Выбрать главу

1985

ПРА АПТЫМІЗМ

Пяты паверх без ліфта, дзевяноста шэсць крутых прыступак.

На трэцім годзе пасля вайны, калі я атрымаў у гэтым даваенным, адноўленым доме кватэру, усё хатняе багацце на сваё неба насіў з прысвістам, напяваючы ад шчасця. А потым, за годам год, спакваля ўсё цяжэй ды цяжэй стала i мне падымацца. У сябра-суседа была старая матуля, дык ён на кожным паверсе паставіў ёй для адпачынку па крэслу, дротам прымацаваўшы кожнае, ад рэзвасці падлеткаў, да батарэі ацяплення. Мяне навучылі правільна падымацца: адна прыступка — удых, дзве наступныя — выдах. Праз трыццаць год здароўя i фізкультуры мне па рабоце зрабілі палёгку, з улікам ног i сэрца абмянялі кватэру на іншую, з ліфтам.

Прайшло яшчэ амаль дзесяць гадоў, i днямі тыя дзевяноста шэсць прыступак мне прыгадаў сваім выглядам знаёмы чалавек, з якім мы за апошнія гады ні разу не сустракаліся. І пра сябе ён мне жыва напомніў, i пра іншага аптыміста, на шмат старэйшага за нас абодвух.

Той, старэйшы, быў вядомы ў горадзе тэрапеўт, галоўны ўрач нашай ведамаснай паліклінікі, медык старое вывучкі i культуры, спецыяліст па прызванні i чалавек з душой. Увосені, зімой, напрадвесні, калі па сем'ях паныла валокся грып, доктару выпадала візітаў па дваццаць, а то i па трыццаць на дзень. I кожны раз,— мяркую па сваёй сям'і,— як толькі на калідоры акажацца званок, некім адчыняцца дзверы, дык ужо з-за парога пачуецца бадзёрае "добры дзень!" i пытанне, што i няновае, a ўсё ж здаецца ледзь не новым:

— Ну, як там наш сімулянт?

Ці адпаведна сімулянтка. Гадоў трыццаці— сарака, хай сабе i колькі хочаш больш. Гаварылі пра паважанага, што лечыць ён перш за ўсё ветлівасцю ды ўвагай. Так казала якраз матуля майго суседа i сябра, жанчына таксама інтэлігентная, мудра вясёлая i ў цяжкасцях.

Закончыў наш доктар i сапраўды на пасту. У некага ўпаў з рукі слоік смятаны, разбіўся на сходах i той нехта не прыбраў за сабою адразу. Змярканнем, пры яшчэ няўключаным святле, ды ўжо i стомлены, доктар вяртаўся з візіта, паслізнуўся i так ўпаў, што праз некалькі дзён яго пахавалі. І толькі тады, як быццам упершыню дакладна, падлічылі, што яму было ўжо за восемдзесят...

Другі аптыміст, маладзейшы, выпадковая сустрэча з якім на вуліцы нагадала мне i нялёгкую верхатуру, i тое "Ну, як там наш симулянт?", i яшчэ адзін вясёлы зварот,— гэта даўно i малазнаёмы мне паштальён з тэлеграфа.

У вёсцы пра падобнага чалавека я чуў: "От, нядоля!" I нягеглы, i нябыстры на службе, так сабе рабачай. Нярослы, чорненькі, нават нібы кучаравы з-пад кепкі, з сіняватаю "галашчокай" хранічнай недабрытасці. І ходзіць, цягнучы ногі, як заёхлены муштрай пехацінец з апошняй чацвёркі шаснаццатай роты. Пра падабенства такое сведчаць i боты-кірзачы, калі ў халепу ці зімой. Такім я сустрэў яго амаль праз дзесяць год разлукі.

Мы не настолькі былі калісьці блізкія, каб цяпер прывітацца, пагаварыць. Я прыпыніўся на момант, а ён мяне, здаецца, не пазнаў. Ішоў кудысьці вяла ды задумана.

Заўсёды, колькі я памятаю яго за многа колішніх гадоў, калі званок у дзверы быў ягоны,— званок службова-настойлівы, часта з хуткім паўторам,— за гэтым званком, як толькі дзверы адчыніліся, ішла, замест вітання, песня з двух слоў, такі сабе рэчытатыў, ці што, на кожны раз аднолькавы, узнёсла-жыццярадасны:

— Ва-ам тэ-ле-грам-ка-а!..

І толькі. Якая б яна ні была — прыемная, горкая, страшная,— пра што яму ведаць па службе не дазвалялася.

І толькі? Не, значна больш.

Каб я мог перадаць той напеў у нотным ці магнітафонным запісе або як-небудзь асабіста, дык, можа, i вы, паважаны чытач, за сціплым воблікам гэтага "нядолі", сумленнага, працавітага чалавека, які эканамістамі мудра залічаны ў катэгорыю "пакуль што нізкааплачваемых",— можа, i вы лепш адчулі б, як яно, ад чаго часамі, на дзевяноста шостай прыступцы, чалавеку робіцца лягчэй на душы.

Што ж, я i сам, калі вясёлага малавата, а то i яшчэ менш, я тую песню з двух слоў, адноўленую ў памяці, не-не ды ўголас сам сабе паўтару:

— Ва-ам тэ-ле-грам-ка-а!..

Адчайна непераможны тон.

Бывае, што i паможа.

1986

НАЗАД!

Пра таварыша з прозвішчам Додзік гаварылася, што ён аблупіць яйка i ўвесь, ад галавы да пят, спацее. Рост i сіла яго былі ў іншым, асабліва перад вайной i адразу пасля эвакуацыі, калі ён яшчэ ўсё трымаўся на сваёй кіраўнічай купіне. Потым, у палавіне пяцідзесятых, сёе-тое выйшла наверх, i ў святле нечаканай крытыкі прыціх, ды нізенька, i гэты.

На адным паважаным сходзе ўздоўж працяглага стала ад рук да рук пайшоў белы квадрацік складзенай паперкі. Спыніўся ён каля мяне. Я разгарнуў — знаёмы почырк, з маленства знаёмыя словы вялікай паэзіі ў новым прыстасаванні... Маленькі, шчупленькі, у беленька-нявінным пінжачку, Додзік сядзеў насупраць мяне, цераз стол, i гэта яго датычыліся словы ў запісцы: