Выбрать главу

— Страх які... А здавалася, добры бальшавік, да людзей з павагай. Казалі, што самога Леніна ведаў... — уздыхнула Ганна.

— Ага, кажуць, сустракаўся. І нябожчыца згадвала пра тое. Любіла яна яго, крэпка любіла, і во што з той любові выйшла нялюдскае, — пацвердзіла, крыху супакойваючыся, Верка.

— Ой, што я табе скажу. Толькі пакуль нікому... Чуеш, сяброўка, гэты пажар няпросты. Звесці яго хацелі. І во — такі ж звялі... — ціха прашаптала Ганна.

— Няўжо? — Верку ажно скаланула ад яшчэ адной страшнай навіны.

— Ігар Пятроўскі, важак наш камсамольскі, я табе не гаварыла, саромелася, ну, трохі праводзіць мяне, шапнуў, што не проста падпалілі, а перад гэтым забілі яго. Нехта разлічыўся з Мірончыкам, некаму ён дарогу перайшоў.

— Калі б я не ведала, што Лейба, былы муж сястры загінуў, то гэты мог бы... — уголас падумала Верка. — Аднак такога не можа быць, бо Лейбу апазналі, яго, абпаленага, закапалі за бечынскімі могліцамі — нават крыжа не паставілі.

І нечакана згадала пра мужчыну, якога бачыла са спіны ля МТС гадзіны паўтары таму: ён жа здаўся ёй такім знаёмым. Верка здагадалася, хто яшчэ мог так ненавідзець Мірончыка. Яна была ў гэтым пераканана: гэта мог быць толькі адзін чалавек — Зміцер Аскерка. Яго бацька прапаў, брат-міліцыянер таксама недзе знік, а апісваў дабро на іх хутары сам Мірончык. Але ж Зміцера арыштавалі і, як казаў Ігнат, далі ці то дзесяць, ці то пятнаццаць гадоў лагераў. А можа, яна памыляецца? Не, гэта, відаць, нехта другі, пераконвала сябе Верка, а потым зноў пагаджалася, што той чала­век — вылюдак Аскерка.

Апоўначы грубка нарэшце выгарала, і абедзве леглі спаць. Ад пачутага Верка доўга не магла заснуць — перад вачыма паўставалі падзеі і вобразы перажытага сем гадоў таму.

Старалася пра ўсё забыць, а тут, бачыш — нейкі начны вандроўнік ды такая некачаная смерць Мірончыка напомнілі ёй пра Рыгора Расевіча, пра яе першае каханне і разварушылі старыя перажыванні. З галавы не выходзіла адно: магло, магло ўсё быць іначай з тым, каго першым прыняла як мужчыну і хто засціў ёй сваім каханнем увесь свет. Ды сілком адарвалі ад яе каханага, назаўсёды разбурыўшы іх шчасце. Не вернеш. Нічога не вернеш. Толькі засталося шкадаванне. Так, яго, Рыгора, ёй дагэтуль было шкада. Ці жывы хоць, ці здаровы? А можа, ужо і няма яго на свеце? Хай бы толькі жыў, а ёй жа ад яго нічога не трэба, толькі б ведаць, што жывы!

Праз хвіліну думала ўжо іначай: дурніца, якая ж табе ўжо розніца? Няма і няма. Ты ж — мужава жонка і не павінна думаць пра тое, нязбыўнае. Успамінаючы Рыгора, яна ж у думках нібы здраджвае сённяшняму яе шчасцю, Ігнату. Няварта былое варушыць! Быццам згарэла, быццам сухавеем прайшло, на ніцыя лозы апала, быццам вясенняй паводкай сплыло ў Князь-возера.

Згадаўшы зноў пра дзіця, якое зарадзілася ў ёй, у думках нават накрычала на сябе: «От чаго табе не хапае? Усё ж як у людзей. І дзетак з Ігнатам гадуюць, і жытло ёсць: перавезлі ў Бечын з яе хутара старую бацькаву хату, перарабілі трохі ды прыбудавалі з новага дрэва яшчэ трохсценак, абладзіліся, жывуць. Не надта каб сытна, але жывуць. Дык якога ж ражна табе яшчэ трэба? Чаму тое, згубленае, дагэтуль, як стрэмку носіш у сэрцы? Трымайся, дурніца, мужа! Любая баба пазайздросціць. І ты ж не адкідаеш яго любоў, прыхінаешся да свайго чалавека, як да яго, роднага і блізкага...»

4

Была субота. Сакратару парт’ячэйкі калгаса «2-я пяцігодка» Антону Вераб’ю нядужылася. Малання, жонка, абцірала яго першаком, настоеным на толькі ёй вядомых зёлках, а калі тэмпература на нейкі час спала, паставіла яму банькі.

У гэты час яго і застаў дома Ігнат Адамчык, які вяртаўся дадому пасля нарада і спецыяльна зайшоў да Вераб’ёў.

— Праходзь, Ігнатка... — па-добраму сустрэла Ігната ў сенцах распаўнелая рабаціністая Малання.

Па ўсім было відаць, гаспадыня толькі што ўправілася па гаспадарцы і рыхтавалася карміць свайго хворага мужа.

— Мо шчэ й не снедаў, галубок? Без Веркі з дзецьмі аднаму, мабыць, цяжка. То мы будзем хутка снедаць.

— Не хвалюйцеся, цётка Малання, я не галодны, дзякуй. А Сцяпанавіч ці дома? — не чакаў такога цёплага прыёму Вераб’іхі Адамчык, нават разгубіўся.

— Ды на печы. Прыхварэў, ліха нейкае прыхапіла. Во, ратую, небараку.

Яна пусціла Адамчыка ў хату.

— Дык, чуеш, Ігнатка, не слухаецца, стары дурань, усё сварыцца са мной. Ледзьве на печы сёння ўтрымала, каб адляжаўся.

— Цыц, баба! Лішняе балбочаш... — з кухні пачуўся хрыплы мужчынскі голас, і жанчына, хуценька паставіўшы жбанок на стол, знікла ў святліцы.

Вераб’ю ішоў шосты дзясятак. Нарадзіўся ён тут, у Бечыне. У пяць гадоў застаўшыся сіратой, гадаваўся ў далёкай радні ў Грабаўцах. Адтуль яго забралі ў царскае войска, дзе сышоўся з бальшавікамі і пасля рэвалюцыі толькі аднойчы прыязджаў у Бечын. Тады ж упадабаў Маланню, таксама сірату, пасватаўся да яе і павёз у Гомель, дзе ён працаваў звычайным рабочым на буйным заводзе. Аднойчы яго, партыйнага актывіста, выклікалі ў абкам партыі і прапанавалі вярнуцца ў вёску, каб дапамагчы пралетарскаму сялянству будаваць новае жыццё. А тут яшчэ і Малання часта заводзіла гаворку пра тое, чаму ж ім не вярнуцца ў Бечын, дзе іх карані, і Верабей пагадзіўся змяніць гарадское жыццё, да якога так цяжка прызвычайваўся, на вясковае. Ды і хацелася забыцца на тое страшнае, што здарылася з імі ў Гомелі: Малання двойчы цяжарыла, аднак першае дзіця нарадзілася мёртвым, другое таксама выцягнулі абцугамі... Пасля таго Малання ўжо не магла зацяжарыць, урачы заявілі, што быць ім бяздзетнымі. Верабей вярнуўся ў свае родныя мясціны, дзе неўзабаве бечынцы стварылі свой калгас.