Выбрать главу

Чуден Додель при тихой погоде!..

Аўтар гэтага прыстасавання сядзеў ажно вунь дзе, у самым канцы стала, i туды, дзе ягоны падмірг i ківок галавой, пайшла мая ўсмешка.

Праз трыццаць год успомнілася. А тут ужо новы час, маладзейшыя людзі, трохі іншыя недахопы. І яшчэ раз непараўнаны Гогаль:

"Боже, какие есть прекрасные должности и службы! Как они возвышают и услаждают душу!.."

I як мяняюцца некаторыя людзі на гэтых пасадах i службах, а потым як яны зноў мяняюцца, калі ix здымуць i паставяць на зямлю!

І Додзель з Дняпром, i Неўскі праспект сёння мне прыгадаліся адразу ўсе, i проста ў сваёй будзённасці,— у хлебным магазіне.

На пяць чалавек перада мной у касу стаяла жанчына, якую я ніколі ў чэргах не бачыў, якую ведаю даўно, у некалькіх службовых вымярэннях. Спачатку сімпатычнай, інтэлігэнтнай маладзіцай, да якое мне, чвэрць веку таму назад, давялося звярнуцца, каб дапамагчы аднаму маладому пісьменніку, i яна адгукнулася хораша, дапамагла. Потым... Аднак пра гэта трэба асобна, з абзаца.

Было вялікае свята нашай культуры, праводзілася яно за горадам, i туды нас вазілі спецыяльнымі аўтобусамі.

Шыкарныя "Ікарусы" пакуль што стаялі ў духмяным ліпавым цяньку. Свае i госці, з братніх рэспублік i з-за мяжы, хто сядзеў ужо ў машыне, а хто, пасядзеўшы, выйшаў на панель, праходжваўся або стаяў з кім-небудзь удвох або ў гурце. Мы чакалі, цярпліва, з пашанай чакалі высокага кіраўніцтва, якое павінна было ехаць разам з намі i чамусьці затрымлівалася.

Асабняком стаяла яна, мая даўно знаёмая, i ўжо даўнавата з пэўным службовым адчужэннем. Заклапочаная, мэтанакіравана глядзела ў той бок, адкуль...

I вось яны выйшлі з дома, паблізу якога стаялі аўтобусы, накіраваліся да нас.

Яна замітусілася. У які ж аўтобус таварышы сядуць?! Дагэтуль непрыступна важная, яна разгублена, нават задыхана i спацела,— што ж, i гады, i нагул,— яна то ішла, то спынялася, то дробна подбегам тупала ўздоўж машын, перад групай высокіх гасцей, пакуль, нарэшце, здагадалася, куды яны пойдуць, i рушыла да аўтобуса, у якім я сядзеў. Не адзін, вядома, але i няшмат нас было, уроскід па салоне чалавек не больш дзесяці.

Яна ўсіх апярэдзіла — з'явілася ў адчыненых дзвярах, вынырнула знізу ўверх, цяжка спынілася на праходзе. З поўным, неяк ураз пастарэлым абліччам, яна махнула ад пярэдняй паўнаты кароценькімі рукамі i жорстка, шыпліва выдыхнула:

— На-зад!..

"Боже, какие бывают прекрасные должности!.."

Мы — госці i свае — назад па камандзе, вядома, не шыбанулі, i гэта нам у мінус не залічылася. Высокія госці, адзін за адным, падняліся ў салон, павіталіся, селі, загаварылі з бліжэйшымі — нічога надзвычайнага не адбылося.

I вось яна сёння, у сваёй трэцяй іпастасі.

Кіўнула мне, азірнуўшыся, нават з усмешкай, пастаяла яшчэ, расплацілася, пачакала мяне, выйшлі разам, пагаварылі. Было такое ўражанне, што мы сустрэліся пасля доўгай разлукі, не бачыліся з тых дзён, калі яна магла з разуменнем, талкова пагаварыць, дапамагчы... Яна як быццам памаладзела зноў, папрыгажэла нават, ці што, далека, як карнавальную маску, закінуўшы кудысці той выраз твару, агучаны службовай ярасцю: "На-зад!.." Сваёю гутаркай мы як быццам пасмакавалі таго цёплага чорнага хлеба, што ў нашых сумках, таго, што для ўсіх.

Ну што ж,— "чуден Днепр!" — хай жыве дэмакратыя.

Толькі на пенсіі.

1986

ДВОЙЧЫ ПА ДВА

Таленавіты крытык, разумны, вясёлы таварыш з нялёгкім мінулым загадваў аддзелам паэзіі ў так званым тоўстым чаеопісе. Калі заходзіў яшчэ адзін, далека не першы, аўтар, малады ці старэйшы з выгляду, больш-менш адкрыта самаўпэнены ці да часу прытоена сціплы, загадчык ветліва запрашаў яго прысесці каля стала i яшчэ больш ветліва, нават i па-французску, схіляўся ў пытанні:

— Ля поэзі'?

У голасе i надзея была, i страх перад новай пакутай чытаць, бракаваць, выслухоўваць ня: згоду, i проста вясёлая, дабрадушная стома. І ад жыцця ўжо тым часам, а то больш ад штодзённай процьмы рыфмаванай i белай прадукцыі.

Яго, на жаль, ужо даўнавата няма. I ён мне нядаўна — з тым самым пытаннем — прыемна ўявіўся у адным з кабінетаў раённай газеты, куды мы з сябрам па-зямляцку забрылі.

Утрох з сакратаром рэдакцыі мы сама разгаварыліся пра летнія справы раёна, калі ў дзверы пастукалі i тут жа, не пачакаўшы на "калі ласка", увайшла i бойка павіталася бабуля, яшчэ не старая i ўжо не зусім вясковага выгляду. Зрэшты, яна адразу i сказала, што мінчанка, што прыехала да сваякоў, бо раней i сама тут жыла. Гаварыла яна на дзвюх мовах, "гарадской" i "дзеравенскай", ды трохі яшчэ на мясцовы, наваградскі лад.