Выбрать главу

Зрэшты, укараняць і запазычваць трэба было нашмат болей і ня толькі з таго, што датычыла тактыкі. Як мы ні хваліліся (зразумела, у прапагандавых мэтах) якасьцю айчыннае зброі, нямецкая стралковая зброя спрэс аказвалася больш дасканалай і спрытнейшай, наш славуты ППШ зь вельмі нязручным для напаўненьня дыскавым магазінам па ўсіх парамэтрах саступаў нямецкаму «шмайсэру». Няўклюдная, з даўжэзным штыхом вінтоўка XIX стагодзьдзя канструкцыі Мосіна саступала нямецкаму карабіну. Увогуле някепскі сярэдні танк Т-34, манэўровы, з добрым рухавіком, меў слабую браню і пры кепскай 76-мілімэтровай гармаце рабіўся лёгкай здабычай нямецкай супрацьтанкавай зброі, найперш — цяжкага танка тыпу «тыгр». Перавага апошняга асабліва праявілася ў абароне, пры адбіваньні наступу нашых «трыццацьчацьвёрак». Выдатная цэйсаўская оптыка і магутная гармата давалі «тыграм» магчымасьць з далёкай адлегласьці распраўляцца з атакай дзясяткаў нашых танкаў. Нярэдка савецкія танкісты плакалі ад роспачы, калі наш танкавы батальён, толькі пачаўшы атаку (асабліва на роўнядзі), трапляў пад агонь дзе-небудзь замаскаваных «тыграў» у той час, як самі «тыгры» заставаліся ў поўнай бясьпецы з прычыны далёкай да іх адлегласьці. Здаралася, калі танкісты, разумеючы, што наблізіцца на адлегласьць прамога стрэлу не пасьпеюць, кідалі машыны і пад агнём вярталіся на зыходны рубеж. Пакуль яны туды дабягалі, іхныя танкі ўжо гарэлі. Зразумеўшы нарэшце крамольную хітрасьць танкістаў, камандаваньне загадала аддаваць пад суд ваенных трыбуналаў экіпажы, якія выйшлі з-пад агню ў поўным складзе. Тады танкісты ўжывалі новую хітрасьць: сталі пад'яжджаць да «тыграў» бліжэй і пакідаць машыны ўжо пад кулямётным агнём з танкаў. Хто-ніхто зь іх гінуў, нехта быў паранены ў адкрытым полі, але камусьці ўсё ж шанцавала дабрацца да схову. З падбітай жа і падпаленай машыны шанцаў выбрацца жывым было нашмат меней.

Састарэлы, з вадзяным ахалоджаньнем кулямёт «максім» прычыняў нямала клопату, асабліва ўлетку ды на бязводным поўдні, а з тэкстыльнай стужкай — усюды ў непагадзь. Ручны кулямёт Дзегцярова запомніўся былым кулямётчыкам хіба што празьмернаю для гэтае зброі вагой. Калі на ўзбраеньні нямецкай пяхоты паявіўся кампактны хуткастрэльны МГ-42, нашым батальёнам у атацы не засталося шанцу ацалець пад ягоным шквальным (да 1000 стрэлаў у хвіліну) агнём. Адзін такі кулямёт з удалай пазыцыі за лічаныя хвіліны вынішчаў батальён. Тым, хто ваяваў у пяхоце, дужа помняцца нямецкія мінамёты, ад вэртыкальнага агню якіх не было паратунку ні ў полі, ні ў лесе, ні ў горадзе.

Нашыя страты ў наступленьні былі жахлівымі, найбольшая іх колькасьць, вядома, прыпадала на долю параненых. Лёгкапараненыя з бою выбіраліся самі, цяжкапараненыя нярэдка падоўгу ляжалі ў зоне агню, атрымліваючы новыя раны, а то й паміраючы. Выносіць параненых у тыл не дазвалялася; спробы такога роду кваліфікаваліся як уцёкі з бою. Ведама, дзяўчаты-санінструктаркі завіхаліся, як маглі, але іх было па адной на роту, параненых жа на полі бою заўжды набіралася дзясяткі. Таму выносіць іх не пасьпявалі, параненыя падоўгу чакалі, сьцякаючы крывёй, паміраючы на полі ці па дарозе ў санбат.