Выбрать главу

Ну, што такое: “Прыгажосць уратуе свет”? Што хацеў сказаць гэтым аўтар – дарэчы, зусім не Дастаеўскі, а Шылер?

Як гэта: “Нельга двойчы ўвайсці ў адну й тую ж раку”? Нельга ўвайсці ў адну і тую ж плыткую, бягучую ваду, а рака са сваімі нерухомымі берагамі як звалася Свіслач, так і будзе звацца, і ўваходзіць у яе і выходзіць з яе, адной і той жа, можна пакуль ногі не забаляць.

Чаму пра нябожчыкаў трэба “або добра, або ніяк”? Хто гэта сказаў? Бессмяротныя, вечныя багі? Ці мы, якія ўсе пагалоўна асуджаны на знікненне, якіх аддзяляе ад мёртвых у лепшым выпадку некалькі няшчасных дзесяцігоддзяў?

7.

Быў у мяне артыкул – “Новыя і старыя”, друкаваўся ў “ЛіМе”. Асноўная думка там – нічога не толькі новага, а і проста людскага нельга стварыць, калі максімальна не засвоіш набыткі папярэднікаў. Немагчыма з першай прыступкі лесвіцы адразу ўскочыць на пятую ці на дзевятую. Іншымі словамі, перад тым як маляваць “Чорны квадрат”, Малевічу някепска было б мець у сваім творчым актыве палотны ўзроўню Левітана ці Веласкеса, бо так, калі ў яго адзін квадрат (хай нават тры) – гэта не наватарства, а, на жаль, усяго толькі “чорны квадрат”.

Нечакана гэты бязвінны, прахадны артыкул выклікаў цэлую дыскусію. Самы першы адгукнуўся Алесь Асташонак:

– Колькі ты выпіў, перш чым пісаць такое? – абурана сказаў па тэлефоне. – Куды ты клічаш? Якіх “старых” нам браць за ўзоры? Мы і так безнадзейна адсталі ад сусветнай літаратуры! Трэба ісці з жыццём у нагу, вучыцца жыць па-новаму, мысліць па-новаму...

Не прайшло і нейкіх 15 год, як у мяне саспеў адказ. Па-першае:

По-новому мыслить нельзя.

Меня убеждают в обратном,

Но я повторю многократно –

По-новому мыслить нельзя!

Па-другое, жыццё – гэта зусім не цягнік, на які можна паспець, а можна спазніцца. Жыццё – гэта не маршрут з пункта А ў пункт Б. Скажу больш – наўрад ці яно ўвогуле куды-небудзь рухаецца, а калі і рухаецца, дык толькі разам з намі, як шапка на нашай галаве.

2007 г.

Сечка-9

1.

“Капірайтэр (copy-writer) – складальнік рэкламных тэкстаў”.

“Слоўнік рэкламных тэрмінаў”

“Капірайтэр павінен быць як мінімум пісьменны...

Заробак капірайтэра на стаўцы складае ў сярэднім 400 – 600 у. а. па Расіі, у буйных агенцтвах – 1500 – 3000 даляраў ЗША”.

З інтэрнета

Пачуў ацэнку сваім эсэ – дробнатэм’е.

Ну, па-першае, пачынаючы некалі “сечкі”, я і не прэтэндаваў на глабальнасць, пакінуўшы гэтую прывілею сапраўдным волатам нашай сучаснай літаратуры, такім як, напрыклад, Карыдонаў, Мюар Фарыдовіч (“Маладосць”, 6, 2007), іншым...

А па-другое – што значыць дробная тэма? Возьмем хоць бы талстоўскую ці мележаўскую Ганнаў. Адна пакахала Вронскага, другая – Васіля, вось і ўся тэма. Дык, можа, справа зусім не ў тэме? “Няма, як сказаў вялікі Шэкспір, кепскіх роляў, а ёсць паршыўцы акцёры, якія псуюць усё, што ім ні дай” (М. Булгакаў, “Барвовы востраў”).

І, калі ўжо зайшла размова пра цытаты, вось чарговая “дробная” тэмка. Хто ездзіць у мінскім метро, звярнуў, канечне, увагу на кідкую рэкламу: бязрукі Антон Паўлавіч Чэхаў у майцы, на якой напісана: “Все майки хороши, кроме скучных”. Такое абыгрыванне вядомага выслоўя “Усе жанры добрыя, апроч сумных”. Унізе – нумары тэлефонаў, адрас сайта. Рэкламуюцца маечкі, на якіх можна на заказ рабіць розныя прыкольныя надпісы (напр., “Я вас всех е-mаіl”).

І што? А тое, што Антон Чэхаў тут, выбачаюся, не прышый да майкі рукаў. Крылатыя словы “все жанры искусства хороши, кроме скучных” прагучалі гадоў за 150 да яго нараджэння, з вуснаў французскага пісьменніка і філосафа Мары Франсуа Аруэ, інакш – Вальтэра, і менавіта яго пародзістая галава, калі на тое пайшло, павінна красавацца на рэкламе.

Вось вам практычная карысць ад гэтых некалькіх невялічкіх абзацаў. Цяпер мы ведаем праўду. І, катаючыся ў метро, можам у душы пасміхацца з непісьменных прафесійных капірайтэраў, з усімі іхнімі тысячамі даляраў.

2.

Паблажлівасць да дэталяў заўсёды адпомсціць аўтару. Нязначная, несур’ёзная на першы погляд “драбяза” можа перавярнуць увесь сюжэт.

Мы помнім (з “Сечкі”-2), як у аднаго вядомага пісьменніка герой паміраў з голаду, маючы ў кішэні “акрайчык” хлеба памерам з пісьмовы стол.

У другога пісьменніка вучні пішуць сачыненне “Па раману Чарнышэўскага “Что делать?”, і галоўны герой, дзесяцікласнік, называе свой літпасаж “Клоповоняющий роман клоповоняющего молодого человека”, а ў кароценькім уступе /да сачынення/ паведамляе, што рызыкоўны тэрмін “клоповоняющий” належыць, вядома, не яму асабіста, а пісьменніку Фёдару Дастаеўскаму”. Настаўніца ўражана эрудыцыяй свайго вучня і пачынае паважаць і кахаць яго. Замест таго, каб сказаць: “Ведаеш, мілы мой, табе б самаўпэўненасці крыху паменш, а адукаванасці крыху пабольш. Раю для пачатку схадзіць у бібліятэку, пачытаць пісьмы Талстога, звярнуць увагу на даты, даведацца, хто на самой справе ўжываў гэты рыкоўны тэрмін, калі і ў сувязі з чым. А ўжо тады, так і быць, прыходзь – “побеседуем о жизни и любви”.