Выбрать главу

Макаёнак успомніў і расказаў пра ўражанне ад першай пастаноўкі сваёй п’есы. З таго часу шмат вады сплыло, і ўзлёты зведаў, і няўдачы.

— А ты сабе вунь якую кар’еру падабраў! — раптам сказаў ён, маючы на ўвазе мяне.

Пілатовіч і Марцэлеў засмяяліся.

— Вы ж таксама калісьці ў райкаме працавалі, — адзначыў Пілатовіч.

— Было.

У мяне з Макаёнкам даўняе знаёмства і стасункі. Некалі, з год назад, я спрабаваў уладкавацца ў «Нёман» на працу, але атрымаў адмову. Так што цяпер на яго заўвагу прамаўчаў.

Пагаманілі пра тое-сёе яшчэ. Марцэлеў сказаў: «Пісьменнікі часам — як дзеці, імі трэба кіраваць, апякаць». — «Дзеці, — згадзіўся драматург, — але сукіны дзеці». Гэта зноў рассмяшыла.

Але пара было развітвацца. Сустрэчай былі задаволены і госці, і гаспадар.

Мы паехалі.

29 кастрычніка. У «Полымі» рэцэнзія Г. Бураўкіна на Н. Гілевіча — зборнік «Лісце трыпутніку»: «Адна з самых характэрных рыс паэзіі Н. Гілевіча — спакойная засяроджанасць і абсалютны давер да народнага вопыту».

Відаць, і сапраўды народнаму вопыту трэба давяраць.

2 лістапада. Дзень нараджэння паэта Максіма Лужаніна. Максім Лужанін — патрыярх беларускай літаратуры, стары, мудры паэт, яскравая творчая індывідуальнасць. Першая яго кніга — зборнік вершаў «Крокі» — выйшла ў свет шмат гадоў назад, у 1928 годзе, калі аўтар з’яўляўся студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. «Хрысцілі» яе, як успамінае аўтар, Янка Купала і Цішка Гартны, які ў той час узначальваў выдавецтва. Па загадзе Цішкі Гартнага выплацілі і ганарар.

Ад Лужаніна я ўпершыню пачуў прымаўку: «Кінь за сабою, а знойдзеш перад сабою». Ад яго ж даведаўся, што аўтар «Самсона Самасуя» Андрэй Мрый — родны брат Васіля Шашалевіча. Для гісторыка літаратуры ўсё гэта ўяўляе несумненную цікавасць. «Запіскі Самсона Самасуя» былі надрукаваны ў часопісе «Узвышша» напрыканцы 20-х гадоў. Сёння пра іх ніхто не ведае. Я, аднак, чытаў у «Ленінцы». Не спадабаліся: усё на паверхні. І яшчэ. Аказваецца, са слоў Аляксандра Амвросьевіча, Язэп Пушча меў брата — літаратурнага крытыка Прушынскага, які да вайны быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны». Гэты Прушынскі ўсю вайну праседзеў у Мінску, друкаваўся ў беларускай прэсе.

Як і ў кожнага, на жаль, ёсць крытыкі і ў Лужаніна. Я сам чуў, як Р. Бярозкін хваліў верш майго земляка брэсцкага паэта Міколы Засіма «Заклік», у якім гаворка ішла пра партызанку і партызанскую тактыку:

А кулак наш, як жалеза,

Грудзь шырокая, што печ,

Дый пад бокам Белавежа, —

Можна ўдарыць, можна ўцеч.

«Тут, — захапляўся Рыгор Саламонавіч, — уся праўда пра партызанаў. За гэтыя радкі я аддаў бы ўсяго Лужаніна».

Крыўдна, бо несправядліва.

4 лістапада. У Чылі ўступіў на пасаду прэзідэнта краіны Сальвадор Альендэ — першы марксіст (сацыял-дэмакрат), які перамог на прэзідэнцкіх выбарах на амерыканскім кантыненце. Што б хто ні казаў, а сусветная рэвалюцыя, як прагназаваў Маркс, а за ім Ленін, працягваецца. Толькі, думаю, сацыялізм у кожнай краіне павінен мець свой твар.

6 лістапада. Атрымаў (за грошы) у размеркавальніку прадукты, бутэлькугарэлкі і бутэльку каньяку. У размеркавальніку было гармідарна.

Прыдбаў нарэшце ложак.

7 лістапада. Гадавіна Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Дэманстрацыя і народ. Гэта фактычна асенні паўтор першамайскага свята. Яно такое ж казённа-масавае. Вялікім прыхільнікам масавых свят быў Сталін. Гэта не інакш яго духоўная спадчына.

Па маім запрашэнні заходзіў у госці Леанід Антонавіч Царанкоў. Калісьці, у 1954—55 гадах, на першым курсе, ён чытаў нам антычную літаратуру. Тады ён працаваў у Брэсцкім педінстытуце, цяпер у БДУ.

Леанід Антонавіч (чаму — не ведаю) ганіць уніятаў, быццам у яго з імі нейкія асабістыя рахункі. Бацька яго Антон Царанкоў да нядаўняга часу спяваў у Шырмавай капэле. Бас-прафунда. У вядомай песні «Вячэрні звон» ён, злева стоячы, і выдаваў гэтае «бом». Цяпер на пенсіі, але на канцэрты, дзе мае выконвацца «Вячэрні звон», Рыгор Раманавіч яго запрашае. Замены — няма.

8 лістапада. Прачытаў у «ЛіМе» рэцэнзію К. Буслава (акадэміка-сакратара аддзялення грамадскіх навук АН БССР) на зборнік П. Броўкі «Між чырвоных рабін». Разумны, напэўна, чалавек, але пра паэзію пісаць не ўмее.

11 лістапада. У Каралішчавічах, у Доме творчасці імя Я. Коласа, адкрыўся чарговы 10-дзённы семінар пачынаючых паэтаў і празаікаў. Запрошана каля 40 маладых аўтараў, у тым ліку А. Разанаў, Г. Карпава, Н. Шклярава,

М. Янчанка і інш. Маладыя, нават самыя пачынаючыя, наўрад ці паскардзяцца на недахоп увагі да іх. Кнігі, апавяданні, зборнікі вершаў выходзяць рэгулярна. Так, нядаўна на паліцах мінскіх кнігарняў паявіліся кнігі В. Мысліўца «Дубы не маўчаць», П. Місько «Калодзеж», С. Панізніка «Кастры Купалля», М. Купрэева «Непазбежнасць», М. Дуксы «Спатканне», І. Леткі «Тры крокі ад сонца». Да гэтага выйшлі з друку паэтычныя зборнікі В. Зуёнка, М. Маляўкі, А. Сербантовіча, В. Лукшы, Хв. Чэрні, А. Канапелькі, М. Кусянкова, А. Кавалюк. На падыходзе першыя і — я веру! — добрыя кнігі апавяданняў М. Капыловіча, А. Кудраўца, В. Карамазава, М. Гіля, К. Пішчыкавай, А. Масарэнкі і іншых.