Выбрать главу

Якіх-небудзь канкрэтных прозвішчаў ён не называў.

У ЦК гэты час усе былі надта насцярожаныя, чакаючы, што мае выступіць Аляксей Карпюк. Баяцца, бо за Карпюком слава вострага прамоўцы. Але абышлося.

15 лістапада. З раніцы і ўвесь дзень страшэнны галалёд. Спыніўся транспарт, і я да трамвая ішоў пяшком. Адзін раз пакаўзнуўся і ляпнуўся заднім месцам.

17 лістапада. Салжаніцын выключаны з Саюза пісьменнікаў. Падтрымлівае яго Твардоўскі.

18 лістапада. Паслаў тэлеграму маме, учора быў дзень яе нараджэння, а я ў службовай мітусні забыў. Вяртаючыся з пошты, назіраў, як у Свіслачы, ля моста, плаваюць у незамерзлай вадзе дзікія качкі. На поўдзень ляцець паленаваліся.

19 лістапада. Шмат размоў пра муміё — нейкую, як кажуць, горную смалу, якой лечаць розныя, амаль усе, хваробы. Як бы арліны памёт. Здабываюць муміё ў гарах Сярэдняй Азіі.

20 лістапада. Выйшаў з друку першы том БелСЭ. Калі за справу возьмецца Броўка, дык абавязкова чагосьці даб’ецца. Гэтага, на жаль, нельга сказаць пра Танка, пра Крапіву, а людзі між тым уплывовыя.

21 лістапада. Вечарам у кіназале Дзяржкіно БССР глядзелі кінакамедыю «Брыльянтавая рука». «А ўсё-такі «Волга-Волга» лепшая!» — адзначыў Парватаў і патлумачыў:

— Сталін пасля прагляду «Волгі-Волгі» сказаў: «Как будто в отпуске побывал!»

Кожнаму — сваё.

23 лістапада. Праводзілі на пенсію сакратара ЦК Ф. — чалавека даволі сталага веку. На партсходзе апарата ён прачытаў даклад, напісаны памочнікамі. Там была фраза: «Мы являемся передовой державой ХХ столетия». Ён прачытаў: «Мы являемся передовой державой ха-ха столетия». Слухаючы, вышкаленыя апаратчыкі, ледзь стрымлівалі смех. Машэраў зрабіў заўвагу памочнікам за тое, што так атрымалася.

Гэта ж прамоўца з тэкстам у руках так недарэчна памыліўся. А каб адняць у яго тэкст? Што б ён тады сказаў? Выглядаў бы пэўна як герой Аркадзія Райкіна.

Старыя партыйцы часам здзіўляюць палымянасцю сваіх прамоў. Нядаўна слухаў абкамаўскага дзеяча Івана Фраловіча. Ён з такой жарсцю агітаваў за ўгнаенне палёў, што падскоквала перад ім трыбуна, у якую ён грукаў кулаком, і калацілася паветра. Хаця пытанне, здавалася б, яснае і зразумелае кожнаму. Гэта, я думаю, бальшавіцкі стыль.

Такія кіраўнікі, як Машэраў, Пілатовіч, Ціхан Кісялёў — людзі новага пакалення. У часы «адлігі» (пасля смерці Сталіна) часам думалася, што жыццё рухаецца не барацьбой класаў, а барацьбой, зменай пакаленняў. Рэзон у гэтым, напэўна, ёсць, але бедныя заўсёды будуць касіцца на багатых.

25 лістапада. Страшэнна доўга — ад маіх студэнцкіх гадоў — гаварылі пра неабходнасць абараніць Байкал ад цэлюлозных стокаў. Цяпер паведамілі, што Байкал ахоўваецца як запаведнік. У гэтым, думаю, вялікая заслуга пісьменніка Сяргея Залыгіна.

27 лістапада. Сённяшнім днём пачынаецца перадкалядны пост. Ведаю гэта з дзяцінства: Піліпаўка («У Піліпаўку воўк нема вые» — Я. Купала). Але цяпер, у наш час, гэтых традыцый ніхто не трымаецца. Няма як. Трымалася Піліпаўскага посту бабуля Фёкла, якая мяне гадавала і якую я вельмі любіў. «Вось памру я, — казала яна мне малому, — што без мяне рабіць-меш, як без мяне будзеш?» — «Не памрэш». — «Пакладуць мяне ў труну, заб’юць цвікамі…» — «А я тыя цвікі павыцягваю і цябе выпушчу…» — «Выпусціш? Мяне ж у магілу закапаюць, пяском засыплюць». — Мне вельмі шкада бабулю, ледзь не плачу, але выйсце знаходжу: «А я цябе адкапаю і выпушчу!» Бабуля ўздыхае, з вачэй коцяцца слёзы.

Дзесяць гадоў ужо, як няма яе на свеце.

2 снежня. Споўнілася 70 гадоў Міхасю Лынькову. Сярод пісьменнікаў у яго мянушка «Лынь». Ад урачыстага вечара «Лынь» адмаўляўся, бо, па ўсім відаць, адчувае сябе пакрыўджаным. Марцэлеў сустрэўся з ім у скверыку каля тэатра Я. Купалы і доўга ўгаворваў. Нарэшце-такі ўламаў.

Лынькоў працяглы час узначальваў СП Беларусі. Калі яго ў чарговы раз перавыбіралі на пасаду старшыні СП БССР, Янка Журба казаў:

— Міхась Ціханавіч! Кіруйце намі, як і раней кіравалі.

Але не. М. Лынькова выпхнулі з кіраўніцтва СП і ён на працягу многіх гадоў з’яўляўся старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры. Да нас, маладзейшых, звяртаўся са словам «уюнаша»: «Вы, уюнаша…» Але звычайна маўчаў. Кіраваў СП П. Броўка.

Зм. Бядуля вельмі любіў апавяданне М. Лынькова «Гой», лічыў яго адным з лепшых у беларускай літаратуры.

У 30-я гады Лынькоў выкладаў беларускую літаратуру ў сакрэтнай школе, арганізаванай для заходнебеларускіх камуністаў (членаў КПЗБ). Там у яго было іншае прозвішча — псеўданім Бельскі. Па часе Міхась Ціханавіч зрабіўся філосафам — не то стоікам, не то скептыкам.