Такім ён жыў у памяці дванаццаць гадоў, да наступнай сустрэчы.
Зямляк завітаў да мяне не адзін, з таварышам па прады на лесазаводзе, нават нейкім яго начальнікам. Я ведаў, чым для майго земляка былі дванаццаць гадоў ад нашай сустрэчы на фэсце. Ён уцёк у Савецкі Саюз, дзе на шчырасць яго навалілася чорнае падазрэнне, зноў допыты, турма i тайга, з якое ён вынырнуў толькі таму, што меншы брат быў у партызанах, a братаў камандзір стаў Героем i захацеў, i здолеў пахадайнічаць.
Адпушчаны яшчэ ў канцы саракавых, ён, мой колішні светлы юнак, у доме маім, перад старою мамай, жонкай i дзецьмі зусім нечакана расперазаўся звычайным п'яніцай, які ўжо не валодае сабой. Гэта так брыдка было, што мы з ім больш ні разу не сустрэліся.
...A начальнік яго яшчэ i хваліўся тады, праз ікаўку, як ён нас вызваляў у Верасні, як быў тады лейтэнантам i як плаціў цёмным заходнікам за прадукты не грашыма, a аблігацыямі займа — ха, ха, ха!..
Пра першага госця ўспамінаю з сумам i жал ем.
А пра другога... Тут ужо мне доўга муляла ў душы, чаму не выпрасіў яго за парог.
1988
НАЧЛЕГ
У жніўні шэсцьдзесят чацвёртага года, вяртаючыся на дзвюх машынах з падарожжа па Літве i былой Усходняй Прусіі, мы затрымаліся, не даязджаючы да Вільні, над рэчкай Дубісай, каля самотнага хутара. Вырашылі тут i заначаваць. Чатырох лягуць у машынах, а прасіць прытулку яшчэ чатыром мы з Вялюгіным пайшлі на той хутар.
Тут я другі раз, пасля латышскага выпадку, сустрэў чалавека, які нічога не разумев паруску.
Першы раз было два гады перад гэтым, каля Сігулды. Маляўнічай я памятаў яе з ранейшага наведання, a ў той дзень быў зранку такі туман, што мы не толькі красы не ўбачылі, але i з дарогі збіліся. Спыніліся таксама каля хутара, загаварылі са старым латышом, а ён — нічога не разумев...
Так i старая літоўка, з якою мы з Анатолем павіталіся цераз плот. Усміхаецца, разагнуўшыся над градкамі, i толькі сваё: "Hi супранту". А потым яна, нібы толькі што здагадаўшыся, гукнула ў дом: "Альдона!" Выйшла маладая, як аказалася, дачка, што нават працуе ў раёне i прыстойна гаворыць па-руску.
— Аднаго чалавека можна было б палажыць у хаце, на кушэтцы,— пачала яна разважаць,— а дзе яшчэ трох — проста не ведаю...
А на сене? — кіўнулі мы на адрынку.
— Там у нас не сена, а салома.
— І на саломе пераспім.
Словам, сяк-так упрасіліся, сказалі, што прыйдзем зацемна, i гэта, як потым, уранні, мы здагадаліся, мела тут істотнае значэнне.
Ад ракі, дзе было вогнішча, юшка, песні мы прыйшлі ў адрынку позна.
Салома — не сена, a ў саломе — яшчэ i мышы. Спаць яны нам не далі. Ці жыта дрэнна абмалочана, ці мышэй тут, у чыстаполіцы, такая галодная процьма? Шастаюць, поўзаюць, слінява чаўкаюць то збоку, то з патыліцы, то каля самага вуха. Пляснеш рукой па саломе — заціхнула. Потым зноў. Толькі на досвітку сон нас ўсё-такі змарыў.
Ненадоўга. Ці то ад ix, мышэй, мы прачнуліся, ці то i ад таго, што пачало спакваля праяўляцца з цемры ўнізе пад торпам. Прычына праяўлялася, з-за якой хоць i ўсмешліва, але туга гасцінная Альдона не хацела пускаць нас на салому.
Каля сцен адрынкі i пасярэдзіне яе стойма i гарызантальна стаялі парасчыняныя труны, крыжы i пірамідкі помнікаў — невясёлае падсобнае рамяство гаспадара, якога ўвечары чамусьці не пабачылі. І ачмурэнне трохі ад нядосыпу, i сцішнавата неяк — пасля мышэй яшчэ i гэтая "мэбля"...
Але дарожны аптымізм зрабіў сваё. Ахвочы вандроўнік, рыбак, юшнік, грыбнік, вогнепаклоннік — Вялюгін, седзячы на саломе, з каласамі, ледзь не з мышамі ў валасах, гледзячы на труны, філосафам уздыхнуў:
— Эх, калі б гэта ўвечар было відаць — лёг бы сабе ў адну, накрыўся б ды выспаўся без мышэй!..
1988
ТЫ МЯНЕ ПАВАЖАЕШ?
З жывой цікавасцю i даўняй пашанай да аўтара чытаў у часопісе гістарычны нарыс нястомнага Міколы Ермаловіча, i зноў з усмешкай успомнілася, як ў канцы зімы пяцьдзесят другога года выступаў у Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце, куды мяне запрасіў пісьмова тады яшчэ незнаемы, малады выкладчык роднай літаратуры, іменна ён, Мікола.
Пасля сустрэчы са студэнтамі мы пад вечар абедалі ў рэстаране. Утрох, з рэдактарам абласной газеты, які таксама быў на сустрэчы. Удвух нам было б цікавей, аднак... Цвярозы, ён больш маўчаў, а потым пачаў то прасіць, то настойваць, то зноў прасіць зайсці да яго, на свежаніну.