Выбрать главу

Я i цяпер, запісваючы гэта, убачыў сябе ў любай кампаніі землякоў, з якімі разам так грубавата ці нават — няхай сабе! — груба смяюся.

... Потым падумалася, што, можа, для большай упэўненасці падмацавацца класікай. Прыгадаць, скажам, захапленне "Ціхім Донам" майго старэйшага брата. Калі я вярнуўся з палону, а ён мне хваліўся прачытаным за паўтара перадваенныя савецкія гады. Пра ўвесь раман гаварыў, a помніцца найбольш расказ пра тую сцэну, дзе Грышка Мелехаў адластажыў то пугай, то пугаўём, то ботамі абтоўк, як гада, сотніка Лістніцкага...

А можа, лепш яшчэ адно з жыцця, з сучаснасці, толькі нядаўна пачутае?

Як толькі старая маці дачуецца, што сын зноў п'е, яна дзелавіта збіраецца, доўга едзе аўтобусам у той горад, а там ужо свайго інжынера — кіем, прывезеным з роднага дома. Святою матчынай рукой!..

1986

ВОПЫТ

У акупацыю сялянам было нялёгка: днём бралі адны, ноччу другія, i людзі дабро хавалі, а яшчэ больш надзейна — закопвалі. У нас з братам у гэтым быў добры памочнік, можна сказаць — вопытны кіраўнік. "Васточнік" Фёдар, варонежскі аднаасобнік, які за тое, што не спраўляўся з аблажэннямі, перад самай вайной адбываў пакаранне на будаўніцтве аэрадрома каля ПІчучына i ў трагічныя дні адступлення застаўся ў нас, як i іншыя ў Загоры, у якасці байца. Так называлі ўсіх акружэнцаў, i камандзіраў, i радавых, і невайсковых, каму пашанцавала не трапіць за лагерны дрот, бо немцы ix распусцілі па вёсках.

Іх было многа, у некаторых хатах нават па двух. Не з патрэбы, а з літасці: куды ж падзецца сваім людзям?.. Калі я прыйшоў з палону, у нашай старой невялікай хаце было аж дзесяць чалавек сям'і, маці, два жанатыя браты, трое малых i два аброслыя акружэнцы. Потым адзін з ix адышоў у суседнюю вёсачку Качаны, a другі застаўся ў нас.

Сяргей, які адышоў, быў ca сваім аднаасобніцтвам такі нецярплівы, што, спрачаючыся з братам Мішам на тэмы калектыўнасці, ніякіх жартаў не разумеў — у нашай хаце, на нашым хлебе ён крычаў так зацята, што i пальцы наставіць, як двухзубыя вілкі, i ўтаропіцца, i прашыпіць заслінена:

"Глаза бы тебе, активисту такому, повыдрать!.."

Фёдар быў спакайнейшы, хоць i цвёрды ў іхнім аднаасобніцтве. Сорак гадоў, а пры вусатым Сяргею i бараду яшчэ запусціў, дзедам лічыўся. І дома "истово" хрысціўся на маміну заіконеную покуць, i ў царкву ў мястэчка хадзіў. У працы быў ён нетаропка цягавіты, у ядзе — таксама. На будаўніцтве таго аэрадрома, расказваў, "з Сяргеем варылі вядро кашы на двух", i здзіўляўся, чаго я тут смяюся. А да чаркі ў яго было проста набожнае стаўленне. Прадчуваючы чарговы прыступ сваёй варонежскай малярыі, ён выпіваў, перахрысціўшыся, шклянку моцнага самагону, прыкусваў i, цёпла накрыўшыся, пажадана доўгім кажухом, прафілактычна лажыўся. "От нея меня всегда вино лечила",— удзячна гаварыў пасля, слова "лечила" даючы ў жаночым родзе. Замест "Ванька" ён гаварыў мне "Ваньке", з націскам на апошнім складзе, таксама "шапочке", "коровенке"... Я любіў з ім пагаварыць. Вясной сорак другога Minia аддзяліўся, пабудавалі мы яго ў суседняй, найбліжэйшай вёсцы Маласельцы, па ўскраіне якое праходзіў наш нявузкі шнур поля; Мікалай — жанаты ды дзіцяты гаспадар; на рабоце мы з Фёдарам, два бессямейныя, часта бывалі сам-насам. Вясёлы, дасціпны быў барадач. Гэта ад яго я запісаў, што ў ix мужыкі хадзілі ў царкву з аброцямі: "Авось лошадке попадётся, хорошо подъехать". Гэта ў яго я спытаўся, як ён жаніўся, па любові ці з разліку. "Нет, по соседству", — адказаў ён дзелавіта. Мне было i дваццаць пяць, i дваццаць шэсць, i ён часамі пасмейваўся з маёй нежанатасці, пацяшаў: "Ничего, Ваньке', кончится война, и мы тебе такую, брат, подберём — с двумя сиськами!.." Час быў страшны, а мы гаварылі пра ўсё з даверам, i пісаў я сваё, не хаваючыся ад яго. Словам — свой чалавек у хаце.

Тым нашым закопваннем ён кіраваў, прывычна шэпчучы ў цемры, што i як рабіць, сам рабіў хутка ды спраўна, даўно ведаючы, чаго спяшаецца. I прыкметна дый адкрыта ганарыўся сваім антыкалгасным вопытам, які прыдаўся i тут.