Выбрать главу

— Ой, дзеванькі, кеб не гэта вайна. Можа, выжывем у гэтай віхуры якнебудзь. Ха, ось цяперака другі тост. А нямашака больш ентаго Аскерчыка, губіцеля тваіх дзетак, Верка! Слава табе, Госпадзі!

— Як няма? Куды ж ён. падзеўся? — спалатнела Верка ад такой весткі.

— Здох. Учора вёз дабро, што сабраў у Бечыне і другіх вёсак здаваць у раён. Перанялі партызаны. Усіх пастралялі. Яго ранілі, павялі ў атрад. Атрад той недзе пад Акцябрскім, кажуць, у балотах. Туды, кажуць, немцам ходу няма, баяцца, як агню. А там прыгаварылі варажыну гету і расстралялі.

— За забойцу сваіх дзяцей, свёкра і маёй добрай Агапкі піць не буду. — ціха прамовіла Вера і заплакала.

— А ведаеш, хто прысуд выканаў? То навіна дык навіна.— зашоргала на стуле неспакойная Надзя.

Жанчыны застылі, уважліва паглядзелі на аднавяскоўку.

— Твой і твой, — яна п’янавата паказала пальцам на абедзвюх жанчын.

— Як гэта? Адкуль? — здзівіліся тыя.

— Ды ў атрадзе яны ўжо. Хутка сустрэнецеся. За гэта і вып’ем! Налівай, Жэнька!

— Ето праўда? — заплакала, яшчэ не да канца верачы Надзіным словам, Верка, але цяпер горкія слёзы радасці цяклі па яе скронях.

— І ты, ты. не хлусіш, Надзя? — зарумзала ад шчасця Жэня.

— Во, раскісліліся. Кажу, значыць, знаю. Чаго равеце, як каровы нядоеныя? Там нават трое ці чацвёра выратаваліся, а мо і больш. Салавейчык мой, ты, Верка праўду мне казала, не поганню фашысцкай аказаўся. А што вашы на волі, гэта дакладна. Ну, піць будзем? — Надзя набычыла свае блакітныя вочы на жанчын, гатовая іх пабіць, калі адмовяцца.

— Ну, калі праўду кажаш. — не верыла Верка. — Пабажыся!

— Чэснае камсамольскае! Цьфу, дурніца. Пакарай мяне Бог, калі хлушу.— Надзя разліла па стале самагонку і зазлавалася на аднавясковак. — Во, самыя залатыя кроплі першаку з-за вас перавяла. А больш няма, гэто яшчэ з савецкага часу было прыхавана. Ну, будзем, бабы.

— Будзем, дзякуй табе. — прашаптала Жэнька.

Як выпілі, пачалі прыкусваць, хоць п’яная, але не згубіўшая галаву на плячах, Салавейчыха намерылася ўсё ж выпытаць:

— Цвярозая б, відаць, не спытала. Вера, я ўвесь час думаю. Ты ж за хлопцаў царскімі залатымі дзесяцірублёўкамі разлічылася. Я ж, як пачула, пад стол ледзьве не ўпала. Адкуль у цябе, голі перакатнай, такі скарб? Прызнавайся, а то памру ад думак, ну так карціць.

— Не, дзеванькі, не пытайце. Хаця чаго там хаваць: гэта слёзы майго першага кахання, плата за яго, нязбытнае. А большага ведаць нікому і не трэба.