Выбрать главу

— Ну, што ў цябе новага? — спытаў Уладзімір Андрэевіч.

— Выклікалі ў ЦК. Быццам бы на працу бяруць. Але пакуль што нічога канкрэтнага не сказалі. Не ведаю, што і рабіць.

— Ідзі, будзеш абараняць інтарэсы пісьменнікаў.

Я нічога яму не адказаў, папытаў пра сяброў-выкладчыкаў Алёшу Майсейчыка і Веру Ляшук, якія працуюць у Брэсце, на кафедры, што ўзначальвае Калеснік.

— Працуюць, — быў адказ.

19 красавіка. Паклікалі ў ЦК на гутарку з сакратаром па ідэалогіі Пілатовічам.

— Вы не гаварыце, больш слухайце, — папярэдзіў Марцэлеў. — Тут не прынята разглагольстваваць. Падняліся на пяты паверх. За сталом, пакрытым тоўстым зялёным сукном, сядзеў яшчэ не стары, чарнавалосы чалавек з суперсуровым, дапытлівым позіркам. На мяне паглядзеў недаверліва, нібы выпрабоўваў, на што я здатны. Гэта і быў Пілатовіч, сакратар ЦК. Удакладнілі некаторыя мае анкетныя дадзеныя.

— Падняў галаву рэвізіянізм, — сказаў сакратар ЦК і глыбока ўздыхнуў. — У нашай беларускай літаратуры таксама ёсць асобныя хібы. Возьмем хоць бы зборнік апавяданняў Б. Сачанкі «Барвы ранняй восені». Ён малюе людзей пераважна як дзяцей прыроды, бачыць складанасць характару чалавека ў нізкіх пабуджэннях яго натуры, у палавой анархіі і душэўнай неарганізаванасці, у наўмыснай ізаляцыі ад гарадскога асяроддзя і занядбанні і прыніжэнні яго грамадскага прызначэння. Хацелася спытаць, што разумеецца пад «душэўнай неарганізаванасцю», але не спытаў, пасаромеўся. Сакратар працягваў:

— Чамусьці апошнім часам я даволі часта сустракаю ў літаратурных выданнях, нават у «Звяздзе», выразы тыпу: «пісьменнік даследуе», «літаратура даследуе». Што гэта значыць? Пра вучонага, панятнае дзела, так можна сказаць, але пра пісьменніка… Пісьменнік апісвае, паказвае, малюе, калі хочаце, але ж ён не навуковец.

— Гэта так, — дыпламатычна пагадзіўся я, — але творчы метад пісьменніка спалучае ў сабе ўсё: і рэальнае бачанне, і ўяўленне, і інтуіцыю. Усё залежыць ад таленту.

Каб не паказацца нясціплым, я змоўк. Успомніў, што Леў Талстой назваў працу мастака «опытом в лаборатории» і пры гэтым патлумачыў, што сутнасць мастацтва і задача мастака заключаюцца ў тым, каб паказаць «самых разнообразных по характерам и положениям людей и выдвинуть перед ними, поставить их всех в необходимость решения жизненного и не решенного еще людьми вопроса и заставить их действовать, посмотреть, чтобы узнать, как решить вопрос…»

— Прыніжаць, — зазначыў гаспадар кабінета, тым болей ахайваць нашу рэчаіснасць нікому не дазволім. Нашто яе прыніжаць? У мастацтва, як вы кажаце, шмат магчымасцей. Мастацтва, урэшце, можа спрацаваць і на кантрасце. Як, напрыклад, у «Кубанскіх казаках». Помніце?

— Помню, бачыў і не раз.

— Якія мовы вы ведаеце?

Я назваў.

— Кандыдат навук?

— Кандыдат.

— Цяпер гэта не рэдкасць.

— Не рэдкасць, — згадзіўся я.

— Будзеце курыраваць Саюз пісьменнікаў, у іх там ёсць партарганізацыя, будзеце дапамагаць. Карацей кажучы, будзеце працаваць з пісьменнікамі. Гутарка доўжылася недзе з паўгадзіны. Сакратар падняўся, паціснуў руку, і мы з Марцэлевым пакінулі кабінет.

Міжвольна ўспомніў старую байку. Супрацоўнік ЦК ВКП(б), прызначаны парторгам у Саюз пісьменнікаў, стаў скардзіцца на сваіх падапечных: гэты п’е, гэты здраджвае жонцы, гэты піша дрэнна… Як з такімі працаваць?

— Іншых пісьменнікаў у мяне для вас няма, — адказаў Сталін. — Давядзецца працаваць з тымі, што ёсць.

Кажуць, што лёс людзям ствараюць іх уласныя характары. Мой выпадак, відаць, пацвярджае гэтае правіла. Падатлівы я. Але ж нездарма кажуць, што з лёсам сварыцца не трэба.

— Заўтра Бюро ЦК, прыходзьце да дзесяці. Не пазніцеся, у нас гэта не прынята, — сказаў на развітанне Марцэлеў. — Пропуск вам закажам. 20 красавіка. Пасяджэнне Бюро адбывалася ў кабінеце Машэрава. У прыёмнай, акром мяне, таптаўся яшчэ адзін чалавек — акадэмік Белы, які зацвярджаўся на пасаду дырэктара навукова-даследчага інстытута. Выклікалі першага яго і доўга не адпускалі, выйшаў з пачырванелай лысінай. Паклікалі нарэшце і мяне. Адчыніліся цяжкія дзверы, і я ўвайшоў у кабінет Першага. За доўгім сталом сядзелі члены. Ён, як Бог, на другім канцы. Худы, прадаўгаваты твар з пячаткай заклапочанасці. Тут жа, збоку стала, сядзеў мне знаёмы ўжо Пілатовіч, меў выгляд чалавека, якому вядомы адказы на ўсе мажлівыя пытанні. Так, прынамсі, мне здалося. Злавіў сябе на думцы, што адчуваю да яго прыхільнасць.