Выбрать главу

- Я не ўцякаў, але калі на тое пайшло, дык у вёсцы можа якіх пятнаццаць працэнтаў насельніцтва жыць, - і хлеба, і малака ўсё роўна ўсім хапаць павінна...

- Гэта па-навуковаму, ці як?

- Можа, і па-навуковаму. А чаму гэта дрэнна?

- А таму дрэнна, - усхадзіўся дзядзька Ігнат, - што некаторыя думаюць, быццам батоны на вярбе растуць... А таму, што да зямлі пашаны няма. Адпрацуе на трактары калыглуз які, што дзесяць класаў скончыў і ў калгасе стаж зарабляе, каб з вёскі ўцячы, - адпрацуе змену ці менш, на чуб флакон адэкалону вылье - і да дзявок. Яму хоць трава не расці...

- Табе, Сцяпанавіч, старшынёй бы ў калгасе быць, - сказаў чалавек у піжаме. Ён кінуў ужо свой шланг, стаяў, склаўшы рукі на грудзях, і слухаў. - Па справядлівасці, Сцяпанавіч, кажу.

- А ты думаеш, не быў? - нібы здзівіўся дзядзька Ігнат. - Не старшынёй, дык брыгадзірам быў. Адразу пасля вайны... І ўспамінаць не хочацца, і каб не хацеў - успомніў бы: такі быў той час. Такую вайну на плячах вынеслі, столькі пакінулі сірот, матак няўцешных і ўдоў. Столькі аратаяў, цесляў на той вайне палягло... А ты застаўся, галавы сваёй не злажыў; ацалеўшы, дамоў прыйшоў. Табе трэба новае жыццё будаваць, удовамі табе камандаваць трэба... І вось прыходзіць да цябе ўдава і, каб прывезці дроў, каняку просіць і, здаралася, паўлітэрка з-пад палы дастае... Толькі я за паўлітэрка тое не вінавачу яе. Не з хабарам яна прыходзіла, не сумленне тваё купляць. Ведала яна, як цяжка было таго каняку даць, спачування яна прасіла твайго. А чым яна аддзякаваць магла? Сама гародчык свой арала, карову ставіла ў плуг. Дровы з лесу на саначках вазіла, у калгас летам кожны дзень ішла... Пра тое я кажу, што на хабар не здольны просты чалавек. А што былі такія - і брыгадзіры, і старшыні, і падстаршынкі былі, што на людскім горы падчаровак гадавалі, тую ўдовіну гарэлку ў глотку лілі, бо надта шырокая была, - дык няхай ім абзавецца і на гэтым свеце, і на тым, калі ён ёсць, удовіна сляза...

Дзядзька Ігнат нервова таргануў галавой, дастаў з кішэні капшук і закурыў.

- Значыць, так і не ўдалося табе, Сцяпанавіч, да старшыні дарасці? - як бы спачуваючы, сказаў чалавек у піжаме.

- Не ўдалося, - сумна ўсміхнуўся дзядзька Ігнат. - І ўсё праз гэтых удоў... Суседка ў мяне была, Арынкай звалі. Дробненькая, кірпатая, вечна ў ватоўцы хадзіла. Мужык не вярнуўся з вайны, хата ў акупацыю згарэла. Шкада мне было яе. Замуж другі раз не выйшла, а дзяцей аж двух ад розных прайдзісветаў прыблудных завяла. Паставіла хату. Што там за хата была, уявіць можна: два акны, а там, дзе яшчэ павінны быць вокны, - паабтыканыя мохам цурбакі...

У нас фінінспектар быў - п'яніца. «Куфрам» звалі. Па куфрах іншым разам лазіў, падаткі спаганяў. Ну, бывае, няма ў чалавека грошай, дык ты пачакай: свінчо, можа, якое прадасць, расплоціцца. Дык не... А залатыя ж у нас людзі, усё разумеюць, усё могуць змагчы. У самыя цяжкія гады яны ў нашу добрую справу верылі... Дык ты ж да іх павінен падысці па-чалавечы.

Але вось пачаў гэты службіст Арынку трэсці. Да таго разышоўся - карову абрытаў. Кабета ў слёзы - не жартачкі. Пачуў я, прыбег і - цяпер не шкадую і шкадаваць не буду - набіў таму гаду тоўстую морду. Набіў. Ну, пасля гэтага і ён пастараўся, каб мне жылося не гладка. Ледзь справу на мяне не завёў, пад палітыку падводзіў... А тут жонка ў мяне хварэць пачала. Сваяк, яшчэ да вайны з вёскі паехаў, у горад заве... Адным словам, паехаў я, слабасць душэўную паказаў... Слухай, Віктар, - сказаў раптам ён, - хочаш заўтра са мной на сенакос схадзіць?

- Гэта куды, дзядзька Ігнат, у вёску?

- Навошта ў вёску? На плошчы, на газонах, вунь якая трава парасла - навесці парадак трэба... Бачыш, у мяне і ў горадзе служба па душы.

- А ўставаць рана трэба, дзядзька Ігнат?

- Рана. Хочаш, пабуджу?

- Не, я сам устану. Не трэба.

- Ну вось і добра. А касу другую ў майго напарніка возьмем. Значыць, згода?

- Добра, дзядзька Ігнат, - сказаў я.

- Ну вось і добра, - сказаў ён. - А цяпер можаш ісці. Ідзі гуляй... Тваё дзела маладое... Ідзі.

І я пайшоў.

ЛІСТ ДРУГІ

Дружа, сёння ў мяне лірычны настрой: давай уявім сабе, што мы разам, давай сядзем побач - пагрэемся ля нядымнага агню нашай дружбы. Будзь блаславёная, нечаканая сустрэча, маўчыце, трубы, бубны і фанфары, - цішыня наўкол, і мы адны. Так. Чаго не стае нам яшчэ? Мо трошкі, трошачкі смутку - мы будзем успамінаць...

Мы вучыліся з табой у адной школе. Давай закінем за плечы яшчэ няцяжкую ношку гадоў і пойдзем туды, на парог сваёй першай навукі. Мы будзем ісці і лясной дарогай, і палявой, і сцежкай па беразе ракі, і ехаць на падводзе, але болей ісці пешкі. Няма чыгункі, няма шашы, і поезда няма, і аўтобуса - іх мы не ведалі тады.