У партызаны Фёдар пайшоў разам з намі.
Там быў таксама "дзедам", пры конях. A ў жніўні сорак чацвёртага, узброены сабраным нашай мамай "сідарам", падаўся з загорцамі ў армію, а там, відаць, абезбароджаны — на фронт. Адтуль прыслаў мне толькі адзін трохкутнічак, з густа-чорнымі палоскамі купюраў, праз якія высвецілася слова "автоматчики". Жонцы ягонай, адрас ён даў, калі мы развітваліся,— я напісаў, але адказу не дачакаўся...
У акупадыю былі таксама пашпарты, "аўсвайсы", з абавязковым фотаздымкам. Адзін такі лішні здымачак ён мне падараваў. Памяць пра шчырага i сумленнага русака.
1987
ВЫБУХ
Пасля XXII з'езда ў нашым пісьменніцкім клубе выступаў лектар ЦК КПСС. Гаварыў ён па пісаным, a ўжо адказваючы на пытанні разгаманіўся шчырэй. Што запомнілася: тры сталінскія забойствы — Кіраў, Горкі, Крупская, i "тое, што мы цяпер гаворым пра яго,— дзесяць працэнтаў з таго, што ведае цэнтральны камітэт"...
Гэта было першае i апошняе выступленне таго лектара ў Мінску — яго папрасілі вярнуцца ў Маскву.
Да нас прыйшоў таварыш X., дэлегат з'езда, сакратар ЦК па прапагандзе. З яго роўненькага, адаптаванага выступлення запомніўся толькі адказ на пытанне: а што будзе з тымі, па чыіх даносах садзілі, ссылалі, расстрэльвалі?
"Таварышы,— сказаў ён,— не трэба помсты, не трэба болей лішняй крыві".
На гэта "выбухнулі" апладысменты, кароткія, міжвольныя, неасцярожныя, сіламі не больш сямі-васьмі чалавек. Дваіх я заўважыў, але ж няма належнай упэўненасці, каб ix тут называць.
Саюзу пісьменнікаў быў дадзены гонар першаму патрабаваць зняць помнік Сталіну на Цэнтральнай плошчы. Быў мітынг, былі выступленні, з крыкунамі на ўсіх паваротах.
А ноччу мяне разбудзіў недалёкі выбух. Момант — гістарычны. Я ўстаў, адзеўся i выйшаў паглядзець. Дарма. Плошча была шчыльна ачэплена вайскоўцамі, ніякія просьбы не памаглі.
Уранні жонка пайшла ў магазін. Пошукі хлеба завялі яе на далёкую вуліцу па-за межам! ачаплення. Вярнуўшыся, яна расказала, як на той вуліцы з Цэнтральнай плошчы, на якой з ночы, пасля выбухаў, гурчэла, грукала тэхніка, ішоў грузавік з поўным кузавам гістарычнага друзу, на якім зверху ляжаў вялізны Сталінаў бот.
Людзей там стаяла больш, чым магло быць звычайна. Рогат i крыкі. Асабліва моладзь.
А бабка з кашолкай, як прарочыца, на ўсіх:
— Смейцеся, смейцеся! Памрэ гэты — i гэтага.
1987
СПАКОЙ
Знаёмы мой, малады літаратар, прыляцеў з Масквы ў Ашхабад узяць для "Литературной газеты" інтэрв'ю ў Кербабаева. Сазваніўся, завітаў да класіка на дачу.
— Ваш погляд, паважаны Берды Муратавіч, на сучасны стан нашай савецкай літаратуры.
— Які погляд, якое інтэрв'ю, дарагі, хутка вечар, будзем чай піць.
Уранні зноў:
— Які погляд, дарагі, якое інтэрв'ю з самага ранку, будзем чай піць...
Камандзіровачны пачаў прасіцца. Гаспадар палепшаў:
— Ну добра, дарагі, прыязджай пасля абеду.
Прыехаў, зноў просіць, што больш ужо аніяк не можа.
— Дык што ты хацеў, дарагі?
— Ваш погляд на сучасны стан нашай літаратуры. Для газеты, для шматмільённага чытача гэта вельмі цікава i важна...
Нічога не зробіш, можна i так.
Паважаны пайшоў на прыдуманы, падрыхтаваны гумар, звярнуўся да свайго сакратара:
— Слухай, дарагі, пайдзі ты пазвані ў аддзел культуры ЦК, спытайся, які мой погляд на сучасны стан нашай савецкай літаратуры.
I засмяяўся сыценька, прыплюшчана, пашанотна. падтрыманы сакратаром.
Гадоў праз пятнаццаць, у Алма-Аце, на ўрачыстым літаратурным вечары, паважаны аксакал нявінненька драмаў у прэзідыуме, ужо выразна састарэлы, хоць i гладкі па-ранейшаму. На гэты ціха-шчаслівы міні-сон я шэптам звярнуў увагу суседа, даўняга ўжо, пры уеіх перабудовах нязменнага ўсесаюзнага сакратара па арганізацыйных пытаннях. Ён іроніі не адчуў, душэўна зашаптаў мне з гаспадарскай задаволенасцю, што вось нядаўна Берды Муратавіч быў у Маскве i яго паглядзеў у паліклініцы літфонду сам прафесар... Назваў прозвішча таямнічай славутасці.
— Вполне здоров. Как хорошо, как ровно бьется его сердце!..
І тут нячысцік падсунуў мне лермантаўскі радок — пра сэрца, якое можа так біцца... Ды гэтага я ў адказ не шапнуў.
1987
АРОЛ
У студзені шасцідзесятага года, я быў госцем пленума Саюза пісьменнікаў Украіны, які праходзіў у Львове i быў прысвечаны апавяданню i нарысу. Светла помніцца ён i дзелавой атмасферай, i сустрэчамі, знаёмствамі, i выступленням! перад чытачамі, i ясным! дням! з багатым чысценькім снегам у маляўнічым, вельмі ўкраінскім горадзе.