Выбрать главу

31 снежня. Атрымаў у сталоўцы, на цокальным паверсе прадукты — каньяк, ікру. Вядома, за грошы, але ў гарадскіх гастраномах гэтага не дастаць. Падкормліваюць ці прыкормліваюць? Успамінаецца верш У. Салаухіна

«Волки», радкі адтуль:

Вы тоже волками были,

Но вас прикормили…

Упершыню Салаухін публічна прачытаў гэты верш на вечары паэзіі ў Канцэртнай зале імя Чайкоўскага ў Маскве. Прысутнічалі на гэтым вечары (удалося купіць білеты) і мы з Віктарам Каваленкам. Віктар Антонавіч жахаўся смеласці аўтара.

1970

1 студзеня. У чаканні Новага года ёсць нешта стоенае, містычнае, але вось ён надышоў. Вярнуўся з дзяжурства і залёг спаць. Раблю гэты запіс ужо пад абед, калі прачнуўся. Дзяжурства доўжылася да раніцы, без нечаканасцей, у прыёмнай Машэрава. У суседнім пакоі, праз дзверы ад прыёмнай, у рабочы час, днём, сядзіць Віктар Якаўлевіч Крукаў — загадчык агульнага аддзела ЦК КПБ, першы памочнік Машэрава. Кажуць, нібыта ён патомны казак, з Дона. Машэраў для яго ўжо чацвёрты кіраўнік. Кіраўнікі змяняюцца, а ён не.

Усё ж такі дзіўна і нечакана тчэцца чалавечы лёс. Ніколі не думаў, што давядзецца знаходзіцца ажно тут. Не спаў, успамінаў. Успомніў чамусьці дзіцячы дом у Тамашоўцы, у якім працаваў у 1959 годзе, дыван у кабінеце дырэктара, падобны на барак будынак, выхаванцаў. Дзе яны цяпер — мае выхаванцы? Дзе Анатоль Сідарэвіч, які ўвесь час чысціў на кухні бульбу? Старэйшыя спіхвалі гэтую працу на малодшых, слабейшых.

1969-ты застаўся ззаду. У цэлым, можна сказаць, быў ён для мяне ўдалым. Пашырыўся жыццёвы і літаратурны вопыт. Атрымаў кватэру, хоць і са шчылінай у кутку, у покуце (свіціцца паміж блокаў), але жыць можна. Пазвоньвае час ад часу тэлефон, ёсць сябры, шмат знаёмых…

Пара ўжо было б займець гаспадыню, а то залішне доўжыцца мой халасцяцкі тэрмін. Быў бы навукоўцам, дык можна было б заставацца халасцяком, як Прашковіч. За жонку — навука. А ў цяперашнім становішчы трэба, відаць, жаніцца. З Н. Б. не сустракаюся, надта яна высокай аб сабе думкі. Ганарыстая. Месца для мяне ў яе сэрцы не знайшлося…

Прыдбаў транзістарны радыёпрыёмнік «Spidola». Бярэ «галасы». Шкада, што дом блочны, сцены тонкія, могуць пачуць суседзі. «Пільных» шмат. Ды і надта ўпарта глушаць. Глушылкі — у цэнтры Мінска, на Залатой Горцы.

Змяніў мяне пад раніцу інструктар з аддзела гандлю. Заўтра — зноў на работу.

2 студзеня. П. Броўка ў Крамлёўскай бальніцы ў Маскве. Будзем спадзявацца на лепшае. Званіў Алене Міхайлаўне.

3 студзеня. Мароз 25 градусаў са снегам і ветрам. Адвячоркам аднак мароз спаў. Замець наваліла вялікія гурбы снегу. Можна патануць.

Чытаю ваенныя мемуары С.Штэменкі «Генеральный штаб в годы войны». Лепш, чым у Жукава, больш аб’ектыўна.

6 студзеня. У «ЛіМе» надрукаваны артыкул Л. Абэцэдарскага «Заўвагі гісторыка» — пра «Гісторыю беларускай дакастрычніцкай літаратуры». Бачу ў гэтым рэцыдыў старой вульгарызатарскай крытыкі. Так і сказаў Марцэлеву, калі ён выклікаў мяне да сябе ў кабінет. Не ведаю, якія высновы ён зробіць.

7 студзеня. Адзначыў 60-гадовы юбілей Якаў Герцовіч. Пытанне аб узнагароджанні не ставілася. Пісьменнікі адносяцца да яго непрыязна. Быў выпадак, калі Я. Герцовіч напісаў адмоўную рэцэнзію на «Каласы пад сярпом тваім» У. Караткевіча (а раман выдатны!) і хацеў змясціць у «Советской Белоруссии», але справа не задалася. Цяжка зразумець пазіцыю крытыка — чаму ён гэтак робіць? І ўжо не раз.

8 студзеня. Сонечны дзень. Неба такое блакітнае, што, здаецца, і летам такога блакіту не бывае. Дзень пачаў прыкметна прыбываць.

10 студзеня. Да Лабадо — майго візаві — амаль штодня прыходзіць N. — артыст тэатра Я. Купалы, расказвае пра абстаноўку ў тэатры, дзеліцца інфармацыяй. Валерый Сяргеевіч слухае, пускае цыгарэтны дым. Курыць досыць шмат, я адчыняю дзверы, бо фортак у нас няма. З іншых тэатраў чамусьці не ходзяць.

14 студзеня. Бачу, што многія шукаюць са мной знаёмства, а магчыма, і дружбы. У тым ліку і тыя, хто раней ніякай цікавасці да мяне не праяўляў, а часам ставіўся непрыхільна, нават варожа. Чалавек павінен умець дараваць, павінен дараваць! Колькі людзей мяне крыўдзілі! Помню эпіграф да «Анны Карениной»: «Мне отмщение, и Аз воздам».

Што тычыцца мяне, дык я стараўся не рабіць нікому злога. Але і дабро часам абарочваецца злом. Не проста аддзяліць адно ад другога, як немагчыма раздзяліць рай і пекла.

17 студзеня. Я зразумеў: людзі, якія знаходзяцца ў гэтым доме, да самазабыцця любяць уладу. Бюро — гэта фікцыя. Машэраў усё вырашае аднаасобна. Адзін, хто яму ў мяккай форме можа запярэчыць, гэта Пілатовіч. Машэраў — легендарны партызан, Герой Савецкага Саюза. Пілатовіч таксама партызан. У Беларусі Машэраў на самай круцізне ўлады, але пакорліва і безагаворачна падпарадкоўваецца Маскве.