскай суровай працы i беднасці.
Зімой нарадзіла другую дзяўчынку.
Пойдзе на рэчку за гумнамі пялёнкі памыць, стане над той палонкай i гукае ў белы, сцюдзёны свет, у жахлівую невядомасць:
— Ма-ма-а!..
Цяпер, праз сорак гадоў, успамінае пра тое i плача, а як жа было тады?..
Вясковая цемра, хоць i далека не кожны варожа, пачала цікавіцца, што ж гэта за армянка такая, ці не жыдоўка яна, трохі за іншых хітрэйшая?.. A іншых жа, усіх пабілі яшчэ ўвосені...