Выбрать главу

— Я толькі пад старасць зразумеў, што гарэлка не ўрэдная. Усе, хто знаходзіўся побач, зарагаталі.

13 мая. Зеляніна ўвабралася ў сілу, але халодна. На агародах нічога не расце. Пётр Міронавіч з пісьменнікамі з раніцы паляцеў на верталёце на Гомельшчыну, на Палессе. Узяў з сабой «народных» — М. Танка, І. Шамякіна, І. Мележа, П. Панчанку і інш. Паляцелі зірнуць на асушанае Палессе.

14 мая. Былі з Тамарай і дзецьмі ў «Атоліна». Калегі-дачнікі садзяць бульбу — «адрэту» з ГДР. Добры, кажуць, гатунак. Спяшаюцца, хоць зямля яшчэ не прагрэлася як след. Прыватны інтарэс у чалавеку нязводны.

У лесе, чуваць было, кукавала зязюля.

15 мая. Успамінаю з’езд і думаю над яго вынікамі. Ён пацвердзіў, што літаратура застаецца сродкам і мастацтвам чалавеказнаўства. Але яна, як чалавеказнаўства, з’яўляецца таксама адначасова і летапісам жыцця.

У чым заключаюцца асаблівасці сучаснага літаратурна-мастацкага працэсу? Нельга не заўважыць, што сучасная мастацкая думка, трымаючы ў полі зроку ўсю сацыяльную праблематыку часу, больш і глыбей даследуе ўнутраны свет чалавека, яго сутнасць, маральныя магчымасці, сувязі з людзьмі, прыродай, вытворчасцю і г. д. Мастацтва хоча пазнаць, вытлумачыць чалавечы феномен, раскрыць яго прыроду, асвятліць глыбіню яго духоўнага свету. Даводзіцца назіраць у сувязі з гэтым узрастанне светапогляднага пачатку ў літаратуры, яе філасафічнасці і канцэптуальнасці, свядомага гістарызму. Паглыбленне шматпланавых ідэйна-маральных пошукаў — характэрная рыса ўсёй савецкай шматнацыянальнай, у тым ліку і беларускай, літаратуры. Ствараючы вобраз станоўчага героя, пісьменнікі імкнуцца раскрыць ідэйна-маральны патэнцыял асобы, яе месца ў жыцці, адносіны да працы, калектыву, грамадства.

Герой літаратуры стаў больш цікавым, актыўным, чалавечым, ён стаў глыбей разважаць і разумець сэнс жыцця, складаныя палітычныя, эканамічныя, экалагічныя праблемы сучаснага свету.

Нельга не адчуць, што сёння, і пра гэта гаварылася на з’ездзе, абуджаецца, актыўна ўступае ў правы сутворцы — памяць. Глыбока ў мінулае не глядзім, а пра Вялікую Айчынную вайну пішам шмат і па-новаму. Усё яшчэ надта балюча вярэдзіць яна людскую душу, нагадвае аб сабе болем, непапраўнымі стратамі, усім перажытым. Публікуюцца ўспаміны франтавікоў, сведчанні былых вязняў лагераў смерці, а таксама людзей, якія перажылі акупацыю, што пралівае новае святло на падзеі, пакінутыя без увагі ў момант усеагульнай пераможна-параднай эйфарыі, на факты, якія раней асэнсоўваліся не на поўную глыбіню, а некаторыя наогул утойваліся.

Што датычыць крытыкі, то трэба, каб яна асэнсоўвала любы факт літаратурнай рэальнасці ў аб’ёме ўсяго інтэлектуальнага багацця, накопленага ўсім чалавецтвам. Патрэбна крытыка, якая спалучала б усю жыццёвую шматстайнасць крытэрыяў — сацыяльных, эстэтычных, маральных, бытавых і ўсіх іншых. Літаратуразнаўства, на мой погляд (а пасля прапановы Івана Якаўлевіча я пра гэта думаю), павінна развівацца шляхам пашырэння дыяпазона даследаванняў, а не простай зменай тэматыкі.

16 мая. Нарэшце пайшоў дождж, але холад — вільготнае паветра! — адчувальна бярэ за бокі.

17 мая. Дзень нараджэння Тамары. Яна звычайна збірае сваіх сябровак. Былі яны і на гэты раз. Быў Лёня.

18 мая. Свет не перастае здзіўляць. Парватаў: «Нада даць даручэнне Марцэлеву, каб забяспечыў рэцэнзаванне спектакляў у гэтым сезоне. Пускай падумае. Гэта — па-першае. Па-другое, як у яго там з выданнем «Збору помнікаў» што тычыцца чарговых тамоў? Зноў, відаць, перабор культавых сааружэній? Пускай даложыць!»

Нядаўна С. В. даваў даручэнні Парватаву (наконт «перабору культавых сааружэній» у Зводзе помнікаў, які выдае гэты акадэмічны інстытут), і той вярцеўся, а цяпер усё памянялася на 180 градусаў, стала наадварот.

21 мая. Квецень садоў. У пяць гадзін раніцы наладжваюць свой грай птушкі. У шэсць гадзін да іх далучаюцца людзі — жыхары навакольных дамоў, пабудаваных на месцы старых драўляных абсад. Пачынаюць выбіваць свае дываны і праганяюць птушак. Сады ад тых абсад яшчэ засталіся. Дрэвы старыя і цвітуць шчыра, раскошна, нібыта ў апошні раз.

23 мая. П. Панчанка ў Доме літаратара расказваў пра палёт з Пятром Міронавічам на Палессе, пра тое, як гасцявалі на радзіме Мележа ў Глінішчы, як сустрэлі пісьменніка землякі. Унізе, пад верталётам, бачылі абшары асушанай зямлі. «Гаворка, таварышы, ідзе пра маштабнае асушэнне Палесся, — каменціраваў Пётр Міронавіч. — Сярод меліяратараў у нас ёсць героі. А вось літаратары іх чамусьці не заўважаюць…»