Выбрать главу

Дык вось і Даша, і разам з ёю муж яе Аляксей і сябравалі з галубамі. Даша, не шкадуючы пенсіі, праз два-тры дні хадзіла на Камароўку і валакла адтуль у кашолках зерне, крупы, гарох, камбікорм.

Не так даўно Даша памерла. Аляксей застаўся адзін. Колькі дзён пасядзеў, паназіраў за асірацелымі птушкамі, а потым, узяўшы з сабой кашолкі, падаўся на Камароўку. Так і павялося. З раніцы Аляксей, ужо ў гадах, ідзе на Камароўку па корм для сваіх галубоў. Ходзіць, каб захавалася памяць пра Дашу і пра тых галубчыкаў-матросікаў.

Гэтая гісторыя мяне вельмі кранула.

Голуб — эмблема міру, а згодна з хрысціянскай традыцыяй — сімвал Святога Духа. Тыя хлапчукі маглі пра гэта не ведаць, але інтуітыўна яны, відаць, нешта адчувалі.

24 красавіка. Быў з калегамі на суботніку. Атрымалася замінка з месцам яго правядзення. Засмечаны «Дразды», дзе ў цёплых дачах жыве начальства, і меліся ехаць туды, але ў апошні момант адмянілі. Накіравалі ў «Атоліна» ўпарадкаваць тэрыторыю. На гэты раз папрацавалі ўсмак. Вясна. Дрэвы выкінулі дробныя чырванаватыя лісточкі і пахарашэлі. Свяціла сонца, калючае, з ультрафіялетам. Потым пайшоў дожджык. Заўтра — Вялікдзень.

25 красавіка. Вялікдзень. У царкве Аляксандра Неўскага на Вайсковых могілках шмат народу. І ўнутры, і на паперці, — усіх храм не ўмяшчае. Вернікі і проста цікаўныя. Такіх найбольш.

Цікавыя адносіны ў нас паміж царквой і дзяржавай. У Маскве чуў такі анекдот. Дырэктар завода пазваніў святару, каб папрасіць стульчыкаў для сходу. Той адмаўляецца, і тады дырэктар гаворыць: «Не будзе стульчыкаў для сходу — не будзе піянераў для хору». Святар крыўдзіцца: «Няма піянераў для хору — не будзе манашак у лазню». Дырэктар адказвае: «Не будзе манашак у лазню — дык не будзе камсамольцаў на Вялікдзень». «Ах так! Дык не будзе вернікаў на выбары!» — «А вось за гэта, бацюшка, можна і партбілет на стол пакласці!»

27 красавіка. Вечар, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння З. Бядулі. Даклад зрабіў В. Каваленка. Прысутнічалі П. Броўка, К. Крапіва, М. Танк, Р. Шырма. З успамінамі выступілі Л. Рахленка, А. Якімовіч, брат пісьменніка М. Я. Плаўнік.

З. Бядуля знайшоў свой Іерусалім у Беларусі, сярод беларускіх людзей і беларускай прыроды. Спрабаваў пісаць на розных мовах, але менавіта беларускую адчуў як сваю.

Нядаўна даведаўся, што супрацоўнікі «Нашай нівы» хацелі Бядулю ахрысціць, што, на іх думку, станоўча адбілася б на жыцці і творчым лёсе пісьменніка, але ён не згадзіўся.

Афіцыйна лічыцца, што Бядуля — адзін з заснавальнікаў метаду сацыялістычнага рэалізму ў беларускай літаратуры.

28 красавіка. Сход у Магілёўскім абласным аддзяленні. Справаздачу трымаў Аляксей Пысін. Паэт ён добры, а адміністратар з яго слабы. Відаць, не за сваё ўзяўся. Ёсць на яго скаргі ад магілёўцаў. Зрэшты, з пісьменнікамі ладзіць цяжка.

29 красавіка. Аўтарскі вечар Івана Мележа ў Акадэмічным тэатры імя Я. Купалы. Выступілі пісьменнікі Н. Гілевіч, П. Панчанка, А. Аўрамчык, Е. Лось, А. Лойка. Прыехалі землякі. Мележ трымаўся бадзёра.

Некаторыя кажуць, што, апроч «Палескай хронікі», ён нічога, вартага ўвагі, не напісаў. А хіба «Палеская хроніка» — гэта мала? Незычліўцы ёсць у кожнага.

У тым, што ён кажа пра Шолахава (з нагоды яго 70-годдзя), гучыць сваё, уласнае, пра што ён безупынна думае:

«В наше время кое-кто страстно убеждает, что движение истории и бытие народное превосходно можно изобразить и через одну личность и что, надо думать, время эпопей ушло в прошлое. Но все эти сомнения властно сметает созданное Шолоховым в недавние времена. Какой многоликий, многосудебный, могучий поток народной жизни — радостей, страданий, надежд, отчаянья, нежности и жестокости, — жизни необратимой, неостановимой, открывается нашему взору и нашему сердцу в его романах! Какой многоцветный и какой естественный, удивительно правдиво и точно запечатленный мир живет в извечном обновлении в его книгах!» («Новый мир», 1975, № 3. С. 233—234).

1 мая. Холад з самай раніцы. Вецер. На трыбуну не хадзіў.

Гартаў новы зборнік паэзіі П. Панчанкі «Крык сойкі», падораны аўтарам. Усё на месцы. Паэт павесялеў.

4 мая. Прыгожа апранаюцца ў бледна-зялёныя строі бярозы. Каштаны ўжо распусціліся. Ідучы на працу, чуў, як падаюць галасы птушкі. Які ён усё ж такі прыгожы гэты свет!

У СП ідзе падрыхтоўка да VІІ з’езда, завяршаючы этап. Апарат СП перабіраецца ў новае памяшканне — Дом літаратара.

6 мая.З маіх назіранняў. Кіраўнікі СП пабралі (каму даў Літфонд, каму — Машэраў) прыстойныя кватэры. Засяляюць старыя кватэры дзярждзеячаў (Прытыцкага і інш.). Партдзярждзеячы засяляюцца ў новыя, сучасныя. Мяне гэта радуе. Засяляюцца і каля сябе селяць дзяцей, іх сямейныя атожылкі. Ну і добра! Атрымліваюць новыя, больш прыдатныя кватэры пісьменнікі. Але ж пішуць горай! Вось у чым пытанне. А. Пысін лепшыя свае кнігі — «Мае мерыдыяны» і «Твае далоні» — напісаў у ваннай з сумешчаным санвузлом, седзячы на накрытай ракавіне. Цяпер, кажуць, атрымаў нешта асобнае (абкам адшкадаваў), але справы з вершамі пайшлі горш.