Выбрать главу

Як ніколі Верцы Адамчык хацелася, каб Ганначка прыйшла хутчэй, а яна падзялілася б з ёй сваім незразумелым хваляваннем, каб гэты сыры, нудны позні вечар нарэшце-такі скончыўся, пазбавіў яе адзіноты і жудаснай цішыні, якой вельмі цяпер баялася. І што ж так затрымала дзяўчыну ў горадзе?

На душы ў Веркі было неспакойна, нават трывожна. Яна адышла ад грубкі, зноў доўга стаяла ля акна і няўцямна назірала, як ад парываў ветру гойдаўся адзіны на ўсю вуліцу ліхтар, кідаючы свае мільгатлівыя позіркі на шэрыя драўляныя будынкі машынна-трактарнай станцыі.

Аднапавярховая кантора МТС была збоку, у засені высокіх таполяў, і святло ліхтара сюды не трапляла. Зусім цёмна звычайна было і ля прыбудовы, якая прыляпілася збоку. Яе склалі са звезеных з блізкіх хутароў хат, гаспадароў якіх раскулачылі і саслалі невядома ў які свет. Тут, у прыбудове, ад дарогі, зрабілі вялікі клас, дзе і праходзілі курсы трактарыстаў, ды адгарадзілі месца для вартаўніка. Часова яго перавялі ў гараж, а гэты вузенькі пакой аддалі пад жытло жанчынам-курсанткам. А з адваротнага боку, за глухой сцяной, дзе свой асобны ўваход, — размясціўся сапраўдны інтэрнат з трох прасторных пакояў: там жылі прыезджыя курсанты-мужчыны.

Адразу за раскіданымі будынкамі МТС пачынаўся густы сасновы бор, і ў яго ўваходзіла, а потым хавалася нешырокая лясная дарога. Куды яна вяла, Верка не ведала. Але, разважыла, калі туды ехалі ці кіраваліся пешшу, значыць, недалёка павінна быць нейкая вёска. Так скрозь жывуць людзі. І нават цяпер, нягледзячы на позні час, мінаючы склады і гараж МТС, яны ўсё некуды спяшаліся. Адсюль, збоку, яна не магла разгледзець іх твараў, толькі са спіны бачыла мужчын і маладзіц, якія хутка знікалі ў цёмнай і хмурнай ночы.

Верка так засяродзілася ў сваіх думках, што раптам ад нечаканасці спалохалася: за некалькі крокаў ад акна прамільгнула, як ёй падалося, вельмі знаёмая постаць мужчыны. Ён быў высокі, шыракаплечы, у кароткім чорным кажушку, шэрай шапцы-вушанцы і ў валёнках. Верку здзівіла, што чалавек час ад часу азіраўся, ішоў крадучыся, баючыся, што яго нехта ўбачыць.

Нібы пачуўшы яе думкі, мужчына раптам азірнуўся, паглядзеў у акенца, і, мабыць, заўважыўшы ў ім яе, нечакана спыніўся. Верцы падалося, што ён уважліва разглядае яе.

Верка спалохана адступілася ад акна і як прыліпла да атынкаванай сцяны, сэрца яе трывожна затрапяталася: так, яна недзе бачыла яго! Ёй, здаецца, знаёмы твар. Толькі ж дзе? Хто ён такі? Чаму ў гэты мокры вечар ходзіць тут, на ўскрайку пасёлка пад вокнамі інтэрната? За кім цікуе? За ёй?..

Калі ж праз хвіліну асмелілася і зноў наблізілася да акна, глянула ў яго, дык убачыла, што мужчына адразу ж за складамі машынна-трактарнай станцыі, нібы ад каго ўцякаючы, хутка збочыў, павярнуў у лес. Відавочна, ён быў не стары, бо даволі шпарка рухаўся па вадзяністым снезе.

І раптам Верка ажно спалатнела: постаццю і тварам гэты чалавек нагадаў ёй хутаранца Аскерчыка, што некалі не даваў праходу дзяўчатам на танцах ды штовечар з-за іх біўся з бечынскімі хлопцамі. Дык гэта ж бандыт!

Хаця, можа, і памылілася: шмат часу прайшло, забралі тых бандытаў, што хаваліся ля Князь-возера, арыштавалі і асудзілі, яго — таксама.

Аднак хваляванне не сыходзіла. Верка зноў села перад грубкай, распусціла касу і, каб трохі супакоіцца, пачала расчэсваць грэбнем густыя валасы. Паленцы ярка гарэлі, і ёй успомнілася напаўзабытае...

2

Верка думала пра Ігната. Прывыкла да яго ўвагі, цеплыні. І розум падказваў: так, кахала яго. І не каму-небудзь, а толькі яму ўдзячная: іншы б на яго месцы ці заплюшчыў бы вочы на ўсё, што з ёй здарылася, ці прыняў яе такой, як ёсць, да ўсяго грубую? Ды хто б так глядзеў, як родны бацька, яе Ваньку? Сынок вунь як падрос, восьмы гадок ужо.

Праўда, цяпер ад людзей не схаваеш: хлопчык іх мала падобны на Адамчыкаў. І хоць сёй-той здагадваўся (людзі ж нічога не забываюць!), што, мабыць, Расевічава там семя, але ж, на шчасце, Ванька ўзяў многа матчынага: чарнявы, такі ж мілавідны, як і яна, Верка. Відаць таму, дзякаваць богу, нават самыя заядлыя бечынскія пляткаркі не чапалі іх сям’ю. Хоць Верка здагадвалася чаму: паважалі яе Ігната, каторы год працуе брыгадзірам, з людзьмі стараецца жыць па-добраму, да ўсіх ставіцца па-чалавечы, не крыўдзіць нікога.

Жоўтая лямпачка патухла — нанач адключалі ў гарадскім пасёлку святло. У пакоі аднак не стала цёмна: ад грубкі ішло мяккае і цёплае святло, Верка паварочала качаргой паленцы, і яны сталі гарэць яшчэ больш ярка. А на памяць супраць яе волі наплыў даўні Ігнатаў аповед...