Выбрать главу

Неяк ён расказаў мне пра яшчэ адну сваю перамогу.

Хлопцу ў сорак чацвёртым годзе было шаснаццаць. Маці, баючыся, каб i яго не вывезлі ў Нямеччыну, "на работы", за два месяцы да вызвалення Беларусі ўладзіла сына працаваць у радыёкамітэце, нейкім там вучнем пры тэхніцы. Пасля яго судзілі за... супрацоўніцтва з ворагам. Колькі там маці ні даводзіла, колькі добрыя людзі ні сведчылі, што i за ім столькі тое віны, што i яна дапамагала падпольшчыкам. Пасля турмы сына не рэабілітавалі, проста выпусцілі дачасна. А потым, у канцы пяцідзесятых, ужо інжынера, чалавека сямейнага, раптам знялі з работы — усё з-за таго самага.

Стары адвакат узяўся за гэтую справу. Дамогся справядлівасці,— чалавека рэабілітавалі, вярнулі на працу.

— Адказ прыйшоў на яго імя, але на мой адрас,— расказваў ён мне пасля.— Так робіцца: каб я, абаронца, перадаў яму. Панёс я ім гэтую залатую паперку. Якраз было Восьмае сакавіка, як з падарункам пайшоў у сям'ю. І ён расплакаўся, хацеў мне руку пацалаваць. I я з ім таксама расплакаўся. З усімі імі. Так вось, мой дарагі...

Ён гаварыў гэта, зноў выціраючы слёзы. Першыя для мяне — за тры з палавінай дзесяцігоддзі нашага знаёмства.

1983

ПРАВА

Унучак не дома толькі чатыры месяцы.

A ўчора, у пісьме ад сватоў, прыйшоў яго здымак. Як з арміі або з нейкай далёкай новабудоўлі.

Моцны мужычок, якому год i восем месяцаў. Ручкі з пухлымі далонькамі паслухмяна апушчаны ўніз, але не прыціснуты "па швах", ножкі з мілай касалапінкай, пальцамі трохі ўсярэдзіну. Чубчык прыгладжаны направа. Стракатая кашуля i яшчэ драбней стракаты гарнітурчык, штонікі на кант. А над усім гэтым — прастадушны тварык. Адно чорнае вока трошкі меншае, рот не зусім закрыты, ніжняя губка, нібы таўставатая, адкапылена...

Мілы ўнучак, найменшы. Яшчэ адно права жыць, быць любімым, не ведаць гора i жаху вайны.

Гэтае права я адчуў яшчэ раз — перш за ўеё i больш за ўсё. Ca здымка, які ўжо не першы раз перад вачыма. У святочнай самоце, позна ўвечары падумаў, што трэба гэта запісаць. А ўранні, яшчэ не ўстаючы, круціў транзістар, па-дылетанцку, вобмацкам ловячы, як гаворыцца, "зараку", слухаючы на рускай, на ўкраінскай, на польскай мове — то Парыж, то Вашынгтон, то Тырану, то ажно нейкі "Голас Анд" у Эквадоры... І на фоне гэтых дзіўных танцаў вакол глабальнай парахавой бочкі мне зноў убачыўся здымак — наш Антось. Як незлічонае мноства такіх на ўсім свеце.

Звычайны хлопчык, здаровы i дагледжаны, яшчэ адно дзіця, на якім спалучаецца любоў дзвюх сем'яў, якія ён парадніў. Гэта — прыватнае, гэта яго i наша малая радзіма. У ёй добра i мне, аднаму з яго двух дзядоў. А ён жа выходзіць з гэтага круга любасці i далека далей, як i кожны з яго равеснікаў i равесніц — ва ўсім свеце. Ён падключаецца да безлічы тых пакаленняў, што былі, ёсць, будуць, ён разам з імі заяўляе сваё, іхняе права — жыць!

Амаль паўстагоддзя таму назад я, малады, пачынаючы літаратар, ужо захапляўся красой маленства, дружбай паміж ім i старасцю. Мамы, што была тады бабуляй, няма ўжо трыццаць шэсць гадоў. Меншыя мае натуршчыкі, дзеці старэйшых братоў, самі даўно ўжо бацькі. А я, яшчэ даўней, гляджу на маленства не збоку, як малады, захоплены бацька, а зверху, з дзедаўскай дальназоркай вышкі. I ўсё яшчэ ахвотна, усё з хваляваннем пішу пра дзяцей.

Я паўтараюся як пісьменнік?

А яны — дзеці, дзеці — не паўтараюцца?

І адно, адно ўсё ідзе ды ідзе — тое свяшчэннае, векавечнае, чалавечае права жыць, якое бачылася, бачыцца i будзе бачыцца ва ўсёй сваёй непераможнай праваце, i гаворыць пра гэта, паўтараць яго — трэба.

Дзякуй, хлопчык!

І вельмі ж ты там загасціўся...

1984

МАНАРХІ І КУДЛАЧ

На іншыя кантыненты мне дагэтуль не пашанцавала, а з афрыканскага i азіяцкага двух манархаў меў гонар бачыць.

Абісінскага негуса — выпадкова. У Ленінградзе. З сябрам, які праводзіў мяне, мы ехалі на таксі ў аэрапорт, спяшаліся, аднак нас затрымалі. Пакінуўшы таксі на бакавой вуліцы, мы — хочаш не хочаш — далучыліся да тых, што павінны былі вітаць высокага госця.

Ці гэта праспект быў залішне шырокі, ці людзей прыйшло малавата, але — помніцца — аблямоўка асфальту выглядала з абодвух бакоў даволі вузкай, нават вузенькай.

Тым не менш, яго вялікасць, нярослы, чорненькі барадачок, стаяў у чорнай адкрытай машыне з усёй адпаведнай важнасцю, руку трымаючы пад казырок вайсковай шапкі з чырвоным аколышам.

Пакуль я бачыў яго анфас, пасля, адпаведна руху машыны, у профіль, паспела згадацца даўняе, з трыцаць пятага года. Як гэтае слова, "негус", упершыню тады пачутае, спалучалася з іншымі, таксама экзатычнымі: Эрытрэя, Адыграт, Адыс-Абеба і, як вянец усяму, Абісінія. Бедная Абісінія, першая ахвяра фашызму, першы намёк пра набліжэнне сусветнай бяды. Аднак i гэтая краіна, i сама вайна, як вайна для ўсіх, здаваліся тады вельмі i вельмі далёкімі ад нас...