Выбрать главу

Гаварылася пра дакументалістыку, наватарскі пафас дакументалістыкі, якая разбурае клішэ, стэрэатыпнасць мыслення, несумненны. Дакументалісты ўмеюць браць «павесційную» форму з самога жыцця. Менавіта жыццёвы матэрыял вызначыў форму кнігі «Я — з вогненнай вёскі…» Маналогі яе герояў — гэта застылая плынь іх свядомасці, беражліва захаваны аўтарамі кнігі.

Вымалёўваецца новая карціна свету. Сучаснасць ускладнілася ў самой сваёй жыццёвай сутнасці, — чалавецтва апынулася перад праблемай захавання навакольнага асяроддзя, зберажэння гістарычнай памяці і ўсіх каштоўнасцей, створаных народамі. У літаратуры ўстанавіўся новы погляд на станоўчага героя: цяпер сталі шукаць у ім духоўны змест, патрабаваць, каб ён адчуваў норму ідэальнасці, без якой не можа існаваць ніякай маралі.

Афіцыйныя патрабаванні між тым застаюцца амаль нязменнымі. Пісьменнікам па-ранейшаму трэба апяваць сучаснасць.

З прывітальнай прамовай выступіў Сяргей Міхалкоў. Ад ЦК КПСС на з’ездзе прысутнічаў загадчык сектара мастацкай літаратуры ў аддзеле культуры К. М. Далгоў. Калі прыехаў, дык у гасцінічным нумары пачаставаў мяне каньяком. Каньяк не дарагі — «Плиска». Падарыў мне брашуру, якую напісаў сам, з аглядам сучаснай буржуазнай філасофіі. Моцна яе крытыкуе.

На з’ездзе з’явіўся Марцэлеў. Выгляд меў ужо не той, што раней, больш сціплы. Я папрасіў Таццяну Кузьмінічну выдаць яму з’ездаўскую папку са справаздачнымі дакладамі праўлення, рэвізійнай камісіі, даведнікам, блакнотам, запісной кніжкай, каляндарыкам і шарыкавай аўтаручкай. Як і кожнаму дэлегату. Ён быў вельмі ўдзячны «за памяць». У будаўніцтве гэтага Дома літаратара актыўны ўдзел браў і ён. Можа, не трэба гэтага забываць.

Некаторыя пісьменнікі паспелі ўжо лыкнуць, спатыкаюцца, з непрывычкі, на вострых мармуровых ступеньках у вестыбюлі. А. Міронаў, паслізнуўшыся, разбіў нос.

12 мая. Другі дзень работы з’езда. Бралі слова Б. Сачанка, М. Лужанін, А. Макаёнак, Ю. Міхневіч, А. Асіпенка, В. Мыслівец…

У часе перапынку на абед (паабедаўшы ў камфортным кафэ Дома літаратара), дэлегаты (некаторыя на падпітку) пацягнуліся на свежае паветра. Выйшаў і я. У парку Горкага ўбачыў Віталя Вольскага — сядзіць з кійком на лавачцы, адпачывае, слухае птушак, цешыцца іх галасамі. Я прывітаўся і з ветлівасці спытаў:

— Чаму вы не выступаеце?

Ён пасміхнуўся і сказаў:

— Я ўжо па цяперашнім часе глуп. Мне ўжо выступаць не трэба.

«Мудры чалавек», — падумаў я, назіраючы, як ён доіць клінок бародкі, — а яшчэ ж не надта стары. 75 гадкоў сёлета мае адзначыць. Мы ўжо яму і двухтомнік запланавалі ў «Мастацкай літаратуры».

Не відаць было нешта за трыбунай і Карпюка.

Па абедзе надышла чарга арганізацыйных пытанняў. Абралі праўленне, рэвізійную камісію, дэлегатаў на VІ з’езд пісьменнікаў СССР.

Па пратаколе трэба было прыняць Прывітальнае пісьмо ЦК КПСС. Вось тут і адбылася замінка, якая магла адгукнуцца чымсьці болей непрыемным. Пісьмо па дамоўленасці павінен быў агучыць Макаёнак. Тэкст, над якім мы працавалі колькі дзён (Кузьмін бясконца вяртаў, патрабуючы: «Нада цяплей, цяплей!..), я перадаў Андрэю Ягоравічу яшчэ ў першай палове дня. Ён прабег вачыма, акуратна згарнуў і паклаў ва ўнутраную кішэню пінжака, яшчэ і прыхлопнуў рукой. Не хвалюйся, маўляў, агучу! Надышла пара агучыць. Андрэя Ягоравіча папярэдзілі, і ён адразу палез у кішэню, каб дастаць «пісьмо», але там яго не аказалася. Праверыў бакавыя кішэні — няма! Я заўважыў, што на ім іншы касцюм. Той быў светлы, а гэты цёмны, вячэрні. Значыць, пераапрануўся, падрыхтаваўся да прыёму. Відаць, пісьмо і засталося ў тым светлым касцюме. Андрэй Ягоравіч нервова агледзеў стол, падняў вазу з кветкамі, нават пад стол зірнуў. Няма! Я кінуўся да Кузьміна, які вёў гэтае пасяджэнне, папярэдзіў, каб не даваў пакуль што слова Макаёнку: прапала «пісьмо»!

Выручыў Анатоль Вярцінскі, у шуфлядзе яго стала быў другі экзэмпляр «пісьма». З ім перапалоханы Макаёнак і падняўся на трыбуну. Непрыемны момант перажылі. Шэф, доўга не думаючы, сказаў: «Гэта ўрадзіцельства». На прыёме ў Вайсковым завулку падышоў Кузьмін:

— У старыя часы мы б з табой, Уладзімір Васільевіч, заўтра з раніцы ўжо б не ўбачылі шыльдачак на сваіх кабінетах. Ох, загрымелі б! Ужо далёка б былі. Я, можа, паслом у Гвінею, а ты — не знаю…

Я нічога яму не адказаў, толькі падумаў: «Эх, Гніламёдаў! На сумнай ноце ты заканчваеш сваю партыйную кар’еру…»

К. М. Далгоў, дарэчы, нічога не заўважыў, як не заўважыла і публіка. Прыём удаўся — вясёлы, з тостамі, з багатымі напоямі і закускай. Авяр’ян Дзеружынскі, які таксама быў на гэтым прыёме, сказаў: