Выбрать главу

Бацька азірнуўся, каб не пачулі суседзі, і ціха прамовіў:

— Вось як з табою гаварыць? Як табе хоць чаму­небудзь верыць? Я абараняў цябе ў завуча, заступаўся, але цяпер шкадую аб гэтым. І цяпер я веру яму. Веру, што ты самая горшая, самая разбэшчаная, самая хлуслівая з усяго класа. І цяпер я ўсур'ёз падумаю, ці патрэбна ты, такая, бабулі?

— А дзе ж я дзенуся? — крыху напалоханая такім тонам, павярнулася да бацькі Аксана.

— Мне давядзецца не ехаць ні ў якую экспедыцыю. Будзем сядзець разам у горадзе цэлае лета.

Дзяўчынка памаўчала, тады спытала ціха:

— Тата, скажы, ты хацеў бы, каб я была не такая, як ёсць?

— Вядома. Я хацеў бы, каб мая дачка была ціхая, акуратная, ветлівая, не хлусіла, не рабіла мне на кожным кроку сюрпрызаў...

— А вось я ніколі не хацела сабе іншага бацькі...— і голас у яе раптам задрыжэў, а на вачах паказаліся слёзы.

Бацька закашляўся. Прайшла мо хвіліна.

— Аксана,— яго рука легла дзяўчынцы на плячо, але Аксана выкруцілася.— Э­э, ды ў цябе слёзы... Ну, вытрыся, людзі пазіраюць...

— Хай пазіраюць!

— Вазьмі вось насоўку... Ну, хочаш, мір? Я вінаваты... Я ж разумею цябе, усе твае выдумкі, але іншыя гэтага не разумеюць... І ты павінна лічыцца з іншымі... Ну, мір?

Аксана, не адказваючы, прыкінула: лепш яшчэ крыху пашкадаваць сябе і паплакаць, пабыць насупленай і пакрыўджанай ці лепш круціцца, глядзець у акно, на пасажыраў і задаваць бацьку розныя пытанні? Другое было цікавейшае. Яна выцерла татавай насоўкаю вочы і шчокі, усміхнулася, працягнула бацьку адзін палец. Так яны звычайна мірыліся.

— Але абяцай, што ніколі не будзеш больш хлусіць, пісаць настаўнікам запіскі, адключаць тэлефон...

— Ніколі! — з самым чыстым сумленнем адказала Аксана і адразу ж павярнулася да акна, бо аўтобус у гэты момант загурчэў і крануўся з месца.

Такім чынам, і гэтая непрыемнасць мінулася. Усё ззаду. Усё забыта. Цяпер можна жыць толькі тым, што навокал, што бачыш, чуеш...

Беглі назад і недзе далёка там заставаліся мінскія дамы і вуліцы, трамваі, тралейбусы, людзі на прыпынках... І вось аўтобус вырваўся за гарадское кальцо, нібыта ў іншы свет; ударыў у вочы ўсяго адзін колер — зялёны. Прыдарожныя дрэвы, палі, палянкі, пералескі — цэлае мора яркай травеньскай зеляніны!

Як здорава было б ехаць цяпер цягніком... У цягніку нібы хата. Там можна выйсці ў тамбур, можна спаць, можна схадзіць у прыбіральню — і ўсё адно ехаць. Можна залезці на верхнюю паліцу, высунуцца ў расчыненае акно, каб студзіла твар, каб задыхацца ад свежага пахучага ветру. Там столік, на якім можна раскласці вараныя яйкі, смажаную куру, памідоры — есці і адначасова ехаць.

А ў аўтобусе душна. Нават люк уверсе адчыняць нельга — у аўтобусе малыя дзеці. Адзіная радасць — можна сядзець, а можна, прыціснуўшы кнопку ў падлакотніку, апусціць спінку крэсла і ляжаць.

Не, усё ж і ў аўтобусе някепска. Ты сядзіш або ляжыш высока і ўсё бачыш. І яшчэ здаецца, што аўтобус едзе хутчэй, чым цягнік. І яшчэ тут ціха. Усе дрэмлюць, і бацька таксама, забыўшы зняць акуляры, смешна дзюбае носам... А што, калі ўявіць, што яны з бацькам сапраўды едуць назаўсёды? І ніколі не ўбачаць больш любімага горада, іхняга дворыка, кватэры, гастранома на рагу іхняй вуліцы, школы, аднакласнікаў... Аксана аж уздрыгнула ад такіх думак. Добра, што гэта толькі ўяўленні, а на самай справе паслязаўтра яны вернуцца, яна адразу патэлефануе Каці ці проста пойдзе да яе...

Успомніўшы Кацю, Аксана згадала і пра яе падарунак — манету. Хуценька сунула руку ў адну кішэню, у другую — пуста! З гэтых нязручных неглыбокіх кішэняў у шортах заўсёды ўсё губляецца!.. Але ж яна нідзе не сядзела... У вестыбюлі ў школе, чакаючы бацьку, стаяла. Да вакзала ішлі пешкі. Толькі тут, у аўтобусе...

Дзяўчынка нагнулася і агледзела падлогу пад нагамі, пасля прыціснулася шчакою да цёплай сценкі і зазірнула ў шчыліну паміж сядзеннем і сценкаю аўтобуса. Няма... Ад адчаю яна зноў гатовая была заплакаць. Што яна скажа Каці? Згубіла яе падарунак, не паспеўшы ад'ехаць ад Мінска... Ну, чаму было не трымаць манету ў кулаку ці не пакласці ў сумку?!

Між тым рукі дзяўчынкі ляпалі вакол па сядзенні... вось жа яна! Манета спакойна ляжала сабе на крэсле, Аксана сядзела на ёй.

— Што ты круцішся,— сонна азваўся бацька.

— Тата,— штурхнула яго пад бок Аксана.— Тата, ну не спі!.. Паглядзі лепш, што гэта? Срэбра?

Бацька, беражлівым рухам чалавека, звыклага мець справу са старадаўнімі рэчамі, узяў манету двума пальцамі. Санлівасць адразу знікла з яго твару. Ён зняў акуляры і, трымаючы іх на некаторай адлегласці ад вачэй, нібы лупу, уважліва, з двух бакоў агледзеў манету.