Выбрать главу

Але жыццё — яно ўсепераможнае, яно заўсёды прыносіць чалавеку новыя радасці. За радасцю вызвалення — зварот сыноў... А потым — нараджэнне ўнукаў. Дзяцей Міколы ён бачыць амаль штодня, яны — побач, у калгасе. A ўлетку на дачу ў яго леснічоўку прыязджаюць дзеці Паўла i Арсенія. I яму, старому, прыемна i радасна знаёміць ix, дзяцей горада, з таямніцамі лесу.

Яму хочацца, каб яны ці хоць бы хто-небудзь адзін з ix палюбіў лес так, як любіць ён, ix дзядуля, як любілі Крылоў i Косця...

I праца прыносіла радасць. Яе было многа ў пасляваенны час. I з кожным годам яе становіцца больш: пановаму, па-навуковаму вядзецца цяпер лясная гаспадарка, усё больш i больш пасадак, праполак, санітарных рубак, прачыстак. Праца...

Стары ўздыхнуў i зноў паглядзеў на вяршаліны маладых дубоў. Адвечнае дрэва дуб! Гэтым, крылоўскім, ужо за сорак год, а яны зусім яшчэ маладыя. Ім расці, жыць яшчэ сотні гадоў.

А вось яму без года семдзесят, i ён — чаго таіць! — адчувае старасць. Сёння ляснічы зноў, праўда, як заўсёды, далікатна, прапанаваў яму пайсці на пенсію. I маладыя леснікі пачалі ўгаворваць, распісваючы на ўсе лады, якое гэта шчасце — адпачываць, жыць на пенсіі. Дзіўныя людзі! Далікатнічаюць, хітруюць. Навошта? Сказалі б проста: пастарэў, Ігнат Макаравіч, цяжка табе, не ўпраўляешся ты часам... Хіба ён сам не разумев, не адчувае? Але, нялёгка ўжо з цямна да цямна бегаць па абходзе, сачыць, каб не ўзнік дзе пажар, даглядаць пасадкі, адпускаць дровы, лесаматэрыялы... Ды хіба мала яе, самай разнастайнай работы! Гэта толькі людзі, якія не маюць уяўлення, думаюць, што праца лесніка — лёгкая i не вельмі адказная. Не, цяжкая гэта праца i неспакойная. I сапраўды яму нялёгка ўжо. Баляць ногі, спіна, стамляецца сэрца...

«Ты толькі не крыўдуй, Ігнат Макаравіч. Мы ад усяго сэрца»,— сказаў ляснічы.

А завошта крыўдаваць? Дзівакі хлопцы. А што ён буркнуў як бы нездаволена, злосна: «Падумаю»,— дык гэта характар у яго такі. А што тут доўга думаць! Думаць няма чаго.

— Пайду на пенсію. Буду гадаваць унукаў,— вырашыў ён уголас.

Дубы зноў зашумелі. I старому здалося, што зашумелі яны ў гэты раз нездаволена, сумна. I яму таксама стала сумна. Ён сказаў ім, як жывым істотам:

— Нічога. Я вас не пакіну. Я заўсёды буду з вамі.

Як усякі просты чалавек, які пражыў нялёгкае працоўнае жыццё сярод прыроды, ён спакойна, без страху, без жалю да сябе часам думаў пра смерць. Ён не толькі ргізумеў няўмольны закон прыроды, ён прымаў яго душой. За сваё доўгае жыццё ён бачыў, як паміраюць людзі i як паміраюць дрэвы. Яму лягчэй, чым многім іншым: яго жыццё прадоўжыцца ў сынах, ва ўнуках, у дубах, у лесе, што пасаджаны яго рукамі.

Але, калі ён часам думаў пра гэта, з'яўлялася адно жаданне, якое ён нікому не выказаў, акрамя свайго вернага друга — жонкі. Яму хацелася, каб яго пахавалі тут, пад гэтымі дубамі, побач з Крыловым i сынам. Хацелася, каб настаўнік, які прывядзе сюды будучых піянераў, мог сказаць некалькі слоў, між іншым, у самым канцы гутаркі:

— А тут, дзеці, пахаваны ляснік, які амаль паўвека вартаваў народны лес, пасадзіў гэтыя дрэвы i вырасціў сыноў, такіх жа моцных i непахісных, як дубы.