Выбрать главу

- Я лiчу немалазначным i той факт у агульнай складанасцi гэтага шчасця, калi да ўсяго iншага далучаецца i элемент мудрасцi, - важна зазначыў даўганосы камар. - Тады i вызначэнне самога шчасця выходзiць з правiльнага пункту погляду. Дык няхай жыве весялосць, воля, агульная згода i мудрасць.

- Ах, якая цiкавая тэма размовы! - азваўся матыль. - Я з свайго боку дадаў бы, што шчасце таксама залежыць - нават у значнай меры - i ад хараства.

- Гэта справядлiва, гэта справядлiва! - пацвердзiў чарнавокi конiк i заварушыў сваiмi прыгнутымi даўгiмi ножкамi.

- Выбачайце, шаноўнае грамадзянства, - забубнiў авадзень, - я трымаюся iншага погляду на рэчы. Скажыце, што станецца з вашым шчасцем, калi жывот будзе трубiць жалобу пустаты? Дзе тады дзенецца ваша весялосць? Што будзеце рабiць з вашаю воляю i як будзе тады стаяць справа з вашаю агульнаю згодаю? Бум-бум-бум! - зарагатаў авадзень. - Уся ваша мудрасць пакiруецца тады выключна ў бок вышуквання спосабаў запоўнiць пустату жывоцiка, а ўсё хараство пойдзе на скасаванне. Не, другi мае: каб быць шчаслiвым, трэба, каб i жывот пустым не заставаўся.

- Фi, авадзень! Як вульгарна выказваеце вы думкi вашы, - прамовiла, скрывiўшыся, сiнякрылая бабка. - Так i вiдаць, што вы больш каля жывёлы ходзiце.

- У вас, бясспрэчна, ёсць здаровыя думкi, - падтрымаў авадня даўганосы камар. - Але я таксама згаджаюся i з паннаю сiнякрылаю бабкаю, што гэтыя думкi маглi б быць выказаны i ў больш далiкатнай форме, тым болей у прысутнасцi такiх прыгожых дзяўчат.

Зялёнакрылая i сiнякрылая бабкi адарылi камара незвычайна пяшчотнымi поглядамi, ад чаго ён паварушыўся, дрыгнуў лапкамi i вельмi галантна пакланiўся iм.

- Я не люблю ахiнаць праўду ў прыгожыя пустыя словы, а бяру яе так, як яна ёсць, - адказаў авадзень.

- Што гэта ў вас за гармiдар такi? - спытала мурашка i лапкаю абцёрла з iлба гарачы пот. Вiдаць, яна прайшла цяжкую дарогу, перабiраючыся з травiнкi на травiнку па розных кладках, пакуль прыпаўзла сюды.

Чарнавокi конiк у кароткiх словах пазнаёмiў мурашку са зместам агульнай размовы i ў заключэнне спытаў:

- А ваш якi погляд на шчасце?

Мурашка на момант злажыла на галаве дзве пярэднiя лапкi i задумалася. Падумала i сказала:

- Шчасце... Гм... Прызнацца вам, я нiколi не думала аб тым, што такое шчасце. Дый калi мне думаць пра гэта, памяркуйце самi? Выходзiш з дому з адным клопатам: дзе б што знайсцi, як бы найлепш выканаць заданнi калектыву... Стойце! Стойце! Вось-вось крутнулася ў галаве думка, i здаецца, тая самая, якая мне трэба.

Мурашка аж замлела - так моцна яна задумалася. Усе вакол таксама маўчалi, каб не пашкодзiць мурашцы злавiць i замацаваць патрэбную думку. Толькi авадзень скептычна пакруцiў тоўстаю галавою.

- Вось што будзе шчасце! - раптам выпалiла мурашка i села на жывот, заварушыўшы разам усiмi лапкамi. - Шчасце - гэта найлепшае выкананне волi калектыву, жаданне прынесцi сябе ў ахвяру калектыву, усведамленне, што ў яго дабрабыце ёсць частка твае працы; карацей сказаць: шчасце - гэта гармонiя ў тым калектыве, да якога ты належыш.

- А калi я не хачу належаць нi да якога калектыву, дык маю я права шукаць сабе шчасця i быць шчаслiвым? - забубнiў авадзень. - Ведаю я гэтыя калектывы! Мы, аваднi, таксама маем звычку трымацца разам. I што ж? Загудзе наш рой каля якое там каровы або вала, а яны пападымаюць хвасты трубою, ды як памчацца - i бывай здароў! А калектыў толькi аблiзваецца.

- I не дзiва, што памчацца, - прамовiў чырвоны з крапiнкамi матыль. - Ты адзiн як загудзеш, дык страшна робiцца. А што казаць, калi вас збярэцца цэлы рой?

- Вы памыляецеся, авадзень, - сказаў шэршань, - як бы вы нi ўсведамлялi сабе калектыў i яго мэты, як бы асабiста нi глядзелi вы на калектыўны лад жыцця, усё ж такi вы жывяце, вы мусiце жыць у калектыве, i за межамi яго, скажу проста, немагчыма бытаванне асобы!

- Брава, брава, шэршань! - запляскаў лапкамi камар. - Мне незвычайна падабаюцца вашы думкi i спосаб iх выказвання.

У самы разгар камаровага красамоўства пачулася гудзенне, i ўслед за гэтым, як бомба, з'явiўся жук. Не паспелi тут i слова вымавiць, як жук раптоўна ўляцеў у самую сярэдзiну сходу i тут жа, не схаваўшы нават нiжнiх мяккiх крылляў, упаў на спiну i пачаў ад здавалення перабiраць крывымi ножкамi.