Выбрать главу

— Дзядуля, гэта я, Марк. Адчыні. За дзвярыма памаўчалі.

— Марк, гэта ты?

— Ну я ж.

— А хто з табою?

Марк набраў у грудзі паветра, шумна выдыхнуў, каб стрымаць раздражненне, і ветліва працягваў дыялог праз дзверы.

— Са мной Магдаліна, мая нявеста. Дзядуля, ты яе памятаеш. Мы прыходзілі да цябе зімой. Адчыняй.

Але за дзвярыма, абабітымі чорнай скурай, зноў запанавала маўчанне.

— А хто з вамі яшчэ?

— Мой сябар, Канстанцін Сташынскі. Ён працуе ў інстытуце гісторыі.

— Не ведаю ніякага Сташынскага, — зноў пауза. — Гэта ты, Марк?

Плённая размова працягвалася яшчэ хвілін дзесяць. Нарэшце забразгалі замкі, пацягнула пахам лекаў. Між дзвярыма і сцяной паказаўся твар Оле-Лукойе, гэткага дабрэннага старэчы з наіўнымі блакітнымі вачыма і няўлоўнай хітрынкай. Так і здавалася, што ён зараз спытаецца: «Які парасон пакруціць над вамі, маладыя людзі? Чорны ці каляровы?»

Праз тры гадзіны кампанія сыходзіла па лесвіцы ў самым змрочным настроі. Вядома, іх досвед абагаціўся сентыментальнымі ўспамінамі пра вабнасці опернай спявачкі Ларысы Пампееўны Александроўскай, пуск першага мінскага трамвая і хітрасці рыбалкі на ляшча, якога раней вадзілася ў Лошыцы — хоць рукамі лаві.

Нельга сказаць, што прафесар ім у нечым адмаўляў. Марк нават перабраў з ягонай ласкі папяровыя завалы на антрэсолях. І цяпер Магда несла перад сабой, як партрэт нябожчыка, пустую папку.

— Высцебаў, як дзяцей… — з міжвольным захапленнем падсумаваў Кастусь. — Задаеш пытанне, атрымліваеш адказ… Усё лагічна, грунтоўна, цікава… І зусім пра іншае!

— Але ж папку знайшлі,— заўпарцілася Магда. — Значыць, і рукапіс павінен быць у Маркавага дзеда!

Яны стаялі перад пад'ездам са стылізаванымі калонамі, ружовымі ад промняў вечаровага сонца.

— Я ведаю, хто з ім можа плённа пагаварыць, — разважаў услых Кастусь. — Звярнуся да Івана Глебавіча… А можа, паспрабаваць праз інстытут?

— Кінь, чалавеча, — у сонечных акулярах Марка люстравалася вечаровае неба. — Магу сцвердзіць дакладна — змесціва гэтай палачкі знішчана.

— Адкуль ты ведаеш? — ускінулася Магда.

— Ды ўжо ж ведаю… Там, на антрэсолях, такіх пустых кардонак штук сорак. Дзед нізавошта не стаў бы захоўваць у сябе падазроныя паперы. Калі не мог выкарыстаць — на лецішча і ў печку.

— Не можа быць! — збялеў Кастусь. — Ён жа… навуковец! Не мог не ўсведамляць каштоўнасці…

Марк толькі нявесела ўсміхнуўся:

— Давайце канчаць з гэтымі доследамі. Рукапісу няма. Можна, вядома, прысвяціць рэштку жыцця пошукам. Але для чаго, сябры мае? Пачакайце абурацца, падумайце самі. Я не супраць, каб паперы былі знойдзеныя. Кастусь напіша новы артыкул, Магда ўзбагаціцца звесткамі пра свой радавод, і я буду хваліцца, што ажаніўся з наследніцай візантыйскіх імператараў. Але класціся плазам, нарывацца на непрыемнасці, марнаваць час, грошы, нервы, каб у якім філалагічным выданні з'явілася пара дзесяткаў каструбаватых вершаў?

Кастусёў твар мяняўся, як неба на захадзе.

— Вершы Валошкі не былі каструбаватымі. Марк паціснуў плячыма:

— Прабачце за кашчуннасць, але гэта так — ні Ясеніна, ні Ахматавай, ні нават Маякоўскага ў беларускай паэзіі дваццатых не магло быць. Адны правінцыйныя варыянты Дзям'яна Беднага. Змяшай у кучу ўсе гэтыя іхнія вершаваныя руні ды палеткі ды паспрабуй адрозніць, якому Глебку-Жылку належыць, — не адрозніш! Ды яшчэ мова — нераспрацаваная, з русізмамі. Я не думаю, што тыя вершы будзе перапісваць у сшытак дзяўчынка, каб перачытваць і плакаць над імі. Наўрад юнак стане вучыць іх на памяць і ў яго будуць палаць шчокі і шчымець сэрца ад прагі жыцця і подзвігу. Не працытуе іх філосаф у роздуме пра жыццё і смерць. Творчасць таго пакалення, пры ўсёй павазе да яе, толькі кокан, шалупінне, з якога магла вырасці нацыянальная літаратура, вартая суседскіх. Так што не трэба перабольшваць. Няма «Чырвоных канвалій» — вазьмі ў бібліятэцы які «Васільковы россып» ці «Цэхавыя будні» і атрымлівай тую ж насалоду.

— Нават калі вершы майго дзеда — не вершы генія, якое гэта мае значэнне? Паэт мае права на вяртанне, — голас Магды тонка дрыжэў.

— А ты хочаш зноў вылецець са студэнтаў? — Марк быў жорсткі.— На журфаку таксама патрэбныя ідэалагічна правераныя студэнты.

Кастусь, які дагэтуль упарта разглядаў асфальт пад нагамі, ускінуў галаву.

— «О, Беларусь, мая шыпшына, зялёны ліст, чырвоны цвет… У ветры дзікім не загінеш, чарнобылем не зарасцеш…» Я чытаў гэты верш, і ў мяне палалі шчокі, і хацелася подзвігаў… А мая маці спявала мне, маленькаму: «Падаюць сняжынкі, дыяменты-росы, падаюць бялюткі за маім акном. Расчасалі вішні шоўкавыя косы і ўранілі долу снегавы вянок…» І яшчэ пра тое, як «шэпчуцца явар з калінаю ў цёмнай даліне над ярам»… І вочы ў яе вільгатнелі. Але Магда мае рацыю, што паэт — геній ці не — мае права на вяртанне. Больш за тое — калі народ не вяртае сваіх паэтаў, мастакоў, сваіх мудрацоў і сваіх герояў, ён захворвае. Гістарычнае малакроўе — вось як я гэта называю.

— Так-так… Народ — гэта глабальна. Такія дэкларацыі і мой дзядуля ацэніць. — Марк глядзеў проста ў неба, і па ягоных акулярах плылі ружовыя аблокі.

Кастусь пачырванеў:

— Можаш не верыць, казаць пра пафас, але… Калі я ўяўляю тых маладых людзей, іх наіўныя надзеі і як яны спрачаліся, верылі, кахалі, я звязаны з імі наўпрост, нібыта мы ў карагодзе трымаемся за рукі. Яны бліжэй да мяне, чым ты, Марк.

Пытаешся, дзеля чаго займацца пошукамі старых папер? А дзеля чаго яны, нашы равеснікі, аддалі свае жыцці, дзеля чаго маўчалі на допытах, апошнім намаганнем волі ратуючы не сябе, а тыя «паперы»?А нам страшна ці нецікава… — Кастусь пакутліва шукаў слоў.— Гэта… ўсё роўна як у буру не злавіць кінутую на бераг з чаўна вяроўку. І бура паглыне човен разам з тымі, хто на ім. Але яны — гэта і мы. Мне… проста балюча, калі нешта вартае патанае ў прорве часу. Як быццам адбіраецца асабіста ў мяне.

— Хлопчык над прорваю ў жыце… — Ялецкі гаварыў без насмешкі — гэтага б Магда яму не даравала, але з паблажлівым жалем. — Але ці паспрачаешся з Эклезіястам, гісторык? «Пакаленне прыходзіць, пакаленне сыходзіць… І няма памяці аб ранейшым, як не будзе памяці пра нас». На целе гісторыі застаюцца не пацалункі, а шнары. Найдаўжэй памятаюць не вартых, а тых, хто найбольш уразіў чалавецтва. Як у Андэрсена — не мастак, які зрабіў цудоўны гадзіннік, а мацак, які яго разбіў, абвяшчаецца жаніхом прынцэсы.

— Але прынцэса ўсё роўна засталася з мастаком… — нягучна прагаварыла Магдаліна.

З пад'езда вышла кабета з гаспадарчай сумкай, прайшла між маладых людзей, падазрона азірнулася. Асаблівы недавер у яе выклікаў Кастусь са сваёй фрызурай-хвосцікам. Дзіўны хлопец ветліва пакланіўся, і кабета прыспешыла крок.

— Час разыходзіцца, а то прымуць за дамушнікаў. Дзякуй, Марк, за дапамогу. Не сумуйце, прынцэса. Усе астатнія росшукі зраблю сам. Дарэчы, наша дамова ў сіле — знойдзенае належыць вам!

Але прынцэса за гэты час прыняла рашэнне.

— Буду шукаць разам з вамі!

І Марк у чарговы раз з горыччу пераканаўся, што ягоная жалезная логіка бяссільная супраць дзявочых капрызаў.

Дом з жоўтай цэглы, са стылізаванымі калонамі адплываў у закатнае сонца, як пірацкі карабель. Ноч уздымала над ім чорны сцяг пераможцы, а ў кватэры на трэцім паверсе стаяў ля акна стары адмірал, і з-за ледзь рассунутых фіранак трывожна назіраў за трыма фігурамі, якія адыходзілі ад ягонага пад'езда ў цёплы чэрвеньскі прыцемак.

У нетрах пушчанскіх…

Ад атрада інсургентаў засталося толькі пяцёра. Адзін цяжка паранены.

Жандары не ведалі таго, іначай даўно б рушылі прачэсваць гэтую частку пушчы, не баючыся адчайнага адпору.

Пачыналіся кастрычніцкія ночы. Зоры падымаліся вышэй, а яшчэ зялёная трава серабрылася, нібыта пушчу таксама кранула ранняя сівізна.

Вінцэсь Дарбут толькі нядаўна заўважыў, якія ў яго сівыя скроні,— калі галіўся, гледзячыся ў лязо сваёй шаблі.

Кожны рух адзываўся болем. І зусім неабавязкова было галіцца ў гэтай зарослай вольхай лагчыне, ведаючы, што вакол — аблога і для яго, параненага, гэты адхон, хутчэй за ўсё, станецца берагам Леты. Кожная хмарка магла ператварыцца ў човен Харона — па ягоную душу.