Выбрать главу

Аўтамабіль спыніўся каля самага бярэзніку, у канцы ix паласы. З яго выйшлі нямецкія афіцэры ў доўгіх блакітных шынялях, аплеценых залатымі «вяроўкамі», у высокіх шапках з бліскучымі казыркамі. Напэўна, i генералы там былі. Мабыць, генерал рукой у чорнай пальчатцы паказаў на Піліпка, на дзядзьку, на жанчын, на малых, якія пакінулі выбіраць бульбу i глядзелі на дзіва-машыну, i злосна закрычаў. Тут жа да ix падбеглі два маладыя афіцэры, загергеталі, як гусі. Адзін трохі ўмеў па-руску:

— Ман... матка... ехаць, ехаць! Здзесь ніхт... Крыг! Вайна! Вайна!

Другі сек паветра рукой, паказваючы на захад.

— Шнэль! Шнэль!

Што такое «шнэль» — ведаў не адзін дзядзька, бадай усе ўжо даведаліся за месяц жыцця пад немцамі. Штодня чулі гэтае «шнэль» — хутчэй, хутчэй!

Хуценька сабралі кошыкі, мяшкі, лапаты i ўподбег — у лагчыну, дзе ў кустах пасвіўся буланы, стаялі калёсы i была прыхавана ў розных месцах накапаная бульба.

Аўтамабіль стаяў нядоўга. Афіцэры паглядзелі на разасланую на перадку машыны карту. Генерал паказаў чорнай пальчаткай на адзін бок дарогі, на другі. Узняўшы пыл, машына паехала далей — да ix Сакавішчыны, туды, адкуль далятаў стук,—здавалася, зусім мірны, быццам малацілі цапамі, але не па снапах, а па голым таку.

Не паспелі дзядзька i Піліпок запрэгчы каня i сабраць мяшкі, бо не вельмі спяшаліся, нягледзячы на нямецкае папярэджанне i на жаночы страх — бабуля i маці падганялі: «Хутчэй, Ціханка, Піліпок, а то каршуны гэтыя, калі паедуць назад, задзяўбуць. Яшчэ стрэліць каторы! Бог ведае, што ў ix на вуме. Чужакі!»,— як зноў на дарозе загрукатала, ды так, што, здавалася, задрыжала, застагнала зямля.

Выехала на пагорак батарэя. Чатыры гарматы. Такія, што кожную гармату цягнула па шэсць здаравенных коней. Ды па тры былі запрэжаны ў даўжэзныя вазы, накрытыя брызентам. Батарэя збочыла каля бярэзніку i пачала заварочвацца якраз на ix палосцы. Конскія капыты, велізарныя колы глыбока ўгрузалі ў зямлю, трушчылі бульбу. Гарматы раз'ехаліся ўздоўж бярэзніку, салдаты распраглі коней, пачалі капаць ямы.

— Займаюць пазіцыю, — растлумачыў дзядзька; зрабіўся ён нейкі сурова-засмучаны i адразу заспяшаўся ехаць адсюль.— Паплачце, бабы, па бульбачцы ды ўцякайма хутчэй. З гэтымі цацкамі не жартуюць.

На бальшак не падаліся. Паехалі ўзмежкамі — паўз сухое балота, цераз ліпуноўскія саснякі. Але пачулі, што па шляху прагрукатала яшчэ адна батарэя. Бачылі з узгорка: заварочвалася яна непадалёку ад першай, за другой градой бярэзніку.

Дзядзька ўсё больш i больш хмурнеў, здавалася — твар яго, збаранаваны маршчынамі, чарнеў, як ралля пасля дажджу.

— Відаць, зноў наступаць збіраюцца. Ой, колькі пашматаюць яны нашых гэтымі пушкамі! Колькі крыві рускай пралыоць!

Бабуля загаласіла:

— Можа Рыгорка наш дзе тут.

За бабуляй — маці.

Ад напамінку пра бацьку сціснулася, зашчымела Піліпкава сэрца.

Хлопец не быў наіўны летуценнік, не думаў, як іншыя, нібы бацька яго такі герой, што куля не зачэпіць, піка не праколе, шабля не возьме, а снарад ён адкіне ад сябе. Не, хоць па-ранейшаму ўсе звалі яго Піліпком, ён даўно ўжо быў як мужчына i добра ведаў, як прыходзіць бяда. Але фантазія ў яго яшчэ дзіцячая — гарачая, нястрымная. I ён адразу ўявіў бацьку ў акопе i як пачнуць страляць гэтыя гарматы. Ад такіх снарадаў не схаваешся. I вось ужо бацька мёртвы. Звісае з фурманкі сіняя рука... Ажно ўскрыкнуў ад такога ўяўлення.

Маці загаравала:

— Ударыў нагу, сынок? Казала ж — абуй лапці. Няцёпла ж ужо.

А дзядзька нібы ведаў, дзе забалела ў плямешііка, нібы чытаў ягоныя думкі.

— Во каб нашым як перадаць, дзе немцы батарэі паставілі! Накрылі б, міленькіх. Толькі колы каваныя паляцелі б угару.

Піліпок ажно страпянуўся ад тых слоў. Хіба можна перадаць? Як?

Скрынелі нязмазаныя колы. Буланы спыняўся на пясках, адпачываў. Каня не падганялі. Шкадавалі. Стаял! за возам, панурыўшы галовы, — дзядзька, бабуля, маці. Быццам на возе ляжаў нябожчык. Быццам хавалі каго. А на мяшках сядзела Ганулька, адна нокала i смяялася, што конь не слухаецца яе. Малой было весела, бо яна не ведала яшчэ ліха.

Піліпок глядзеў на дзядзьку. Чаму Японец змоўк i больш ні слова пра тое, як можна перадаць сваім, дзе сталі нямецкія батарэі.

Але калі выехалі з сасняку i ехалі па-за ліпуноўскімі гумнамі да бежанскай хаты, у якой жылі, на бальшаку ўзняла пыл яшчэ адна артылерыйская запражка — тры пары гнядых цяжкавозаў i фурманкі са снарадамі следам. Тады дзядзька сказаў:

— Праз Ласінае можна прайсці. Восень сухая. Акопаў на балоце няма.

Бабуля не ўцяміла. Піліпкова маці зразумела, што да чаго. Нягучна, каб старая не чула, замаліла: