Выбрать главу

Панчанка пад уплывам убачанага напісаў верш «Палёт на Палессе». Хвалебны, але свежы, па-майстэрску складзены, перакладаецца на рускую мову.

24 мая. Хмурна. Чытаў кнігу Б. Поршнева «О начале человеческой истории». Поршнеў — медыевіст, але ў гэтай кнізе ён яшчэ і філосаф. Шмат цікавых думак. Прынамсі, ён сцвярджае, што ў сярэднявеччы індывідуальнае жыццё чалавека не было прыдатнай мерай плыні гісторыі, якую вымяралі дынастыямі — цэлымі ланцугамі жыццяў. Чалавечая гісторыя з цягам часу ўсё больш ушчыльняецца і паскарае сваю хаду. Яна «ўяўляе сабой прагрэсіўна паскораны працэс і па-за гэтым не можа быць зразумета» (Б. Ф. Поршнев. О начале человеческой истории. Изд-во «Мысль». М., 1974. С. 27).

Поршнеў кранае таксама даўнюю праблему таго, хто кім «валодае»: мы мовай ці мова намі, мы карыстаемся мовай і развіваем яе ці мова развівае нас і апякуецца намі, імкнучыся адкрыць нам нейкую ўніверсальную ісціну.

25 мая. Дні ўкраінскай літаратуры і мастацтва ў Беларусі. Прыляцелі на «Як-45» пісьменнікі Любамір Дзмітэрка, Васіль Казачэнка, Леанід Навічэнка, Мікола Зарудны, Мікола Нагнібеда, Браніслаў Сцепанюк, Тамара Каламіец і інш. Сустракалі А. Макаёнак, І. Чыгрынаў і я. Госці ўладкаваліся ў гасцініцы «Юбілейная».

Вячэралі ў рэстаране. Фундаваў А. Макаёнак. Багач! Што б мы рабілі, каб не ён.

Л. М. Навічэнка выступіў з тостам. Між іншым сказаў:

— Дорогі друзі, мы прыїхали до своїх вчитилів.

Мне было вельмі прыемна такое чуць.

Сувязі паміж беларускімі і ўкраінскімі пісьменнікамі неблагія. Украінскія — праз Бюро прапаганды літаратуры — выступаюць перад чытачамі ў Беларусі, нашы — на Украіне. Не так даўно там была група пісьменнікаў з Мінска. Мікола Татур расказваў, што ўкраінцы павесілі прыгожую аб’яву, у якой пералічылі прозвішчы беларускіх выступоўцаў. Сярод іншых значылася: Ліда Дай. Дамаўляліся па тэлефоне і пераблыталі. Зрэшты, пісьменнікі любяць і пажартаваць.

26 мая. Адкрыты мемарыяльны знак Тарасу Шаўчэнку на бульвары яго імені. Кінатэатру прысвоена назва «Кіеў», а скверу вакол кінатэатра — «Кіеўскі».

Украінскія пісьменнікі раз’ехаліся групамі па Беларусі.

29 мая.Сустрэча з украінскімі пісьменнікамі ў Доме літаратара. Паставілі выпіць і закусіць. Украінцы зайздросцяць, што беларускія пісьменнікі атрымалі такі падарунак — новы Дом літаратара. Быў на сустрэчы Кастусь Ціханавіч (выйшаў на працу пасля працяглай хваробы). Спытаў у яго пра здароўе. Спытаў, а потым каяўся, бо Кірэенка адказаў даволі рэзка:

— Ведаеце, Уладзімір Васільевіч, слух аб маёй смерці значна перабольшаны і аказаўся заўчасным.

Такога адказу я не чакаў і, па праўдзе, разгубіўся. Відаць, надакучыла яму гэтае пытанне. Залішне плешчуць людзі языкамі, спраўляючыся аб самаадчуванні чалавека.

30 мая. Лісце кругом свежае, набрынялае хларафілам.

Заходзіў Броўка. Казаў, што мае пераходзіць на прозу: «Бачу, што ў паэзіі паўтараюся». Тое-сёе з прозы ён ужо апублікаваў, але блізкае да паэзіі. Пегаса ён асядлаў даўно, цяпер не ведае, як з яго саскочыць.

3 чэрвеня. Аўторак. Напісаў заяву ў Літфонд на творчую камандзіроўку ў Куйбышаў. Маю пісьменніцкі інтэрас і нават душэўную патрэбу з’ездзіць туды. Л. Гаўрылкін абяцаў падтрымаць. Дарога няблізкая. Адзін раз я там пабываў ужо. Гэта — радзіма майго бацькі Васіля Аляксандравіча: Куйбышаўская вобласць (былая Самарская губерня), Борскі раён, сяло Заплаўнае на беразе ракі Самаркі. Мае аднавяскоўцы былі там у бежанстве ў 1915—1922 гадах. Сяло Заплаўнае — 900 двароў (у маім Кругелі — 25). Народ цікавы, арыгінальны. Частавалі мяне брагай і хваліліся, што яны нашчадкі хазараў і што дарогу да Масквы маглі б блінамі «ўлажыць». Не дзіўна: зямля тут ураджайная, стэпавы чарназём. Але здараюцца жорсткія засухі.

— Мы малопьющие, — жартаваў, помню, чарнабароды, сярэдніх гадоў, калгаснік, — сколько ни выпьем, всё мало.

Хачу напісаць пра сваіх аднавяскоўцаў, якія апынуліся тут у лістападзе 1915 года. Ці атрымаецца ў мяне што-небудзь вартае ўвагі, не ведаю, але нездарма кажуць, што сапраўдны поспех прыходзіць тады, калі людзі бяруцца за безнадзейную справу.

7 чэрвеня. У кафэ Дома літаратара спаткаўся з Міхасём Стральцовым. Яго любіць моладзь. Адзін з самых дасведчаных у тэарэтычным плане пісьменнікаў. Калісьці браў у мяне старую кнігу Тынянава «Архаисты и новаторы» і, відаць было, што нешта ў ёй зразумеў. На адміністрацыйныя пасады ніколі не прэтэндаваў і не прасіўся.

Разгаварыліся. Ён мне паспачуваў:

— Ты ж там у іх як заложнік. Ідзі адтуль, хоць куды ўцякай!

Пра гэта я і сам думаю, але парада Міхася не спадабалася. У ёй было нешта панічнае. Ніякі я не заложнік, гэтага я ніколі не адчуваў. Іншая справа, што я толькі вінцік, функцыя, што службовае становішча замінае мне хоць трохі разгарнуцца, самасцвердзіцца.