Выбрать главу

Як нарадзіўся першынец, ён, Ігнат, сказаў ёй, што ведае: сына яна нарадзіла не ад яго, а ад Рыгора. І ведае, што Расевіч, якога шукаюць улады, прыходзіў на хутар, каб развітацца з ёй. Ён кахаў яе, і не хацеў ёй няшчасця. А перад тым, як здацца Мірончыку і гарадскому міліцыянеру, Рыгор прасіў яго, Ігната, свайго сябра, толькі аб адным: сына зберагчы, глядзець як свайго і любіць яе, Верку, за іх дваіх. І ён, Ігнат, абяцаў свайму лепшаму сябру, што так і будзе.

Пражылі столькі гадкоў, Ігнат ні разу яе не ўпікнуў за былое. Ён кахаў яе, аддана і шчыра. Верка не магла за гэтае ціхае і новае каханне не аддзячыць Ігнату, вельмі хацела, каб муж быў шчаслівым бацькам. А таму хутка дачакаўся ён і ўласнай дачкі. Немаўлятка, падобнае і на яе, і на Ігната, назвалі Нінкай.

Але цяпер, седзячы перад грубкай у гэтым чужым для яе пакоі, чамусьці засумнявалася: ці ўзрадуецца муж, што зноў носіць пад сэрцам дзіця? Асабліва цяпер, калі ў жыцці ўсё так няпроста, і людзі, і яны ледзь не галадаюць, аддаючы ўсё, што толькі можна дзяржаве, калі між людзьмі няма асаблівага ладу.

Калі б яна раней ведала, што цяжарная, то яшчэ пазаўчора, як сустрэліся, сказала б пра гэта мужу. Ігнат якраз прыязджаў па калгасных справах у райцэнтр. Спачатку ён адведаў у бальніцы старшыню калгаса Міколу Чэр­каса, а потым ужо на паўгадзінкі заскочыў да яе, жонкі. Прывёз ёй гасцінцы. Сяго-таго свякруха сабрала нявестцы, атрымаўся велікаваты хатулёк. Ігнат прызнаўся: бацька дужа незадаволены. Бачыш, нявестка падалася вучыцца ў горад, кінула на яго, мужчыну, дзяцей.

Ігнатавы бацькі па-ранейшаму жылі на хутары. Іх малодшыя сыны з’ехалі ў Мазыр, пасля вучобы там уладкаваліся на працу. Таму клопат пра старых Адамчыкаў, так сталася, поўнасцю лажыўся на старэйшага Ігната. Ігнат хацеў, каб бацькі перабраліся да іх з Веркай. Яму, камсамольцу, паўсюль калолі вочы, што бацькі, хоць і лічацца калгаснікамі, але жывуць, нібы аднаасобнікі, на хутары. Толькі бацька нікога не слухаў і пераязджаць у Бечын не збіраўся. Упарты стары трымаўся свайго: «Тут спрадвеку жылі мае бацькі, і я памру ў сваёй хаце!»

Верка, прызнацца, пасля доўгага расстання была рада пабачыць свайго чалавека. Засумавала па сям’і за нудныя зімнія месяцы ў Міткавічах. Таму засыпала Ігната пытаннямі пра Ваньку і Нінку. Больш хвалявалася яна пра дачушку: хваравітая, прастуда да малой чапляецца. Ёй толькі што споўнілася чатыры годзікі. І Верка шчасліва смяялася, разглядаючы яе малюнак на абрыўку старой раённай газеты. Дзеці, адчувала, вельмі сумавалі па ёй, маці. А муж дык, здаецца, з’еў бы вачыма.

Заўважыла, што Ігнат памужнеў, стаў больш прыгожым, упэўненым у сабе. І ён нечакана прызнаўся: «Як жа пахарашэла ты, мая Верка!» Ад такіх яго слоў у яе закружылася галава. У гэтыя хвіліны хацелася ўсё кінуць і вярнуцца ў Бечын. Але ж розум падказваў іншае: трэба-такі перацярпець, курсы трактарыстаў закончацца, хутка іспыты.

Нечакана ёй згадаўся той позні асенні надвячорак, калі Ігнат вярнуўся з праўлення маўклівы і насцярожаны. На яе роспыты неахвотна сказаў: што яго, брыгадзіра, хочуць зрабіць намеснікам старшыні калгаса. Верабей, сакратар парткама сельсавета, намякнуў пра гэта: хто ж як не ты, Адамчык? Думай, добра думай! Ты камсамолец і ўсю сітуацыю ў краіне разумееш! Тады Ігнат адмовіўся наадрэз: маўляў, ёсць у калгасе іншыя вартыя з партыйцаў. А ён будзе і далей сумленна працаваць у брыгадзе, там таксама клопатаў хапае. Ды і сям’я ў яго. Удваіх з жонкай працуюць, дзяцей на каго пакінеш? А тут яшчэ Верку як камсамольскую актывістку пасылаюць на курсы трактарыстаў. Ды ў яго да ўсяго яшчэ абавязкаў і як члену праўлення прыбавілася, бо старшыня Чэркас хварэе на сухоты і каторы тыдзень ляжыць у бальніцы. А ў гаспадарцы работы, асабліва па вясне, шмат. І так ён, Адамчык, са сваімі брыгаднымі клопатамі ледзьве спраўляецца...

Увесь вечар тады Верка і Ігнат перагаварылі, што і як цяпер будзе. Яна раіла яму не спяшацца, але і не адгаворвала, разумела: трэба, каб такое важнае рашэнне, найперш прыняў ён сам. А яна, калі спатрэбіцца, падтрымае. І калі зараз Ігнат сумняваецца, ці быць яму намеснікам, дык няхай лепей адмовіцца. Ды і дома яму сапраўды аднаму будзе вельмі няпроста справіцца з дзецьмі без яе, Веркі. Зразумела, Агапка, свякруха, дапаможа. Галоўнае, каб толькі Нінка не захварэла зноў — з пачаткам зімы, у снежні, дачка моцна кашляла, у яе доўга не спадала тэмпература, думалі, што запаленне. Ігнат нават прыводзіў фельчарку, але ўсё абышлося.

Тады, як дачцэ палепшала, яны леглі спаць позна. Нягледзячы на тлумны дзень, тая снежаньская ноч сталася для іх абодвух асабліва салодкай...

Вось яна, гэтая ночка, і прынесла ёй гэтакі падаруначак. І што цяпер будзе? Ну скончацца гэтыя курсы трактарыстаў. Але ж хто скажа: як яна вынасіць гэтае дзіця? Нінку, праўда, зусім лёгка нарадзіла, хоць і працавала да апошняга. Невядома ж яшчэ, ці зможа яна з-за гэтай цяжарнасці сесці за руль трактара.