Выбрать главу

Вярнуліся дадому позна, калі ўжо сонца паднялося над лесам, высушыла расу. Колькі грыбнікоў-мужчын сядзелі каля леснічоўкі, сушылі вопратку, елі звараныя мамай кіяхі i ca смехам расказвалі, як «яе крывы чорт» вадзіў ix па ўсім абходзе. Бацька слухаў ix i цешыўся, як дзіця.

Аднак усё-такі нехта перахітрыў нас. Калі мы наблізіліся да свайго дубняка на трэці ранак, нас сустрэла вясёлае ауканне. Там было паўвёскі людзей. Нам асталіся адны карэньчыкі. Ох, як бацька лаяў гэтага апошняга найхітрэйшага грыбнога разведчыка! Маўляў, калі ты высачыў, то i хадзіў бы адзін, а не прыводзіў бы ўсю вёску. Ды, мабыць, у таго чалавека быў іншы характар.

Генерал пасмяяўся з гэтае прыгоды майго далёкага маленства.

Завярнулі мы з шашы ў невялікі лес, на першы погляд — зусім не грыбны, бо здаваўся ён залішне акультураным i вытаптаным.

Міхась сказаў не без крыўды:

— Вам прастор i воля, а мне, як вартавому сабаку, належыць пільнаваць сваю прыватную ўласнасць. Далека не адыдзеш, а то яшчэ хто колы здыме.

— А вось каб я павёў, то пакінулі б машыну ў двары лесніка.

Так мы трохі шпіганулі генерала. Але i гэта ён нібы не пачуў. Рыхтаваўся да грыбнога паходу з такой сур'ёзнасцю, быццам распрацоўваў план Сталінградскага акружэння ці па меншай меры Бабруйскага катла. Прайшоў крокаў колькі, адчуў, што нешта муляе ў боце, сеў на пянёк i з сур'ёзнасцю старога салдата пераабуўся. Я за той час ужо абшнырыў ладную плошчу вакол машыны i нават падабраў два баравікі-перастаркі, чым усцешыў i Міхася i сябе: не без грыбоў, значыцца, лясок, генерал вёў не на «авось».

Урэшце генерал экіпіраваўся, нават ножычак расклаў, выцер аб халяву бота i паспрабаваў на палец вастрыню ляза. У кішэню фрэнча засунуў загорнуты ў цэлафан бутэрброд, хоць у нас былі прыпасы на агульны абед. Мяне такая сур'ёзнасць трохі смяшыла. Грунтоўна рыхтуецца таварыш, нібы хоча сабраць усе грыбы. Але ўвогуле чалавек гэты зацікавіў ужо з іншага боку — з творчага: характар! Калі мы рушылі з ім у глыб лесу, я вырашыў не адставаць — паназіраць, спатрэбіцца калінебудзь такі персанаж. Але хутка прыкмеціў, што генерал «водзіць за нос» мяне гэтак жа, як мы некалі з бацькам — вяскоўцаў. Тут ужо мяне апанаваў паляўнічы азарт. О не, чортаў дзед, ад мяне адчапіцца не так проста. Я ведаю лес, а таму, як добры шахматыст, ведаю ўсе твае хады наперад: куды ты павернеш, калі «выпішаш пятлю». Ды дарэмна я перабольшваў сваю пільнасць i не верыў у генеральскі спрыт. Як ні сачыў я за ім, як ні перасякаў яго хітрыя петлі, праз нейкія паўгадзіны i след гэтага старога грыбніка прастыў. Паспрабаваў аукнуць — можа, думаў, па прывычцы адгукнецца. Дзе там!

Хадзіў я доўга. Вытаптаў нямала i прасвечаных сонцам саснякоў, i густых змрочных ельнікаў, i зіхатлівых ад белаты ствалоў бярэзнікаў — тут прыкметней, чым у хвойным лесе, адчувалася наступленНе восені: залатыя пятачкі ляжалі пад нагамі, кружылі ў паветры, свяціліся ў зеляніне крон. Лес той, хоць не ўражаў пушчанскай веліччу, аднак меў сваю прыгажосць. У ім была разнастайнасць. Толькі грыбоў мала. А гэта ўжо грыбніку, ды яшчэ такому, які не часта вырываўся з горада,— трагедыя.

Стомлены, нездаволены, у думках лаючы Жмянькова i Міхася, які паслухаўся старога дзівака, вярнуўся я да машыны.

Міхась увесь свой грыбны ўлоў, а ён быў бадай не меншы, чым у мяне — не трэба было далека хадзіць! — пусціў на суп, які весела булькаў у кацялку i на сто метраў вакол даваў такі апетытны пах, што ў мяне адразу пацяклі слінкі i забылася няўдача. Сцвярджаю, што грыбны суп, звараны ўмелымі рукамі на агні, з дымком, з добрымі спецыямі, ніколькі не ўступае юшцы, нават двайной i трайной. Дастанецца мне ад рыбакоў, але, як кажуць філосафы, ісціна даражэй.

Настрой мой перад супам i іншымі прысмакамі, выстаўленымі на брызенце каля вясёлага агеньчыка, сапраўды палепшаў. Але я ўсё-такі пабурчаў, выказаў сябру нездавальненне, што ён так легка пайшоў за адстаўным генералам — павёз, куды таму ўздумалася па старэчай прыхамаці.

— Такі дзянёк страцілі! Цуд!

— Кажуць, ты хочаш напісаць апавяданні пра Леніна?

Я ўжо даўно перастаў здзіўляцца такім пераходам у размове, якія рабіў мой даўні сябра. Гэта яго ўлюбёная манера весці размову. Некаторых нашых агульных сяброў яна раздражняла. А я звыкся. Таму зусім сур'ёзна пераключыўся сам: