Выбрать главу

— Што ты надумаў, Ціханка? Хіба майго Рыгора мала, што ён там? Асіраціш адразу дзве сям'і. Загінем без цябе, дзеверка. Так мы за табой — як за сцяной. Старасту немцы не зачэпяць.

— Які я да ліха стараста ім! Знайшлі дурня! — узлаваўся на хвіліну дзядзька, але тут жа супакоіў жанчыну:— Не калаціся, Ганна. Нічога я не надумаў. Куды мне, інваліду японскаму! Языком памянціць — адно i магу.

Можа праўда — дзядзька сказаў i забыўся, бо, пакуль бульбу ссыпалі пад падлогу — няхітрая хованка ад акупантаў,— пакуль абедалі ды іншымі справамі займаліся на чужым падворку — ні слова болей не сказаў пра тыя батарэі. A ў Піліпка так моцна заселі ў галаве гарматы гэтыя, што ні пра што іншае думаць ён не мог — толькі пра ix i пра бацьку. Думаў яшчэ пра балота — Ласінае, што недалёка ад ix Сакавішчыны, праз якое можна прайсці i сказаць нашым, рускім, дзе немцы паставілі батарэі. Думаў, што каб ён пайшоў, то напэўна знайшоў бы там бацьку. Але разумеў, што яму не прайсці. Прайсці можа толькі дзядзька Ціхан, ён ведае ўсе сцежкі на тым дзікім балоце, зарослым з краю альхоўнікам, a пасярэдзіне — чэзлымі сасонкамі. Не, цераз балота можа i ён, Піліпка, прабраўся б, хадзіў жа ў журавіны ды вясной па яйкі качыныя. Але — адкуль падысці, каб мінуць немцаў? Вось тут, па сухім, па чужым полі без дзядзькі не пройдзеш. Позна ўвечары немцы хадзіць забараняюць, страляюць адразу ў кожнага, хто адгукнецца па-руску.

Адвячоркам вухнула недалёка гармата, страсянула зямлю. Хлопца скаланула. Ён ажно сеў на гародзе, чакаючы, што вось-вось заравуць усе батарэі, як тады, калі спыняўся тут фронт; яны, хто не паехаў у бежанцы, сядзелі ў лесе. Адзін бог ды немцы будуць ведаць, колькі смяртэльнага жалеза паляціць на галовы рускіх салдат, на яго, Піліпковага, бацьку. I нікога тады папярэджваць не трэба. Позна будзе.

Хацелася крычаць i грызці зямлю ад роспачы.

Але кананада не ўсчыналася. Праз колькі хвілін недзе далека, можа ў рускіх, адгукнулася яшчэ адна гармата. I сціхла. Сюды, у Ліпуны, кулямётная i вінтовачная страляніна далятала чамусьці на досвітку ды калі вецер дзьмуў з усходу.

Піліпок ведаў — дзядзька расказваў, што перш, чым усчынаць артылерыйскі агонь, робяць прыстрэлку. Ён быў упэўнены, што гэта прыстрэлка, за якой пачнецца агонь усіх батарэй, якія яны бачылі i якіх не бачылі.

Хлопец сядзеў у гародзе i не варушыўся. З напружаннем i з болем чакаў. Яго пачало ліхаманіць. Гарачка не праходзіла, калі ён, не дачакаўшыся грукату многіх гармат, вярнуўся ў хату. Пільнае матчына вока ўбачыла, што сын дрыжыць увесь.

— Захварэў ты, Піліпок? — занепакоілася яна.

— Ды не, мама. Нічога я не захварэў.

Было нямала клопату ўгаварыць маці, каб пусціла спаць з дзядзькам на сенавал. Ціхан увесь час там спаў, хоць ночы ўжо стаялі халодныя,— каб лепей чуць, што робіцца навокал: у прыфрантавой вёсцы гаспадару трэба пільна вуха трымаць, калі ў старой драўлянай хаце спяць дзеці, 6о ўсё можа здарыцца — ці шалёны снарад заляціць, ці варожыя салдаты якое паскудства зробяць.

Ляглі на гарышчы ў хляве, на духмяным сене. Сцішыліся. Але, пэўна, сена сваім шамаценнем выдавала не толькі кожны рух, але i кожны ўздых ці ўдар сэрца. Дзядзька працягнуў руку, памацаў Піліпкоў лоб.

— Цябе, праўда, калоціць нешта.

Тады хлапчына павярнуўся да яго, горача зашаптаў у твар:

— Дзядзечка Ціханка, хадзем!

— Куды?

— Нашым скажам!

— Вунь яно што! — свіснуў Ціхан i змоўк, задумаўся, відаць, i ў яго не выходзілі з галавы тыя батарэі.

— Ты ж казаў — па Ласіным можна прайсці.

— Па Ласіным можна, але як да Ласінага дабрацца?

— Хадзем, дзядзька. Гэта ж столькі яны нашых салдат паб'юць!

— Эх, Піліпок! Тут мы, можа, i ўратуем каго, то ў іншым месцы паб'юць. Вялікае гэта паскудства — вайна. Каб яе, праклятую, спыніць. Але не мы яе пачыналі — не нам спыняць. Цары ды генералы пачыналі, яны i спыняць, калі пабачаць, што мала народу астаецца, што хлеб няма каму сеяць ды жаць.

Але Піліпку было не да разважанняў пра цароў, пра хлеб, пра долю сялянскую, хоць звычайна слухаў ён дзядзьку з цікавасцю i павагай, бо, здавалася, разумнейшага чалавека ў ix няма i не было нават тады, калі ўсе сакавішчынскія мужчыны дома рабілі.

Хлопец за сваё:

— Хадзем, дзядзька!

— Ды як жа мы пойдзем удваіх? Падумаў ты, гаспадар? На каго баб, дзяцей пакінеш? Гэта ж табе не па журавіны i не на паляванне. Пойдзеш — i не вернется. Фронт, брат, гэта не месца для гулянак. Думаеш — проста так хадзіць туды-сюды?

— То давай я адзін пайду. Толькі ты раскажы, куды выйсці. А там — я ведаю.

— Cпi! — узлаваўся дзядзька,— А то папружку расперажу... Знайшоўся мне ваяка!..