Выбрать главу

Мусіць, было б лепш, калі б ён загінуў, памёр, каб яго пахавалі сябры па барацьбе, і яна, паплакаўшы, пахавала б разам зь ім і сваё да яго каханьне. Так было б лепей, але так ня стала. Сталася горш, і тое душыла сваёй няпэўнасьцю, несканчонасьцю, недагаворанасьцю. У той восенскі вечар яны рассталіся, як меркавалі, на пару гадзін, апоўначы ён абяцаў вярнуцца ў яе сьвяцёлку на паддашшы акрай гарадзкога парку. I яна, памятае, нават не зьбіралася класьціся спаць, сказала: буду чакаць. I не разьвіталася як мае быць, толькі трошкі прыгарнулася да яго і расчыніла палавіну дзьвярэй — ідзі! Ён і пайшоў. Ён сьпяшаўся, бо ісьці было на край гораду, а часу бракавала, і ён спазьняўся. Каб ведаць, куды сьпяшаўся! Думаў, па справе іх сьвятой барацьбы, да сябра, а там чакала яго самая чорная здрада. I ён не пасьпеў падаць каханцы хоць які-небудзь знак, так нечакана абрынулася на яго бяда. I зьнік назаўжды. Можна было падумаць: уцёк. Ад сяброў, ад яе, з гораду наогул. Ды яшчэ падумаць, што здрадзіў. Можа, усё тое зрабілі іхныя ворагі, каб сябры і яна думалі, што ён прадажнік. I цяпер замест каханьня яна яго ненавідзіць. Хіба ж можна кахаць здрайцу? А яшчэ ён не сказаў ёй самага галоўнага слова — усё думаў, зьбіраўся, ды адкладваў. То не было зручнага моманту, то здатнага для таго часу. Думаў: пасьля.

Не, яму вельмі патрэбна апынуцца на волі.

Усе гады, праведзеныя ў адзіночках ды ў агульных камэрах, ён і ня марыў калі-небудзь дачакацца волі. Вядома, можна было чакаць амністыі, часу, калі сканае дыктатар. Але дыктатары ў гэтай краіне паміралі нячаста, бо мелі жалезнае здароўе, як і наогул усе дыктатары. Хутчэй памрэ ён, ягонае здароўе ніколі не было надта моцнае. На волі, праўда, неяк ліпеў, падахвочаны барацьбой за вялікую ідэю. Тут жа ён падупаў і часта кашляў, балела ў грудзях. Але як зьявілася гэтая надзея, ён адчуў сябе лепш, быццам набыў другое дыханьне, і кашляў толькі лежачы на трантах, як калупаўся ў кутку, нават не кашлянуў ні разу. Ня мог таго дазволіць сабе.

Аднойчы глыбокай ноччу, як пратупалі за дзьвярыма і сьціхлі крокі наглядчыка, ён намацаў у нары штось новае. Новы край каменя, ражок, за які можна было ўхапіцца. Пакуль што аднаруч, але, калі яшчэ папацець, дык можна і аберуч. Тое адкрыцьцё яго надта ўзрушыла. Гэта быў плён, новыя магчымасьці, узрастаньне надзеі, набліжэньне жаданай мэты.

Але, мусіць, ня трэба было сьпяшацца. Хутка выдраць той камень наўрад ці ўдасца, на тое ў яго проста не хапала сілы. Сьпярша трэба было абкрышыць, пашырыць шчыліну, можа, раскалупаць побач другую. Усё ж, мусіць, ён перабольшыў свае магчымасьці, пачаў дужа пацець і, натуральна, стамляцца. Асабліва пад ранак. Ды яшчэ бадай што бяз сну. Якіх дзьве гадзіны зьвечара ці перад пабудкай, мабыць, было замала, каб адысьці ад стомы, аднавіць сілы. Сваю міску чачавічнага сёрбава ён зьядаў усю, але таго было цяпер мала. Неяк папрасіў дабаўкі, ды на яго толькі зьдзіўлена глянулі: чаго гэта ён раптам? I ён змоўк. Мусіў абысьціся тым, што давалі.

З тае хвіліны, як ён намацаў край каменя, часьцей стаў думаць пра яе. Яе мілы воблік паўставаў перад ім у куце, як ён калупаў, шкрэб, тузаў. Зьяўляўся ў кароткім сьне. I заўжды кепска — сумна і гаротна. Ніколі — весела, гульліва, як нярэдка было наяве, асабліва калі яны заставаліся ўдваіх на яе паддашку. За сьценамі шумеў дрэвамі вецер, у вокны пазіралі вузлаватыя сукі клёнаў, а ім так хораша было ўдваіх. Нават бяз словаў. З маўклівым клопатам адзін пра аднаго і аб іх агульнай і сьвятой справе.

Цяпер яму б толькі сказаць, што ён кахае яе і ён — ня здраднік. Ён — ахвяра, і няхай яна тое ведае. Каб усё папраўдзе. Каб яна ня думала пра яго інакш — інакш ён не заслугоўвае. Каб ён ведаў, як тое можа абярнуцца, ён быў бы тады інакшы. Быў бы ў сто разоў лепшы. Сьмялейшы. Разумнейшы. I кожны дзень, калі яны былі разам, гаварыў бы ёй, што кахае. Як нікога — ніколі. Калі б тое ведаў. Але ж ня ведаў і не сказаў. I яго дужа гняло несказанае слова.