Пра таго, хто — з маленства захоплены — маляваў той родны пейзаж, адну з мноства іншых карцін, раздораных ім у навакольныя вёскі, у хаты родзічаў i сяброў; пра таго, што не адбыўся на ўсю сілу як мастак, воляй жорсткага лесу так i застаўся самадзейнікам. Пра таго самага, што працаваў у сельскім будаўніцтве, з-за беспартыйнасці сваёй то на трохі вышэйшай, то зноў на ніжэйшай пасадзе, саступаючы месца таму, хто з білетам, а недзе прагарэў i павінен быў прызарплаціцца. Аднак ён, наш Міша, сціпла i заслужана ганарыўся тым, што ў родным раёне будаваў i фермы, i дамы калгаснікам, i некалькі школ зрабіў, у тым ліку i ў сваёй вёсцы, пачатковую.
Карціна зрэдку, між іншым, нагадвае мне пра тое, што дома, у Мінску, у адной з тумбаў майго старога ды вялікага пісьмовага стала вось ужо больш за дваццаць гадоў ляжыць дарагая мне папка. Яго малюнкі. На кавалках ватману i проста паперы — аловак, пастэль, акварэль, пяро. Аўтапартрэты, партрэты сваіх i суседзяў, у тым ліку i мае, з найранейшых, што захаваліся.
Профіль мой i тады, у адзінаццаць гадоў быў лепшы за анфас, не так тырчалі вялікія вушы. Пастрыжаны я быў, як заўсёды ў вясковым маленстве, "пад бручку", другой са старэйшых сясцёр, вясёлай майстрыхай на ўсе рукі, i ўжо тым часам зноў трохі аброс, як той Понцій Пілат, які быў у нас на каляровай рэпрадукцыі з карціны Ге "Что есть истина?". Дата пад малюнкам — па-школьніцку на польскай мове: "1928 rok, lato". Мішаў почырк i тады ўжо прыгожа-хлёсткі. А збоку — i маёй рукою, нібы па-руску (нібы — бо з кропкай над "i"), з патугай на гумар: "Антонов сынішка Ваня"...
Сваё гэта, толькі сваё — у кожнага.
Але ж бывае, што i тое, толькі нейчае сваё хвалюе i цябе, чужога...
Пачатковая школа, адна з тых двух дзесяткаў школ, якія пабудаваны братам на маляўнічых прасторах нашага прынёманскага, прысвіцязянскага раёна,— школа ўжо даўнавата не працуе. І не жыве, дажывае. Закрытая па вельмі простай сучаснай прычыне: вучняў няма. Іх цяпер убачыш, пачуеш толькі ўлетку, гарадскіх унукаў. І вось яны, тая малеча, а з імі i дарослыя, нядаўна — якое нядаўна: хутка зноў будзе дзесяць гадоў! — пабуры лі тую, калісьці белую, чыстую, у кветках школку, як гаварылі з любасцю нашы бацькі i дзяды, так апаганілі яе, нібы даўно чакалі гэтай шчаслівай магчымасці, гэтай пястотнай свабоды — у малых i спрадвечнасучаснага хамства — у дарослых.
І тут ужо смутак i горыч у мяне не свае, не толькі свае, але i не чужыя — нашы.
Пра гэта гаворыць мне глобус. Не тады, калі дашкольныя, шчабятлівыя ўнукі трывожаць, круцяць яго, з ультрасучаснай цікаўнасцю — ад тэлевізара яна, ад раскошнага мноства дзіцячых кніжак — шукаюць на шматколернай пукатасці не толькі кантыненты, краіны, a i сталіцы,— але, не тады, a ў мой самотны ціхі час...
1988
ТЭМА
Мы сустрэліся прад дваццаць з нечым гадоў пасля таго, як загінуў яе муж. Пяецца: " У чужым, далёкім полі..." А тут яшчэ, нібы знарок дзеля таго, каб ёй было крыўдней за ўсіх, пахаронка прыйшла пасля перамогі, калі другая мужчыны хто голас жывы падаў, а хто неўзабаве — няхай сабе i праз паўгода — вярнуўся ці пакалечаны, ці i зусім здаровенькі.
Ды тое, ваеннае, калі я трапіў на ix лясныя хутары, было ўжо найгарчэй аплакана. Слёзы ў яе былі ўжо іншыя, навейшыя, хоць таксама ж адтуль, дзе невычэрпна нясцерпная доля.
Пагаварыўшы са мною — у хаце мы былі ўдваіх,— яна пайшла за перагародку, пашамолілася там i выйшла, аберуч трымаючы за краі павялічаны фотапартрэт у белым, пругкім паспарту. Углядалася ў яго i плакала, змогшы сказаць мне адно толькі: "Во..." Хлопец яе, адзіны сын — я чуў пра гэта ад людзей i толькі што выслухаў ад яе,— два гады таму назад, працуючы на балоце, дзе торфазаводскія распрацоўкі, быў уцягнуты ў машыну...
Бацька, калі па той песні, загінуў у чужым, далёкім полі. А сын на сваім, недалёкім балоце. Той богведама як i забіты, i пахаваны. А гэты паміраў адзін-адзінюткі на ўсім цэлым свеце, як ні крычы... Так мне было адразу ўявілася, калі пачуў пра гэта раней.Ну, а што ўжо там было хаваць, што засталося ад яго — не пасмеў спытацца.
За ўвесь час, пакуль мы сядзелі, спачатку каля стала, а потым за сталом, успамінаючы i нашу маладосць, i потым перажытае, хто дзе i як сваё перажываў, яна адзін толькі раз усміхнулася.
У вайну i адразу пасля вайны на першае гора ў яе быў памочнікам тата. Па гадах ужо не змабілізаваны, але яшчэ ўсё дужы i ўвішны. Ен ці прыходзіў, ці возам або саньмі прыязджаў з іхняй вёскі, балазе i не так далека. Цяпер яго ўжо каторы год няма, не пабачыў, як тут яе другі раз ударыла,