Каму не вядома, што жыцьцё пехацінца на фронце самае кароткае, звычайна ў пяхоце не затрымліваліся. Тыдзень у наступленьні, месяц у абароне — такі быў максымальны тэрмін для салдата стралковага батальёна, за якім наставаў «земаддзел» або «здраўаддзел», — як невясёла жартавалі пехацінцы. I калі былі іншыя роды войска, якім таксама даставалася на вайне (танкавыя, сапёрныя войскі, зьнішчальная ды штурмавая авіяцыя), дык іхная дзейнасьць хоць бы варта ацэньвалася. Галоўнай, калі не адзінай такой ацэнкай з боку дзяржавы было ўзнагароджаньне. Іерархія ўзнагародаў, як і сама працэдура ўзнагароджаньня, былі ня так вызначаныя заканадаўча, як складаліся паводле пэўнай самачыннай традыцыі. Ніхто з падначаленых ня мог быць узнагароджаны раней за свайго камандзіра, ніводны начальнік не імкнуўся ўзнагародзіць падначаленага, калі ня быў узнагароджаны сам. Ордэны звычайна разьмяркоўваліся зусім не паводле заслуг, як пра тое прынята меркаваць, а ў залежнасьці ад пасады. Ордэн Чырвонай Зоркі давалі камандзіру ўзвода, Айчыннай вайны другой ступені — камандзіру роты, першую ступень атрымліваў камандзір батальёна, які пад канец вайны заслужыў таксама ордэн Чырвонага Сьцяга, самую, дарэчы, шаноўную з ваенных узнагародаў. А ўвогуле то быў ордэн камандзіраў і палітработнікаў дывізійнага зьвяна ды яшчэ лётчыкаў. Для генэралітэту існавалі шматлікія палкаводчыя ордэны. Даволі дзіўная мэтамарфоза атрымалася з ордэнам Славы, які ўстанавілі ў сярэдзіне вайны выключна як узнагароду сяржантаў і салдат дзейнай арміі. На вайне ён быў ня надта вышэйшы за папулярны салдацкі мэдаль «За адвагу». Але ў шасьцідзясятыя гады, з ініцыятывы Канстанціна Сіманава, які зьняў дакумэнтальны фільм пра кавалераў гэтага ордэна, апошні дзіўнаватым чынам апынуўся прыроўненым да Залатой Зоркі Героя і ў гэткім статусе застаецца й цяпер. Зрэшты, наогул цяжка было зразумець пэўную лёгіку ў справе ўзнагародаў, колькасьць якіх у брэжнеўскі час дасягнула сотні, а то й болей. Кошт іх пасьля рэзка ўпаў, і, мабыць, не засталося старэйшага грамадзяніна, не ўзнагароджанага хоць бы адным ордэнам — за вайну ці за працу. I не якой-небудзь «Працоўнай Славай», а і палкаводчым ордэнам Леніна — здаецца, самай высокай з усіх нядаўніх узнагародаў. Старанная даярка ў перадавым калгасе мела гэтых ордэнаў болей, чым нават славуты з часу вайны маршал. Недарэчны статус ордэна Леніна дазваляў узнагароджваць ім усіх — ад даяркі да маршала і міністра. Толькі салдату на фронце ён быў недаступны, у салдата не хапала ніякай крыві яго заслужыць. Насуперак папулярнай думцы, на вайне наогул узнагароджвалі ня так і часта. Для многіх салдат, што скончылі вайну, пераможны мэдалёк аказаўся адзінай вайсковай узнагародай, усе астатнія — пазьнейшага, юбілейнага паходжаньня. Сьпярша за кожны ордэн плацілі невялікую суму (на курава), якая неўзабаве пасьля вайны была адмененая, зразумела, «паводле хадайніцтва працоўных». Бальшавікі, як вядома, выдатна ўмелі арганізоўваць такія «хадайніцтвы».
Вайна была даўно, за паўстагодзьдзя вырасьлі новыя пакаленьні. Шкада, аднак, што людзкая памяць пра яе ня толькі скарачаецца ў сваіх магчымасьцях, але й падмяняецца нібы якой антыпамяцьцю, актыўна капітулюючы перад прапагандавымі старэатыпамі. Мы перамаглі лютага ворага — нямецкі фашызм, але ці маем мы права забывацца пра кошт нашай перамогі? I якія яе сапраўдныя мэты — ці толькі разгром фашызму? Што мы прынесьлі на сваіх штыхах вызваленым народам Эўропы? Наколькі ашчасьлівілі палякаў, чэхаў, славакаў, вэнграў, румынаў, балгар і югаславаў, якія й дагэтуль ня могуць выграбціся з выкапанага для іх рова сацыялістычнага шчасьця? Праз паўстагодзьдзя пасьля нашай перамогі, можа, варта задаць сабе элемэнтарнае пытаньне: што мы маем ад той нашай перамогі? Вось немцы, напрыклад, не перамаглі, не перамаглі таксама італьянцы і японцы — стрывалі грандыёзныя нацыянальныя катастрофы. Але з тых катастрофаў яны зрабілі пэўныя высновы і ў выніку так добраўпарадкавалі сваё жыцьцё, як нам не ўпарадкаваць яго ніколі. Значыцца, ці такая адназначная для нас наша гістарычная перамога? Можа, тоіцца ў ёй штосьці і яшчэ, болей для нас важнае? Ці гэта Ўладар сусьвету так адмыслова разьмеркаваў сваю боскую міласьць: каму пустазвонства перамогі, а каму камфортнае жыцьцё? Каб усё па справядлівасьці, як таго і патрабуе мілы для нашых сэрцаў сацыялістычны прынцып разьмеркаваньня зямнога шчасьця.