Выбрать главу

Чым болей часу мінае з памятнага траўня 1945 году, тым болей пытаньняў ставіць мінулая вайна. Абясцэньваюцца шмат якія зь нядаўных каштоўнасьцяў, узьнікаюць новыя. Маладым пакаленьням здаецца, што для іх настаў час, не зьвязаны з праклятым мінулым, якое стала заслужаным лёсам іхных бацькоў і дзядоў. Але пачакаем з высновамі. Усё ж шмат што ў сьвеце зьвязанае моцнай вяроўчынай, не разблытаўшы тугія вузлы якой, ня надта пасунесься ў Інчасьлівую будучыню. Хоць гісторыя, як вядома, нічому ня вучыць, але й вучыцца ў сябе нікому не забараняе. Таму, вядома, хто хоча, чаму-небудзь навучыцца. Для іншых яна — непатрэбная рэч. У тым ліку і гісторыя мінулай і крывавай вайны.

Пакахай мяне, салдацiк

Аповесьць

Вайна шпарка кацілася пад адхон, днямі быў узяты Бэрлін, а мы ўперліся ў нямецкі абарончы рубеж за невялікім аўстрыйскім гарадком і трэці дзень стаялі на месцы. Немцы часам пастрэльвалі з гарматаў і мінамётаў, і тады сярод ладных, вастраверхіх дамкоў гахалі выбухі, і ўшчэнт разьлятаўся наўкола чырвоны друз чарапіцы. Каб ня той даховачны ды цагляны друз, якім быў закіданы асфальт, было б дужа здатна каціць на ровары, асабліва ад павароткі ўніз да паўразьбітай дамоўкі на рагу, за якой ля рэчкі стаялі акапаныя гарматы. Увогуле было небясьпечна, маглі і падстрэліць, хоць кулі зь недалёкага «перадку» сюды не даляталі. Але каб ня міны. Ад мін, гэтага нямецкага пачварства, схову на перадавой не было нідзе — ні ў полі, ні ў лесе, ні ў горадзе. Хіба ў зямлі. Але ў зямлі ўжо не сядзелася — наседзеліся за вайну. А тут буяла вясна, напоўніцу зелянела абсыпаная жоўтымі казяльцамі трава на пустцы, у гародчыках пры дамках зацьвітаў бэз, удзень прыгравала сонца. На душы павальнела, нават штосьці зарадавалася ўнутры ў няпэўным прадчуваньні маладой бяздумнай удачы. Асабліва, калі табе трошкі за дваццаць, і ўпершыню за вайну зьявілася спадзяванка выжыць. Ды сёньня трапіўся пад рукі спраўны ровар, на якім не катаўся зь дзяцінства.

З-за асьнежаных хрыбцінаў гор выбавілася ў неба ранішняе сонца, сьляпучымі промнямі нечакана ўдарыла з-за павароткі ля рога шырокага, паўразьбітага выбухам дому. На момант дарога пахіснулася, кола незнарок валюхнула ўбок, і я з добрага разгону грымнуўся на асфальт. Яшчэ аж праехаў колькі крокаў бокам. Перамагаючы боль у калене, падняў галаву і тады ўбачыў людзей. Блізка прыткнуты да ўцалелай сьцяны дамка, стаяў камандзірскі «віліс», зь ім побач — трафэйны «хорх», і застыла купка афіцэраў, якія зьдзіўлена ўтаропіліся ў мяне. Вядома, то было начальства. («I калі іх прынесла сюды?» — няўцямна падумаў я.) Ціха мацюкнуўшыся на іх і на сябе таксама, пачаў нязграбна ўставаць. Надта сьпяшацца ўжо ня мела сэнсу, я выразна адчуваў, што ўліп, і рыхтаваўся па магчымасьці перажыць малапрыемную сустрэчу.

— Паглядзіце на яго! — прагучала тонам, які не абяцаў нічога добрага. — Мабыць, для яго вайна ўжо скончылася! Ён ужо гатовы зламаць сабе галаву на дарозе!..

На маю бяду, то быў сам камандзір нашай супрацьтанкавай брыгады — камлюкаваты, з бычынай шыяй палкоўнік, адмысловы крыкун і мацюгальшчык. У брыгадзе яго і любілі, і баяліся. Болей, аднак, баяліся, бо, сустрэўшыся зь ім адзін раз, сустракацца другі ня надта хацелася. Іншыя ля машын маўчалі. Паставіўшы нагу на бампэр «віліса», углядаўся ў разасланую на капоце карту знаёмы падпалкоўнік са штабу брыгады, ля яго стаяў нейкі маёр у фуражцы колеру хакі. Гэты, апошні, з паблажлівай, староньняй ухмылкай назіраў за маёй нявыкруткай.

— Вінават, — прамычэў я, моршчачыся ад болю ў пабітым калене. Рукаў гімнасьцёркі быў здорава разадраны на локці, і я трохі павярнуў ровар, каб стаць да іх бокам.

— Дзе тваё падразьдзяленьне, лейтэнант? — вызьверыўся камбрыг.