Выбрать главу

Цяпер, седзячы перад грубкай на ўслончыку, яна назірала, як, награваючыся, шыпелі сыраватыя дровы, выпускаючы бялёсую вільгаць, а потым, калі крыху падсохлі, дружна браліся яркім полымем. Пачула, як у коміне зашумеў вецер, парушаючы анямелую цішыню, якая сёння Верку асабліва прыгнятала.

Пакой быў невялікі: грубка, стол, дзве табурэткі, услончык, лава з вядром пры ўваходзе, самаробны ўмывальнік, ды два рыпучыя, на спружынах, ложкі. Ля сцяны, далей ад грубкі, на адным з іх спала Ганна Аліфяровіч, а яна, Верка, размясцілася бліжэй да дзвярэй.

Суседка па курсах Верцы падабалася: гаваркая, вясёлая і кампанейская. Яны добра паладзілі, нават пасябравалі. І калі б зараз дзяўчына была тут, ёй, Верцы Адамчык, не так было б адзінока. Тая ўмела суцешыць, урэшце, заспяваць бадзёрую песню, і тады гэты слотны вечар, які так марудна пераходзіў у ноч, хутчэй скончыўся б.

Калі Верка прыехала на раённыя курсы трактарыстаў і ўбачыла Ганну, адразу ж успомніла, што зусім нядаўна, яшчэ ў мінулым снежні, сустракала яе. А было гэта так.

Ігнат, Верчын муж, цяпер быў калгасным брыгадзірам. Аднойчы, вярнуўшыся дадому з ранішняга нарада, ён расказаў, як Міколу Чэркаса, іхняга старшыню, у райвыканкаме папрасілі завезці нейкія паперы ў суседні калгас «Сталінец». Адмовіцца той не змог, хаця з-за гэтага трэба было рабіць немалы круг: напярэдадні поўнасцю замяло балотную грэблю, якая звязвала Пуханцы з дарогай на Бечын, што праходзіла непадалёку ад Князь-возера.

У прыазёрную вёску Чэркас дабраўся, калі пачало змяркацца, але пуханцоўскага старшыню ў канторы ўжо не застаў. Аказалася, Прохар Купрацэвіч быў у клубе, дзе мясцовыя камсамольцы рыхтавалі канцэрт. Намёрзлы на марозе, зуб на зуб не трапляў, Чэркас перадаў таму паперы і заспяшаўся дадому. Аднак гаспадар яго не адпусціў: сказаў жонцы, якая загадвала хатайчытальняй пры клубе, каб напаіла Чэркаса гарачай гарбатай на зёлках, а заадно паставіла на стол выпіць і закусіць. А потым Купрацэвіч угаварыў яго заначаваць: «Паспееш, Мікола, дадому, месца хопіць, хата ў мяне вялікая. А пакуль падзівішся, што тут мае артысты прыдумалі!..»

Менавіта тады, як казаў Ігнат, Чэркасу дужа спадабаліся бойкія, смешныя сцэнкі пра калгаснае жыццё, якія паказвалі ў клубе мясцовыя хлопцы і дзяўчаты. Прызнаўся на нарадзе, што вельмі рагатаў, ледзьве не надарваў жывот. Ад’язджаючы раніцай, Чэркас папрасіў Прохара Купрацэвіча, каб прыслаў сваіх артыстаў і ў «2-ю пяцігодку». Той паабяцаў, і абяцанне сваё стрымаў: якраз перад Новым годам, 30 снежня 1938 года, на некалькіх вазах агітбрыгада з прыазёрнай вёскі дабралася ў Бечын.

Калі пачаўся канцэрт, Верка адразу вылучыла яе, Ганну, сярод астатніх артыстак — высокая, хударлявая, дужа прыгожая дзяўчына з рыжымі густымі валасамі на сцэне адчувала сябе раскавана. Ды як жа хораша яна спявала: голас нібы вясенні ручаёк, тонкі, але напорысты, кранаў за душу. Верка так расчулілася ад яе спеваў, што Ігнату нават прыйшлося суцяшаць жонку. Не змагла на людзях растлумачыць мужу, чаму ўвесь вечар такая лёгкая на слёзы. А ўсё проста: Верка згадала, як у рэдкія хвіліны шчасця гэтак спявала і яе маці-нябожчыца. І Верцы цяжка было супакоіцца нават тады, калі шквальны рогат захапіў усю прастору клуба: пуханцоўскія дзяўчаты, пераапранутыя ў п’яных мужчын, за гарэлку прадавалі мех калгасных буракоў, а пільны міліцыянер, яго ролю выконвала таксама Ганна, іх арыштаваў...

І цяпер — трэба ж такому здарыцца — лёс звёў Верку і Ганну: вучацца на трактарыстак, два месяцы разам жывуць у гэтым невялікім пакойчыку пры МТС.

Часта пасля вучобы Ганна хадзіла адведаць далёкіх родзічаў. Сёння чамусьці больш звычайнага забавілася. Праўда, Верцы часам здавалася, што Ганна нешта ўтойвае, не дагаворвае, вырашыла: у яе тут з’явіўся кавалер. Але Ганна пра тое — ні-ні. А калі і так, разважала цяпер Верка, назіраючы, як у грубцы ўзгараецца полымя, дык чаму здзіўляцца: заседзелася ў дзеўках. Згадала, як Ганна прызналася надоечы, што па-добраму зайздросціць Верцы, якая ўжо двух дзетак гадуе.

Калі вечарамі заставаліся адны, Верка не аднойчы казала дзяўчыне: «Замуж, Г анначка, табе пара. І куды вочы падзелі твае пуханцоўскія хлопцы? Ты ж такая ладная: і прыгажуня, і сціплая, і акуратная, і гаспадарлівая, усё пры табе...» Ганна толькі сумна ўсміхалася, нібыта гэта не яе тычылася, а потым у адказ зацягвала частушку пра сваю незамужнюю, а таму шчаслівую і бесклапотную, бо «нябітую» долю. Такіх частушак яна ведала шмат.