Калі машына з негусам мінула нас, яго нярослая вялікасць ззаду ўбачылася мне... толькі шапкай. Вялікай шапкай з нейчай галавы, як у меншага брата, якому яе прыйшлося даношваць. Яна трымалася на вушах. Так i змалеў ён, імператар, на вачах, зацёрся ў перспективе — толькі вушы i завялікая шапка...
Іранскага шаха бачыў я дома, у Мінску. І, як ні дзіўна, аніяк не магу прыгадаць ні праезду гэтай вялікасці, ні выгляду яго, хоць i стаяў я вельмі зручна, на самым краёчку панелі. Усё для мяне абарвалася ў памяці на адным непрадбачаным, незвычайным здарэнні.
Праспект наш, відаць, не вузейшы за той, ленінградскі. Шырокай паласой ён віднеўся далёка ў абодва канцы,— туды, адкуль мы чакалі высокага госця, i туды, дзе ён знікне, куды яго гасцінна павязуць. Мусіць, таму, што мы ўсё-такі правінцыя i манархі з іншых краін нас абмінаюць, на тую сустрэчу народу сабралася процьма. Панелі былі забіты людзьмі, балконы, вокны, нават дахі — у людзях, усюды яны, як быццам ix i сапраўды чакае нейкая радасць.
Яна прыйшла. Раней за высокага госця.
Яшчэ брынела нячутна, у многіх сотнях душ, струной нацягнутая напружанасць чакання. Шырокі i даўжэзны, чысценькі ў летнім сонцы асфальт гатовы быў вось-вось прыняць i гладзенька панесці многія колы ўрачыстага картэжа... Але адтуль, адкуль чакаўся госць, паказаўся i стаў набліжацца да месца, дзе я стаяў, здаравенны рыжы кудлач, аблавухі, крывавата разлапісты, наланцужны гаўкала, прасцецкі рабачай. Адкуль узяўся? Дзе, з чаго сарваўся?.. З бакоў i зверху, ззаду i спераду яго падганяў тысячагалосы крык, смех i свіст,— уся напружанасць чакання вылілася на яго. I не было куды падзецца. Бедны дварняга лупіў наперад, як сіла мага, a натоўп, умомант стаўшы адным, агромністым, бяздумным блазнам, галёкаў i рагатаў!..
Ды тут якраз недзе далека там, адкуль Кудлач той вырваўся, паказаўся пачатак урачыстага картэжа. А перад Кудлачом, адрэзаўшы громам бліскучай медзі дарогу далей, грымнуў маршам ваенны аркестр... Сабака рэзка тармазнуў, як перад прорвай, ушчэнт спалохана-разгубленанявінна сеў i моўчкі, мудра апрастаўся. На самым чыстым урачыстым месцы.
І толькі гэта мне апалітычна помніцца праз гром i рогат.
1984
ІДУ І СТАЮ
На даляглядзе — сонца, яшчэ не ўсё, а толькі верхні барвовы краечак. Бліжэй — Неман, што мне са сцежкі на высокім беразе добра відаць. Звілісты, поўны, з якога нямала вады адлілося ў старыцы, якія тут называюцца неманінамі, i ў лугавыя лагчыны. За роўняддзю вялікай, зіхоткай ад усходу вады — далёкая града ці грыва лазняку.
Адтуль чуваць салавей. Як быццам тут ён недзе,— зусім блізка.
Так жа здаецца, калі, бывае, стаіш на ўзлессі, а навокал дрэвы i кусты. А тут да грывы той далека, навокал пуста, прасторна, свабодна, а ён — хоць рукою вазьмі. І нібы не адзін там, за вялікай вадою, a некалькі ix б'е на змену.
Сонца, вада, салавей...
I маладая, i ў старасці маладая, удзячная радасць. З якою я то іду, нават крыху спяшаюся, то раптам міжволі стаю, нібы з жаданнем прытрымаць гэты момант новай вясны, так прадоўжыць яго, замацаваць у душы.
Тут не да сентыментальнасці, тут цвярозае захапленне.
I яшчэ цверазейшая проза, бо гэта ж я проста раней сёння ўстаў, каб не спазніцца ў вёску, на гарадскі аўтобус.
Ды яшчэ i ўспамін у мяне зусім свежы, пазаўчарашні. Пра гутарку — ну, звычайнае прывітанне i некалькі слоў,— з маладой, як мне бачыцца, гаспадыняй крайняй у вёсцы хаты. Нястомная руплівіца, яна сказала:
— Божа, як цяпер хораша! Буду раней уставаць...
Значыцца, каб яшчэ больш убачыць, пачуць.
Хоць i ўстае яна, даярка на няблізкай ферме, кожны дзень, круглы год, i ў пагоду, i ў непагадзь, у чатыры гадзіны...
1985
ВЫХАД
Лясная дарога на ямах, калдобінах ды карчэўі. Стары недабоек-аўтобус трасецца, рыпае, тарахціць. А суседка цераз праход, вясковая паштальёнка, расказвае мне пра сябе. Мы ўжо даўно знаёмыя, я збольшага ведаю яе нялёгкае жыццё, але жанчыне трэба ж расказачь. Пра сына i дачку, што ў горадзе. Пра ўнукаў, што i сёлета, дзякуй Богу, былі ў яе два месяцы без трох дзён. Пра ногі свае, што ўжо не вельмі хочуць служыць, а пошта за сем кіламетраў... Сячэ так дробненька ды нястомна, што мне, i нахіліўшыся ў той бок, цяжка ва ўсім разабрацца, услухацца праз таксама нястомнае тарахценне.