Пасля такой галаваломкі можна было б і паставіць кропку. Але як жа яе паставіць аўтару газетнай публікацыі, калі яе не паставіла правасуддзе? Я і цяпер, прызнаюся, слухаючы прамовы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі па радыё і тэлебачанню, не перастаю задавацца пытаннем: дык хто ж на самай справе наш прэзідэнт: аферыст, як вынікае з незакончанай справы па перакачцы аўтамабіля, ці нявінная ахвяра гэтай заблытанай аўтамабільнай справы? Як у першае, так і ў другое цяжка паверыць, але і не паверыць — таксама цяжка! Хоць бы ўжо таму, што гэтая аўтамабільная справа раскручвалася пад "крышай" кагосьці магутнага пры ўладзе, бо мела міжраённы і нават абласны размах. Вось і думай пасля гэтага.
Што, стаміліся сачыць за папяровай гульнёй? У мяне і самой галава ад напружання пудовай гірай куляецца на плячах. І ўсё ж, нягледзячы на нашу з вамі аналітычную руплівасць, трэба, напэўна, паклікаць на дапамогу прафесіяналаў з ліку кантралюючых і, хутчэй за ўсё, праваахоўных органаў. Бо калі ўжо супрацоўнікі Шклоўскага райфінаддзела разам з былой загадчыцай Н.А.Ермаковай, а таксама начальнікам упраўлення эканомікі і прагназавання райвыканкама Г.М.Лаўранковым ды яшчэ былым пракурорам Шклоўскага раёна С.Д.Сергамасавым нічога незвычайнага не ўбачылі ў гэтай справе, дык дзе ўжо нам, радавым, "памяркоўным" беларусам, разабрацца...
"ТЭРМІНУ ДАЎНАСЦІ НЕ ПАДЛЯГАЕ"
Зусім не выпадкова я ўзяла гэтую назву. Бо па віне Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі дыскрэдытуецца тытул прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Спадзяюся, што ён сам зацікаўлены ў тым, каб расставіць правільныя акцэнты ў гісторыі з аўтамабілямі. Так, так, двума аўтамабілямі — ЗІЛ з прычэпам і ВАЗ-2121 "Ніва". Таму што калі другі адкрыта раз'язджае, дзе хочацца яго гаспадарам, то лёс першага зусім выпаў з поля зроку.
Працяг пачатай у папярэднім раздзеле гісторыі з аўтамабілямі — у пратаколе пасяджэння Шклоўскага райвыканкама ад 25 мая 1993 года: "... Перадача слаўгарадскай райбальніцай аўтамабіля "Ніва" сялянскай гаспадарцы "Дыяна" зроблена незаконна. Гэтай здзелкай дзяржаве нанесены значны ўрон... Прасіць пракурора раёна С.Д.Сергамасава ... аказаць садзейнічанне ў вяртанні яго законнаму ўладальніку — упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання".
Тады такое рашэнне мяне шчыра ўзрадвала: нарэшце, думалася, справе будзе дадзена належная прававая ацэнка. І тут, пасля публікацыі майго матэрыялу "Каму жывецца ў нас прывольна" ў раённай газеце, да мяне завітаў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Ён тады яшчэ быў маім кумірам. Але, як кажуць, Платон мне сябар, а ісціна даражэй. Таму я, з нецярпеннем дачакаўшыся, пакуль госць усядзецца, працягнула яму газету з публікацыяй і спыталася, гледзячы прама ў вочы:
— Якое дачыненне маеце да гэтай аферы асабіста вы, Аляксандр Рыгоравіч?
Ён раскрыў газету і, адразу ўперыўшы погляд у патрэбнае месца (відаць, ужо прачытаў), адказаў, не падымаючы галавы:
— Ніякага. Я проста пералічыў грошы ў лік устаноўленых плацяжоў саўгаса на ўтрыманне РАПА. Больш нічога не ведаю.
Я паверыла, і ў мяне адлегла ад сэрца. Падзялілася з ім патаемным напаўголаса:
— Ведаеце, я дала сабе слова адваяваць гэтую машыну ў Маліноўскага і вярнуць яе дзяржаве. Які нахабнік, а?
Аляксандр Рыгоравіч паддакнуў:
— А што, за ўсё трэба плаціць.
Цяжка было не звярнуць увагі на змяненне яго голасу. Але мала што бывае, можа ў чалавека дрэнны настрой? І я, адмёўшы гэтую дробязь, працягвала:
— Я адправіла матэрыялы на рэагаванне пракурору Сергамасаву. Чакаю адказу. А потым, калі ён памкнецца спусціць усё на тармазах, звярнуся да Генеральнага пракурора.
Аляксандр Рыгоравіч уважліва паглядзеў на мяне. Вельмі ўважліва. І нечакана падняўся:
— Усё, прабач, чакаюць справы, — і працягнуў руку для развітання. Калі за ім зачыніліся дзверы, я крыху задумалася: не такой рэакцыі чакала ад яго — разлічвала хутчэй на ўхваленне. Ён жа такі актыўны барацьбіт з карупцыяй! Але, апраўдаўшы ўсё стомай, лёгенька ўздыхнула: не, я веру гэтаму чалавеку, ён сапраўды ні ў чым не вінаваты.
Але поўнага спакою не было, не сядзелася на месцы. Паімчалася да Надзеі Андрэеўны Ермаковай, загадчыцы райфінаддзела. Балазе яна была ў кабінеце адна, што рэдка бывала. Выслухаўшы з маіх вуснаў прэзумпцыю невінаватасці Лукашэнкі, яна ... зайшлася ад смеху. Праз некалькі хвілін, выцершы насоўкай слёзы, запыталася: